Меню
Курс $  3.16 | €  3.68 | ₽100  4.03 |
Погода 15 °C

Малады запал і любоў да прафесіі.

2 часа назад 0 7

Пост опубликован: 27.06.2025

Ураджэнка Гарадзеі Кацярына Слепчанка яшчэ ў школьныя гады вырашыла, што звяжа сваё жыццё з медыцынай, каб дапамагаць людзям аднаўляць сваё здароўе. Што можа быць больш высакароднай марай? Напэўна, нічога — так падумае кожны з нас.

Для ажыццяўлення гэтай мары яна пасля 9 класаў роднай першай Гарадзейскай школы паступіла ў Нясвіжскую гімназію, у профільны хіміка-біялагічны клас, які паспяхова скончыла ў 2014 годзе. З работай у медыцыне гераіня гэтага аповеду часткова была знаёма дзякуючы працы сваёй мамы — фельчара-лабаранта Гарадзейскай гарадской бальніцы. Але, па яе ўласным прызнанні, галоўную ролю ў выбары прафесіі адыграла яе асабістае жаданне працаваць з людзьмі і дапамагаць ім.



Набытыя ў гіміназіі глыбокія веды дапамаглі паступіць у Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт па накіраванні ад Нясвіжскай ЦРБ.

— Пяць гадоў мы вучымся аднолькава, — расказвае мая суразмоўца пра час вучобы. — А потым трэба выбіраць спецыялізацыю. Калі надышоў гэты час, я ўсё прааналізавала і выбрала афтальмалогію як самы цікавы для сябе накірунак медыцыны.

Незаўважна прайшло чатыры гады, як пасля інтэрнатуры ў Мінскай абласной бальніцы Кацярына Слепчанка працуе ў ЦРБ. За гэты час яна заваявала павагу ў пацыентаў і аўтарытэт у кіраўніцтва лячэбнай установы.

У абавязкі Кацярыны Мікалаеўны ўваходзіць дыягностыка і лячэнне захворванняў органаў зроку, правядзенне прафаглядаў.

— З адкрыццём новай паліклінікі нам закупілі новае абсталяванне, — з задавальненнем адзначае малады доктар. — Яно самае сучаснае, з выдатнымі дыягнастычнымі магчымасцямі, бо дазваляе выявіць не толькі ўсе захворванні органаў зроку, але і нават падазрэнні на іх. Вастрыня зроку, ціск унутры вока, аўтарэфрактаметрыя, перыферычныя палі зроку — усё гэта і іншае мы правяраем і ацэньваем на наяўнасць паталогіі.

Дарэчы, менавіта ў кабінеце К. М. Слепчанка стаіць знакаміты прыбор “Фундус-лінза”, для работы на якім яна прайшла спецыяльныя курсы. Малады запал і зацікаўленасць у сваёй прафесіі — так можна коратка ахарактарызаваць работу маладога ўрача.

Дарэчы, Кацярына Мікалаеўна — пастаянная чытачка нашай газеты, якую даўно выпісваюць яе бацькі.

— У нашай “раёнцы” многа цікавага, — заўважыла яна падчас нашай размовы. — Я чытаю ў ёй амаль усё. Асабліва ўважліва, вядома, праглядваю матэрыялы, якія тычацца нашай бальніцы. Заўсёды прыемна ўбачыць на старонках газеты сваіх калег ці артыкулы на медыцынскія тэмы. Яшчэ цікава пачытаць і матэрыялы пра моладзь нашага раёна — чым яна жыве, як працуе і адпачывае.
Напрыканцы малады ўрач пажадала ўсім чытачам “НН” моцнага здароўя, любові да жыцця і, канечне ж, — вострага зроку!

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!