Працоўны шлях настаўніцы пачатковых класаў Марыны Бурновіч пачаўся 37 гадоў таму ў Ланскай сярэдняй школе. Туды яна прыйшла пасля заканчэння Нясвіжскага педагагічнага каледжа. Педагог прызнаецца, што ніколі б і не падумала, што ў яе працоўнай кніжцы будзе запіс толькі з аднаго месца работы.
— Мне падабаецца быць настаўніцай, і я шчыра, усім сэрцам люблю сваю работу і тую ўстанову адукацыі, у якой працую, сваіх вучняў, — кажа Марына Уладзіміраўна. — Мне прыемна працаваць з дзецьмі, і я заўсёды іх разумею. Быць настаўнікам пачатковых класаў — спецыфічная педагагічная дзейнасць. Вялікі шлях кожнага дзіцяці ў краіну ведаў пачынаецца з першага ўрока. Далей — вялікае мноства вучэбных дысцыплін, настаўнікаў, выкладчыкаў… Але ўсё пачынаецца з першага настаўніка. І многае залежыць, сапраўды, ад таго, які ён. За мой педагагічны шлях я навучыла не адно пакаленне. Гэта вельмі прыемна, але і незвычайна.
Найвялікшы сакрэт поспеху, па меркаванні Марыны Бурновіч,— у добрых і душэўных адносінах да сваіх вучняў, ва ўменні і жаданні іх зразумець. І ў прыняцці кожнага дзіцяці такім, якое яно ёсць.
Настаўніца верыць у тое, што дабро, падоранае дзецям, абавязкова вернецца.
— Ведаеце, жыццё ўвогуле — не самая простая рэч, — дзеліцца Марына Уладзіміраўна. — Мы не можам ведаць, якія выпрабаванні яно можа прынесці. Няхай мае вучні пранясуць тую цеплыню, якую я ім дала, праз гады і перададуць іншым. Кожнае новае пакаленне адрозніваецца ад папярэдняга, і гэта ні для каго не сакрэт. Сучасныя дзеці больш мабільныя, яны хутчэй разбіраюцца ў новай тэхніцы. І настаўнік павінен пастаянна ўдасканальвацца, развівацца. Ён павінен заставацца цікавым для дзяцей. Вучні сталі менш чытаць, і для мяне як для настаўніка з немалым стажам гэта крыху трывожна. Але дзеці ва ўсе часы дзеці. Іх трэба любіць і разумець — гэта галоўнае і самае істотнае. Неталенавітых дзяцей няма — гэта факт. Проста трэба хацець і ўмець адкрываць і развіваць схільнасці і таленты кожнага.
Марына Бурновіч усёй душой любіць сваю работу і бачыць у ёй толькі адзін недахоп: чатыры гады пачатковай школы праходзяць вельмі хутка, і цяжка адпускаць сваіх вучняў.
— Сапраўды цяжка развітвацца з тымі дзецьмі, з якімі прайшоў пэўны шлях, якіх вёў на першы ў жыцці ўрок, — кажа настаўніца. — Пасля кожнага выпуска вельмі сумую. Мне здаецца, што ад мяне пайшлі самыя лепшыя дзеці на свеце. Але прыходзяць другія і ўсё пачынаецца нанава. Такая настаўніцкая доля, такі закон жыцця…
А яшчэ Марына Бурновіч — пастаянная чытачка раённай газеты. Ужо не адно дзесяцігоддзе яе сям’я выпісвае наша выданне.
— Можна сказаць, што з “раёнкай” я з самага дзяцінства, — успамінае чытачка. — Я помню, як яе выпісвалі бацькі, тады гэта быў “Чырвоны сцяг”. Раней кожная сям’я выпісвала шмат перыёдыкі, але раённую газету — абавязкова. Мне прыемна, што любімая газета развіваецца, змяняецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу. Але нязменнай у ёй застаецца якасць матэрыялаў. Мне цікава чытаць аб усім: пра падзеі, якія адбыліся ў раёне, пра землякоў. Прыемна пабачыць на яе старонках сваіх знаёмых, сваіх выпускнікоў, калег. Відавочна, што гэта газета пра людзей і для людзей.
Ірына ЕФІШОВА.