Меню
Курс $  3.16 | €  3.66 | ₽100  4.03 |
Погода 28 °C

Тры ордэны Захара Паўлавіча Петрачкова — за пераможны шлях да Эльбы

1 день назад 0 17

Пост опубликован: 02.07.2025

Сярод франтавікоў, якія вызвалялі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — Захар Паўлавіч Петрачкоў, ураджэнец Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці, пасля вайны — жыхар Нясвіжскага раёна. Людзі старэйшага пакалення добра яго ведалі і памятаюць.


Ратны подзвіг Захара Паўлавіча Петрачкова адзначаны ордэнам Чырвонай Зоркі — за пераможны бой пад Быхавам, ордэнам Чырвонага Сцяга — за разгром фашыстаў у “Мінскім катле”, ордэнам Вялікай Айчыннай вайны 1-й ступені і медалём “За адвагу” — за праяўленыя адвагу, мужнасць і стойкасць у барацьбе з ворагам.




У 1946 годзе Захар Паўлавіч пачаў працаваць інспектарам школ нашага раёна. У 1948 — 1979 гадах узначальваў Пагарэльцаўскую, Сноўскую, Ланскую сярэднія школы. У 1964 годзе педагогу было прысвоена званне заслужанага настаўніка Беларусі. Быў ён таксама сакратаром партыйнага камітэта калгаса імя Калініна (цяпер СВК “Агракамбінат Сноў”). Камуніст Петрачкоў заўсёды знаходзіўся сярод людзей. Як кіраўнік пярвічнай арганізацыі таварыства “Веды” ў калгасе “Ленінскі шлях” (цяпер ААТ “Лань-Нясвіж”), часта выступаў у калектывах, перад жыхарамі, растлумачваў палітыку партыі і ўрада. Вучням у школе апавядаў пра вайну, пра свой баявы шлях, вучыў шанаваць памяць пра тых, хто загінуў у Вялікую Айчынную, часцей сустракацца з ветэранамі, якія вярнуліся дамоў з поля бою, слухаць іх успаміны і добра ўсведамляць, што такое вайна, колькі гора яна прынесла. Урокі гісторыі, якую выкладаў, былі цікавымі, будаваліся на жыццёвых прыкладах настаўніка.

Захар Паўлавіч часта выступаў на старонках раённай газеты “Чырвоны сцяг” — і як ветэран вайны, і як прапагандыст. Мы, журналісты, неслі яго словы ў масы. Я перачытала ўспаміны ветэрана, што друкаваліся ў 60-я — 80-я гады. Яны — летапіс лёсу, летапіс жыцця, на частку якога прыйшлася самая кровапралітная вайна ў гісторыі чалавецтва. Пагутарыла з сынам ветэрана, Міхаілам Захаравічам, які ўнёс некаторыя падрабязнасці ў агульную канву аповеду, падзякаваў за тое, што памятаем, што пішам.

Салдатам Захар Петрачкоў стаў, з’яўляючыся студэнтам другога курса Магілёўскага педагагічнага інстытута. Яго прызвалі ў Чырвоную Армію ў 1939-м. Служыў навабранец у сталіцы Арменіі — Ерэване. Кожны дзень настойліва авалодваў новымі ведамі ў ваеннай справе. Служыў на граніцы з Турцыяй.

22 чэрвеня 1941 года пачалася Вялікая Айчынная вайна.

Першае баявое хрышчэнне малады салдат, знішчальнік танкаў, прыняў на Паўднёвым фронце, пад Таганрогам. Потым іх часць перакінулі на Крымскі фронт. “Баі там ішлі вельмі жорсткія. Фашысты мелі перавагу ў самалётах і танках, але і мы, нават сцякаючы крывёю, наносілі ім смяротныя ўдары. Я служыў у знішчальным супрацьтанкавым батальёне і заўсёды знаходзіўся на перадавой пазіцыі”, — успамінаў Захар Паўлавіч у мірны час. Засталося ў памяці і як фарсіравалі Сіваш, і як выходзілі з акружэння. У той схватцы з ворагам яго моцна параніла. Больш за месяц лячыўся ў шпіталі. А пасля салдат ізноў накіраваўся на фронт. Ваяваў у асобнай супрацьтанкавай роце 1264 стралковага палка 380-й Арлоўскай дывізіі.

Разгром нямецкіх войск летам 1943 г. на Курска-Арлоўскай дузе дазволіў Чырвонай Арміі перайсці ў стратэгічнае наступленне і ў верасні распачаць шырокамаштабную вызваленчую аперацыю. Захар Петрачкоў вёў баі ўжо на беларускай зямлі. Вызваляў родную Магілёўшчыну. Асабліва складанай была зіма 1944 года.

Войскі ІІ Беларускага фронту, дзе служыў герой гэтага аповеду, вызваляла Быхаўскі раён. Па яго тэрыторыі лінія фронту праходзіла болей за сем месяцаў, там ішлі цяжкія, знясільваючыя баі. Іменна за бой пад Быхавам, няроўны, але паспяховы, Захар Петрачкоў быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Адбывалася там усё наступным чынам. Яны добра падрыхтаваліся, занялі выгадную пазіцыю, каб сустрэць ворага дастойна. На світанні на ўмацаванні пайшлі нямецкія “Пантэры”. Чырвонаармейцы знішчалі іх прамой наводкай. Вось як апісаны яго подзвіг ва ўзнагародным лісце: “У момант баёў 26 сакавіка 1944 года за вышыню 169,5 Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці тав. Петрачкоў з ружжа ПТР знішчыў дзве агнявыя кропкі праціўніка і 6 немцаў”.

Летам 1944-га чырвонаармейцы ішлі далей у наступленне. Днепр фарсіравалі паўднёвей Магілёва. Перарэзалі дарогу Магілёў — Мінск, і вораг не мог дастаўляць сюды падмогу. “Мне пашчасціла вызваляць родную Беларусь, — расказваў Захар Паўлавіч. — Ішоў па Магілёве, бачыў яго разваліны. Сустрэў сяброў, з якімі разам вучыўся”.

Па Магілёве вызваліцель прайшоў 28 чэрвеня 1944 года. Потым былі Клічаў, Беразіно, Чэрвень… Салдат ішоў наперад, каб помсціць ворагу за разбураныя гарады, за таварышаў, што загінулі. А наперадзе чакалі баі з нямецка-фашысцкімі войскамі, якія апынуліся ў “Мінскім катле”. Тыя рваліся напралом, толькі б выйсці з акружэння. У раёне чэрвеньскіх лясоў Захар Петрачкоў з аднапалчанамі агнявым ударам разбіў адно такое фарміраванне, якое некалькі разоў спрабавала прарвацца з ціскоў Чырвонай Арміі. Каля ста палонных, а гэта былі немцы, італьянцы і ўласаўцы, Захару Петрачкову даручылі адвесці ў тыл — бралася пад увагу, што ён размаўляў па-нямецку. У дапамогу выдзелілі трох салдат.

Пасля гэтых баёў іх полк рушыў далей на захад, па маршруце Рубяжэвічы — Дзераўное — Шчорсы. У лясах вылоўлівалі рэшткі варожых салдат. Захар Петрачкоў адводзіў іх у тыл.

За баявыя поспехі падчас ліквідацыі “Мінскага катла” Захара Паўлавіча ўзнагародзілі ордэнам Чырвонага Сцяга і медалём “За адвагу”.

8 ліпеня яны вызвалілі Навагрудак, 13 ліпеня — Масты. У Мастах давялося ў трэці раз фарсіраваць Нёман. Але ніякія перашкоды, ніякія цяжкасці не спынялі. Баі вяліся ўжо на польскай тэрыторыі. 24 ліпеня ад акупантаў быў вызвалены горад Сакулкі, 14 жніўня — горад Асавец. 13 верасня ўвайшлі ў Ломжу.

Затым былі Познань і Гданьск. Заканчваўся сакавік 1945 года. Батальён, у якім служыў Петрачкоў, удзельнічаў у разгроме групоўкі праціўніка ў Кёнігсбергу, дзе фашысты супраціўляліся асабліва шалёна. 9 красавіка горад быў узяты. 26 красавіка фашыстаў выбілі з Шчэціна. У першыя дні мая сустрэліся на Эльбе з салдатамі экспедыцыйных войск антыгітлераўскай кааліцыі. Пасля наступіў дзень Вялікай Перамогі.

За мужнасць і адвагу, праяўленыя ў барацьбе з ворагам, наш герой быў адзначаны таксама ордэнам Вялікай Айчыннай вайны 1-й ступені.

Захар Паўлавіч падкрэсліваў: “Моцная салдацкая дружба з’явілася тым стрыжнем, які аб’яднаў нас на перамогу. Рускія, беларусы, украінцы, узбекі, армяне… Усе былі адзінай брацкай сям’ёй. Імклівы націск нашых войск не даваў ворагу перадышкі. Мы змагаліся за нашу Радзіму, за нашых бацькоў і маці. Крыўдна, што ў наш час знаходзяцца гора-гісторыкі, якія скажаюць праўду пра вайну. Не! Савецкая Армія перамагла ворага!”.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!