Меню
Курс $  3.02 | €  3.46 | ₽100  3.85 |
Погода 14 °C

Няхай неба заўсёды будзе мірным

Нясвіжскія навіны 2 дня назад 0 9

Пост опубликован: 11.05.2025

Жыхарка пасёлка Новагарадзейскі Вольга Вялічка з’явілася на свет за два гады да заканчэння Вялікай Айчыннай вайны.
— Мы жылі на хутары Макараўшчына, што знаходзіўся каля чыгункі ў накірунку на Баранавічы, — узгадвае Вольга Антонаўна. — Там цяпер стаіць мост. У тым доме, у двухстах метрах ад чыгункі, я і нарадзілася. І жыла блізка ад немцаў. Метраў за 150 ад нас быў нямецкі бліндаж. Калі я ўжо пачала сябе помніць, мы дзецьмі лазілі там — з-пад зямлі быў выхад наверх і з таго выхаду было відаць, як ідзе поезд. Нам, дзецям, гэта было вельмі цікава. Мама казала, што мне было паўтара гады, калі адступалі немцы. На полі за нашым хутарам выкапалі вялікую яму, і ў тую яму мы ўсе хаваліся. А немцы з Завітой бамбілі нас і ўсё разбівалі. Таты тады дома не было, ён быў на фронце. Ён, дарэчы, дайшоў да Берліна і вярнуўся дадому. А яшчэ мама расказвала, як немец пагражаў спаліць наш дом, але нейкім цудам так і не спаліў, як хавалі ад захопнікаў у лагчыне каля чыгункі хатнюю жывёлу.



Страшна было і ў пасляваенны час — у акрузе наводзілі жах банды, якія рабавалі ў мясцовых жыхароў тыя небагатыя пажыткі, якія не забралі немцы. Вольга Антонаўна і зараз памятае, як у хату праз разбітую шыбу залезлі рабаўнікі, адзін з якіх прыставіў да горла яе маці нож, а другі даставаў з шафы ўсё, што там было, і згружаў у мяшкі. Потым суседка ўбачыла, як зладзеі з гэтымі мяшкамі садзіліся на поезд у Ліпе. Да гонару нашай міліцыі, бандытаў затрымалі ў Пагарэльцах і затым судзілі ў Нясвіжы. Усе яны атрымалі тэрміны зняволення, але жах той ночы назаўсёды застаўся ў дзіцячай памяці.
Перажытыя хваляванні і смерць двух маленькіх сыноў падарвалі здароўе маці Вольгі Антонаўны — яна пайшла з жыцця, калі тры яе дачкі былі яшчэ зусім маладымі дзяўчатамі.
Сама ж мая суразмоўца шчасця далёка не шукала — засталася на роднай зямлі, 35 гадоў жыцця прысвяціла рабоце дэфекасатуратара на Гарадзейскім цукровым камбінаце, нарадзіла і выхавала двух сыноў і дачку, мае шэсць унукаў і чатыры праўнукі.
— Цяперашнюю работу на маім месцы не параўнаць з колішняй, — гаворыць Вольга Антонаўна, узгадваючы свае працоўныя гады. — Вельмі шмат было ручной працы. А не можаш рукамі — бяры лом. А цяпер ужо ўсё камп’ютэрызавана, усё на кнопачках. Неяк сама вырашыла схадзіць на завод, пагля-дзець, як там без мяне працуюць. То была ўражана — намнога лягчэй. Адно, што некалі я працавала з васьмі раніцы да пяці вечара, а цяпер мае таварышы па працы занятыя па 12 гадзін — з васьмі да васьмі. Вось гэта ўжо не так лёгка. Аднак, як бы там ні было, прагрэс відавочны. Вядома, у кожным часе ёсць свае цяжкасці, але самае галоўнае, што мае дзеці і ўнукі нарадзіліся пад мірным небам. І няхай яно заўсёды будзе такім.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
Фота Дарыны МІТРАКОВАЙ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!