Меню
Курс $  3.04 | €  3.64 | ₽100  3.87 |
Погода 3 °C

Талент, памножаны на працу і натхненне

Нясвіжскія навіны 4 месяца назад 0 58

Пост опубликован: 01.01.2025

Наш сённяшні першы паслянавагодні экскурс па культуры Нясвіжчыны мы вырашылі прысвяціць народнаму ансамблю песні “Забава” ААТ “ГАРАДЗЕЙСКI ЦУКРОВЫ КАМБIНАТ”.
Ён быў створаны ў сакавіку 2006 года па ініцыятыве
і пад кіраўніцтвам новага дырэктара Гарадзейскага цэнтра
культуры Вольгі Александровіч (на фота ў цэнтры),
якая дагэтуль працавала тут мастацкім кіраўніком.



Вольга Вікенцьеўна змяніла на гэтай пасадзе вядомага многім работнікам культуры Мiкалая Дзмiтрыевiча Уласіка, і перад ёю паўстала задача не толькі захаваць яго напрацоўкі,
але і зрабіць яшчэ больш цікавым
і насычаным культурнае жыццё пасёлка цукравараў і не толькі яго. Так праз год з’явіўся народны ансамбль песні “Забава”.

Яго ўдзельнікамі сталі спецыялісты і рабочыя ААТ “Гара- дзейскі цукровы камбінат”, работнiкi мясцовага цэнтра культуры. Усiх іх аб’яднала любоў да песеннай творчасцi, жаданне спяваць, і, вядома ж, лідар, завадатар добрай справы, з якога ўсё і пачалося — новы дырэктар. За плячыма Вольгі Александровіч тады быў Полацкi ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга музычна-педагагiчны каледж iмя Францыска Скарыны, але ў год свайго прызначэння на пасаду — 2005-ы — яна паступіла ў Беларускi дзяржаўны ўнiверсiтэт культуры i мастацтваў адразу на другі курс і праз 4 гады атрымала спецыяльнасць “Кіраўнік народнага хору”.
Вось так яны і сталі вучыцца разам: В.В. Александровіч — новай спецыяльнасці, а ўдзельнікі “Забавы” — майстэрству спяваць у ансамблі, чуць і падтрымліваць адно аднаго. У першы склад калектыву ўвайшлі, акрамя яго кіраўніка, Жанна Чучман і Ігар Дубешка (якія спяваюць у ім і зараз), а таксама Аляксандр Борыс, Яўген Гунько, Дзянiс Яцкевіч. Кожны з іх зрабіў свой непаўторны ўнёсак у творчую скарбонку ансамбля, назва якога з’явілася таксама дзякуючы добрай песні.
— Неяк я пачула песню “Забава, забава аж да рання”, — узгадвае пачатак стварэння калектыву Вольга Александровіч, — і падумала: “Якая цудоўная візітная картка для ансамбля! Трэба яго так і назваць — “Забава”.
Гэта ідэя ўсім спадабалася і новы калектыў пачаў заваёўваць публіку. Спачатку ён выступаў на розных святах толькі на пляцоўках пасёлка, затым як калектыў Гара- дзейскага цукровага камбіната стаў вядомым сярод іншых цукровых заводаў краіны, актыўна ўдзельнічаў у культурных мерапрыемствах у Скiдзелі, Жабiнцы, Слуцку. Затым да іх дадаліся Гродна, Маладзечна, Мiнск, Мар’iна горка, Барысаў, Брэст, Капыль, Салiгорск i iншыя. За межамі краіны калектыў прымаў удзел у мерапрыемствах, прысвечаных “Дню цукровага бурака”, у польскіх Мальбургу і Гданьску, у Міжнародным фестывалi краiн СНД і Балтыі “Содружество” ў расійскіх гарадах Растоў-на-Доне (2014 — 2019 гг), Азоў (2015 г.), Ула- дзікаўказ (2016 г.), Вялiкi Ноўгарад (2023 г.), латвійскім Аўцэ (2017 г.).
Менавіта дзякуючы “Забаве” сярод прадпрыемстваў Беларускага канцэрна харчовай прамысловас- ці “Белдзяржхарчпрам”, у склад якога ўваходзіць ААТ “Гарадзейскі цукровы камбінат”, сталі праводзіцца творчыя конкурсы.
У 2017 г. Гарадзейскі цэнтр культуры разам з ансамблем “Забава” перайшоў “пад крыло” аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама і стаў падпарадкоўвацца раённаму цэнтру культуры, але сваю юрысдыкцыю калектыў змяніў ужо са званнем “народны”. Яно было яму прысвоена Пастановай Прэзiдыума Савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі № 149 ад 3 мая 2017 г.
Дарэчы, мала хто ведае, што беларускі кампазітар Фёдар Жыляк з г. Баранавiчы, які супрацоўнічаў з ансамблем “Сябры”, падарыў калектыву яшчэ адну песню з яго назвай — “Заспявай, “Забава!” — на свае музыку і словы, якая выклікае захапленне ва ўсіх, хто яе пачуў.
Яскравы нацыянальны каларыт, прыгожыя касцюмы і пастаянны творчы пошук — вызначальныя рысы гарадзейскага ансамбля. Ён актыўна папаўняе свой рэпертуар і зараз мае некалькі праграм: народную, эстрадную, патрыятычную і ваенна-патрыятычную. Актыўна ўдзельнічае ў мерапрыемствах, якія праходзяць у горадзе і раёне да дзяржаўных свят і памятных дат, да народных свят “Купалле”, “Ілля”, “Дажынкі”, “Калядкi”, “Масленіца”.
За актыўны ўдзел у культурных мерапрыемствах ансамбль быў узнагароджаны Граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Ёсць яго ўклад і ў перамозе зборнага творчага калектыву нашага раёна ў XIX фестывалі народнай творчасці Мінскай вобласці “Напеў зямлi маёй”, што прайшоў летась у Барысаве.
— “Забава” — гэта маё жыццё, — так вызначае свой калектыў яго кіраўнік Вольга Александровіч. — Гэта тое, да чаго я імкнулася ўсе гэтыя гады, да чаго імкнуліся мы ўсе. Мы ўжо адна сям’я, мы не можам існаваць паасобку. Разам падбіраем рэпертуар, разам вырашаем, што і як больш падыдзе нашым галасам, разам хвалюемся за канчатковы вынік, за водгук у публікі. Таму я вельмі ўдзячна ўсім нашым артыстам за любоў да творчасці, а кіраўніцтву РЦК і нашага цукровага камбіната — за дапамогу і падтрымку, якія яны нам кожны па-свойму аказваюць.
Тым жа, чым ансамбль “Забава” з’яўляецца для яго ўдзельнікаў, лепш за ўсё раскажуць яны самі.

Жанна
Чучман:
— Я мясцовы чалавек, нара- дзілася ў Новай Лысіцы, у дзяцінстве пераехала з бацькамі ў пасёлак цукровага камбіната, скончыла Гарадзейскую музычную школу па класе баяна. На любоў да музыкі, напэўна, паўплывала спадчыннасць: мой родны дзядзька — Мікалай Дзмітрыевіч Уласік — у свой час быў дырэктарам Гарадзейскага дома культуры, і я разам з цяперашнім загадчыкам нашага цэнтра культуры Вольгай Александровіч некалі спявала ў яго ў ансамблі “Равеснік”, таму дэвіз “З песняй па жыцці” — сапраўды наш дэвіз. А ў “Забаве” я ўдзельнічаю ад самага яе заснавання. І хаця я не належу да творчых работнікаў нашага цэнтра культуры, удзел у гэтым калектыве — самая сапраўдная любоў майго жыцця, без якой не магу ўявіць свайго існавання. Мы выконваем рознапланавыя творы, і гэта заўсёды нешта новае і цікавае, а кожны выхад на сцэну — маленькая перамога над сабой: стаіш за кулісамі, хвалюешся, а як толькі ступіў крок да гледачоў, думаеш толькі пра тое, як найлепш перадаць ім сваё захапленне песняй і настрой, які яна нясе.

Ігар
Дубешка:
— Лёс склаўся так, што я, як і мае сябры па калектыве, непарыўна звязаны з Гарадзеяй — тут нарадзіўся і, хаця жыву ў Нясвіжы, тут жа, у Гарадзейскім цэнтры культуры, працую культ- арганізатарам. З музыкай таксама сябрую з дзяцінства: скончыў Нясвіжскую музычную школу па класе акардыёна, заўсёды любіў спяваць. І калі наш загадчык Вольга Александровіч агучыла ідэю стварыць вакальны калектыў, я з радасцю падтрымаў яе. Удзел у добрым калектыве, які працуе пастаянна і сур’ёзна — гэта не толькі работа над здольнасцямі, дадзенымі табе ад прыроды, гэта і пашырэнне кругагляду, знаёмства з новымі, цікавымі людзьмі. Каб не канцэрты “Забавы” ў іншых краінах, калі б я яшчэ там пабываў? Напрыклад, мы выступалі ў Паўночнай Асеціі Расійскай Федэрацыі — ва Ула- дзікаўказе і Азове, дзе праходзілі міжнародныя фестывалі народнай творчасці. Там сустракаліся з артыстамі з розных краін — ад Прыбалтыкі да Індыі, — і гэтае знаёмства з іншымі культурамі пакінула незабыўныя ўражанні.
Для мяне ўдзел у “Забаве” — гэта своеасаблівае прызнанне ў любові да нашай Беларусі, таму што ад самага пачатку ў нашых песнях мы апяваем яе прыгажосць, яе старадаўнюю гісторыю, дабрыню нашых людзей. І, на маю думку, менавіта родная зямля — якраз тое, што дае нам сілы для творчасці.

Аляксей
Чарнюк:
— Пайшоў пяты год, як я працую на цукровым камбінаце вадзіцелем. Склалася так, што ў пазамінулым годзе трэба было везці нашу “Забаву” на абласныя дажынкі, дзе яна выступала з канцэртнымі нумарамі. І я ізноў успомніў, што некалі скончыў Нясвіжскую музычную школу па класе баяна, што сам у юнацтве добра спяваў. Нібы адчуўшы гэта, вопытны ўдзельнік калектыву Ігар Дубешка, з якім я даўно быў знаёмы, паклікаў мяне ў ансамбль. Гэту ідэю падтрымала кіраўнік “Забавы” Вольга Александровіч, і ўжо праз два месяцы пасля паездкі на дажынкі я ўпершыню пасля 10-гадовага перапынку зноў выступіў на сцэне на свяце, прысвечаным Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і АПК. Вось ужо год, як я ўваходжу ў склад калектыву. Дзякуючы “Забаве” маё жыццё набыло новыя фарбы, стала намнога больш цікавым. І хаця рэпетыцыі і выступленні, зразумела, патрабуюць часу і сіл, яны не толькі не стамляюць, а наадварот, даюць зарад бадзёрасці, уздымаюць настрой. Цікавыя людзі, яскравыя эмоцыі — гэта такая чалавечая аддушына, якую нічым нельга замяніць. Да таго ж, пасля сольнага спеву перайсці на спеў у ансамблі — гэта асобная гісторыя. Гэта дастаткова складана, але вельмі цікава. І я вельмі ўдзячны сваёй жонцы, з якой мы гадуем траіх дзяцей, за тое, што яна падтрымлівае мяне ў маім захапленні. Гэта надзвычай важна.

Анастасія
Пташнік:
— Гара- дзея — мой родны куток, і мне здаецца, што наша “Забава” — яго сапраўднае ўпрыгажэнне. Я ўжо 12 гадоў працую на камбінаце, але з песняй сябрую з дзяцінства: у школьныя гады спявала ў дзіцячым ансамб- лі ў нашым цэнтры культуры. І калі зразумела, што не хачу развітвацца з творчасцю, папрасілася ў ансамбль сама. На шчасце, мяне прынялі. Мне вельмі падабаецца ўсё, што рыхтуе наш калектыў, асабліва люблю нашу песню “Дзе нарадзіўся, там і прыга- дзіўся”. Для мяне яна нібы сапраўдны маленькі гімн, таму што я вельмі люблю сваю Гарадзею і лічу, што лепшага месца, чым тое, дзе ты нарадзіўся і вырас, на свеце няма. І гледзячы на тое, як маладыя людзі пакідаюць наш пасёлак дзеля вялікіх гарадоў ці ўвогуле іншых краін, хачу, каб гэта песня прымусіла іх задумацца і зрабіць выбар на карысць сваёй малой радзімы, бо дома, як вядома, “і сцены дапамагаюць”.
Я вельмі ўдзячна мужу, які падтрымлівае мяне ў маім захапленні спевамі, і самому лёсу за тое, што ў нас ёсць такі калектыў. Ён дае мне душэўны ўздым, творчае натхненне, зносіны з цікавымі, таленавітымі людзьмі. Кожны канцэрт — гэта цэлы каскад эмоцый, якія можна атрымаць толькі на сцэне.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!