Меню
Курс $  3.13 | €  3.7 | ₽100  4 |
Погода 19 °C

І воін, і настаўнік. Фёдар Анікеевіч Паўлюкевіч

11 часов назад 0 2

Пост опубликован: 02.07.2025

20 гадоў таму Нясвіжскі райвыканкам выпусціў кнігу ўспамінаў ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, прымеркаваную да 60-годдзя Перамогі. Называецца яна “Паклонімся вялікім тым гадам…”.

Не раз перачытвала гэты помнік-успамін, і на фатаграфіях удзельнікаў вайны пазнавала знаёмых людзей. Сярод іх ёсць фота і любімага настаўніка Фёдара Анікеевіча Паўлюкевіча, які выкладаў фізкультуру ў Сноўскай СШ, калі я там вучылася ў старэйшых класах. Ён ставіўся да нас з бацькоўскім клопатам, быў карэктным і ўважлівым. Навучыў школьнікаў многім спартыўным відам. Памятаю, з якой ахвотай мы гулялі ў валейбол, лазілі па канаце, хадзілі па бервяне. Урокі фізкультуры я заўсёды чакала з нецярпеннем, як сустрэчу з добрым чалавекам. А калі мы хадзілі зімой на лыжах, Фёдар Анікеевіч навучыў асабліваму кроку, які падабаўся ўсім.



Памятаю і такі выпадак. Адна вучаніца пакінула школу ў 9-м класе. Ф. А. Паўлюкевіч пайшоў у вёску, дзе яна жыла, угаворваў вярнуцца. Перажываў, хацеў, каб дзяўчына вучылася далей і стала паўнацэнна адукаваным чалавекам.

На жаль, тады мы не ведалі, што наш настаўнік у час вайны быў гераічным абаронцам Айчыны.

Нарадзіўся ён на хутары Казловіцкага сельсавета Слуцкага раёна. Да вайны працаваў у калгасе паляводам. У 1944 годзе юнака прызвалі ў армію і залічылі ў 291-ы гвардзейскі полк стралком-аўтаматчыкам. І пачаліся ваенныя дарогі: па старым Кацярынінскім тракце гналі немцаў ад Слуцка праз Навінкі, Сіняўку да Буга, які фарсіравалі ў раёне сучаснага пераходу Казловічы, і ўступілі на тэрыторыю Польшчы. Да Варшавы не дайшлі, таму што 28-ю армію перадалі Беларускаму фронту, які наступаў у Літве, каб прарваць прускую граніцу і весці баі на нямецкай тэрыторыі. Гэта былі страшныя дні і ночы. Пры ўзяцці Кенігсберга загінула шмат савецкіх воінаў. Ф. А. Паўлюкевіча параніла ў галаву, але мужны салдат не пакінуў поле бою.

Незабыўным для яго, ды і ўсіх таварышаў па зброі, стаў сумны факт гібелі любімага салдатамі генарала арміі Івана Данілавіча Чарняхоўскага. Бачылі, як ён праязджаў недалёка ад пазіцый, а назаўтра быў смяротна паранены.

У сакавіку 1945 года Ф. А. Паўлюкевіч ваяваў у складзе І Украінскага фронту, які ішоў на штурм Берліна. Мінамётчык Паўлюкевіч назаўсёды запомніў ліквідацыю 27-тысячнай групоўкі нямецкіх войск, а савецкіх салдат налічвалася 7 тысяч. Хаця армія наша таксама панесла страты: са 150 чалавек асабовага саставу мінамётнай роты засталося ў жывых 16. Пасля Берліна перайшлі Карпаты і ўступілі на тэрыторыю Чэхаславакіі. 8 мая пад Прагай Фёдара Паўлюкевіча параніла ў нагу. Дзень Перамогі ён сустракаў каля горада Стары Баляслаў на Эльбе ў званні старшага сяржанта.

За ўдзел у баявых дзеяннях і праяўленую мужнасць узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені, медалямі “За адвагу”, “За ўзяцце Кенігсберга” “За ўзяцце Берліна”,” За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.”, юбілейнымі знакамі.

Пасля вайны працаваў настаўнікам Казловіцкай сямігодкі Слуцкага раёна, затым ваенруком і выкладчыкам фізічнага выхавання Сноўскай СШ, намеснікам дырэктара па вытворчым навучанні і вучэбна-выхаваўчай рабоце, дырэктарам Сноўскага міжшкольнага вучэбна-вытворчага камбіната. За выдатныя поспехі на адукацыйнай ніве ўчарашні франтавік Ф. А. Паўлюкевіч атрымаў заслужанае званне “Выдатнік асветы СССР”, “Выдатнік народнай асветы БССР”, узнагароджаны медалямі “За доблесную працу” і “Ветэран працы”.

Я ганаруся, што ведала гэтага цудоўнага чалавека, адважнага воіна і выдатнага педагога.

Раіса ХВІР.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!