У мастацкай галерэі “Мара” адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы Уладзіміра Пракапцова “Мая Беларусь”, прысвечанай 80-годдзю Вялікай Перамогі.
Аўтар выставы — асоба вельмі шматгранная і знакавая: заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, кандыдат мастацтвазнаўства, ганаровы прафесар Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, ганаровы акадэмік Расійскай акадэміі мастацтваў, ганаровы генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея, які кіраваў гэтай установай з 1998 па 2023 год. У. І. Пракапцоў аб’яднаў у сабе тры іпастасі — мастака, мастацтвазнаўцы і выдатнага спецыяліста ў музейнай справе.
На пытанне, як удавалася сумяшчаць занятак творчасцю і шматлікія абавязкі кіраўніка галоўнага музея краіны, ён шчыра адказаў, што гэта было вельмі няпроста.
— Бывала, я маляваў прама ў кабінеце. Часта прыходзіў на работу і ў суботу, і ў нядзелю, — ўзгадвае той час Уладзімір Іванавіч. — Шмат сіл ішло на будоўлю музейнага квартала, рэстаўрацыю і падрыхтоўку экспазіцыі Мірскага замка, які 23 гады быў нашым філіялам, падтрыманне высокага ўзроўню самога Нацыянальнага мастацкага музея — усё нават пералічыць цяжка. А яшчэ мне трэба было размаўляць з мастакамі на адной мове, таму хацелася пазіцыяніраваць сябе і як мастака, і як мастацтвазнаўцу.
І гэта аўтару выставы таксама ўдалося: ён заснаваў серыю выданняў “Славутыя мастакі з Беларусі”, у якой распавядаецца пра творцаў, якія нарадзіліся ў Беларусі. Ужо выдадзена 46 такіх кніг, і плануецца давесці іх колькасць як мінімум да 50.
У апошнія два гады, калі ўжо стала дастаткова часу для творчасці, Уладзімір Іванавіч заняўся ёю з новым імпэтам. І ізноў жа гэта творчасць не толькі мастацкая, але і літаратурная: зараз ён працуе над кнігай “Аўтапартрэт на фоне музея”, а ў мастацкіх планах — партрэты бацькі і маці мастака.
Нясвіжскія ж гледачы зараз могуць убачыць 25 карцін Уладзіміра Пракапцова, тры з якіх экспануюцца ўпершыню. Гэта “Провады ветэрана. Памяці бацькі”, “Суладдзе зямного і нябеснага. Памяці Веры” і “Дарога дадому”.
Бацька мастака, Іван Пятровіч Пракапцоў, быў ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, і ў жніўні гэтага года споўніцца 100 гадоў з дня яго нараджэння. Менавіта бацьку Уладзімір Іванавіч прысвяціў твор “Провады ветэрана”. Ён у многім сімвалічны: на ім няма людзей, але па яркіх вокнах простай вясковай хаты, што гараць у начной цемры, становіцца зразумела, што ў гэтай хаце не спяць, тут развітваюцца з чалавекам, які гэту хату пабудаваў, абараніў ад чужынцаў родную зямлю і даў жыццё сваім дзецям… Мастак добра памятае гэты дзень — 16 верасня 2003 года, — калі яго бацьку праводзілі ў апошні шлях.
Партрэт “Памяці Веры” прысвечаны жонцы Веры Паўлаўне, доктару мастацтвазнаўства, прафесару, якая 42 гады працавала ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, стварыла сваю навуковую школу кампаратыўнага мастацтва, унесла значны ўклад у развіццё беларускай навукі і нацыянальнай культуры.
Твор “Дарога дадому” — гэта філасофскі роздум мастака на фоне роднага дома ў вёсцы Жгунская Буда Добрушскага раёна пра наша жыццё на зямлі, сваю Бацькаўшчыну, свае карані.
Сярод прадстаўленых работ, якія ахопліваюць перыяд ад студэнцкіх гадоў мастака да апошняга часу, карціны розных жанраў: пейзажы, нацюрморты, партрэты, эпічныя палотны. Пра іх можна расказ- ваць бясконца, але лепш адзін раз пабачыць, каб пранікнуцца веліччу “Рушчыцаўскай горкі”, задуменнасцю “Настальгіі”, шчымлівасцю “Самотнасці”, святочнасцю фарбаў “Гармоніі”, загадкавасцю “Таемнасці” і ўсімі без выключэння работамі, кожная з якіх вызначаецца нейкай асаблівай густоўнасцю і адначасова філасофскай глыбінёй, сваёй, непаўторнай колеравай гамай — ад пяшчотна-далікатна-светлай да насычана-сакавіта-цёмнай.
У экспазіцыі таксама можна ўбачыць кнігі У.І. Пракапцова, прысвечаныя вядомым майстрам Беларусі — Станіславу Жукоўскаму, Вітольду Бялыніцкаму-Бірулі, Фердынанду Рушчыцу і іншым, якія ўвайшлі ў створаную ім серыю выданняў “Славутыя мастакі з Беларусі”.
Творы У.І. Пракапцова знаходзяцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Беларускага саюза мастакоў, Нацыя- нальнага цэнтра сучасных мастац- тваў Рэспублікі Беларусь (Мінск), Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П.В. Масленікава, Гомельскага абласнога палацава-паркавага ансамбля Румянцавых-Пас- кевічаў, Полацкага нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, Дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку, Добрушскага і Лепельскага раённых краязнаўчых музеяў, у Нацыянальным мастацкім музеі г. Чунціна (КНР), Нацыянальным мастацкім музеі Кітая ў Пекіне, прыватных калекцыях.

Падчас адкрыцця выставы
У. І. Пракапцоў за асабісты ўклад у развіццё нацыянальнай культуры і мастацтва ўдастоены звання “Ганаровы грамадзянін г. Добруша” і “Ганаровы грамадзянін Лепельскага раёна”.
Выстава працягнецца да 20 ліпеня. Не прапусціце!
- “Старыя гнёзды”
- “Па-над Прыпяццю”
- “Гармонія”
- “Рушчыцаўская горка”
- “Таемнасць”
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
На галоўным фота: аб Уладзіміры Пракапцове і яго выставе расказвае дырэктар галерэі “Мара” Ларыса Бортнік.