Меню
Курс $  3.17 | €  3.62 | ₽100  4.06 |
Погода 22 °C

Кірмаш дасягненняў і памяці

20

Пост опубликован: 16.07.2025

У суботу, 12 ліпеня, мемарыяльны комплекс “Курган Славы” зноў стаў месцам вялікай культурнай падзеі: тут дзейнічала выстава-прэзентацыя, якая аб’ядноўвала лепшыя дасягненні Нясвіжскага і Мядзельскага раёнаў.

Арганізатары падрыхтавалі для гасцей вялікую колькасць тэматычных пляцовак — ад прамысловасці і гандлю да культуры, адукацыі і аграпрамысловага комплексу. Свае экспазіцыі прадставілі ААТ “ГАРАДЗЕЙСКІ ЦУКРОВЫ КАМБІНАТ”, “Нясвіжскія Астроўкі”, “Лань-Нясвіж”, “Грыцкевічы”, ДП “ЭБ “Свеклавічная”, СП ТАА “Фармлэнд”, прадстаўнікі сфер культуры і адукацыі — усе яны не толькі прадстаўлялі выставы прадукцыі, але і дэманстравалі свае таленты і гасціннасць.



Так, ААТ “Грыцкевічы” прадставіла выдатныя паўфабрыкаты — фаршыраваныя курыныя ножкі, біточкі, блінчыкі з розным начыннем і выпечку, якія робяць павары гаспадаркі, а таксама піражкі з розным начыннем, пясочнае пячэнне, разнастайныя булачкі. Стол атрымаўся багаты і прыгожа аформлены, а ўтульная фотазона побач толькі дадавала цікавасці да падворка гаспадаркі. Такімі ж багатымі і хлебасольнымі былі і лакацыі “Нясвіжскіх Астровак”, дзе былі прадстаўлены прысмакі, вырабленыя паварамі сельгаспрадпрыемства, і мясная прадукцыя перапрацоўчых прадпрыемстваў, на якія здаецца прадукцыя жывёлагадоўчай галіны гаспадаркі, “Свеклавічнай”, якая прадэманстравала прадукцыю мясной перапрацоўчай галіны сваёй гаспадаркі — каўбасу з ялавічыны “Традыцыі Беларусі”, свіныя каўбасы “Дамашнюю” і “Легенду”, далікатнае мясцовае сала, грудзінку і іншае, “Лані-Нясвіжа”, дзе былі таксама прадстаўлены мясцовыя мясныя прысмакі і выпечка.

Увагу гасцей падворкаў нясвіжскіх сельгаспрадпрыемстваў таксама прыцягвалі яскравыя фотазоны.

Шмат цікаўных сабралі таксама лакацыі Гарадзейскага цукровага камбіната і фармацэўтычнага прадпрыемства “Фармлэнд”. Цукравары прадставілі некалькі відаў цукру, які выпускае прадпрыемства — “Ледзянцовы”, цукар з мятай і карыцай, цукровую пудру з ваніллю і карыцай, а таксама прадукцыю фруктовага цэха — разнастайныя канфіцюры, джэмы, фруктовыя дэсерты, навінку — макавую начынку, — карамельны і шакаладны топінгі і прадукцыю Стаўбцоўскага філіяла камбіната — сокі і нектары, якія ўтрымліваюць пекцін, вельмі карысны для стрававання.
СП ТАА “Фармлэнд” і ТАА “Фармлэнд БІО” прадставілі ўзоры сваіх прэпаратаў — безрэцэптурных лекаў і біялагічна актыўных дадаткаў адпаведна. Калі СП ТАА “Фармлэнд” даўно вядома як вытворца 140 з лішкам рэцэптурных і безрэцэптурных прэпаратаў кардыялагічнага, наўралагічнага і тэрапеўтычнага накірунку, то ТАА “Фармлэнд БІО” — маладая вытворчасць, якая спецыялізуецца на вітамінах і біядадатках. Пра іх карысць наведвальнікам фармацэўтычнай лакацыі цікава расказвалі прадстаўнікі прадпрыемстваў.

Як вядома, вытворчасць на СП ТАА “Фармлэнд” ідзе пад кантролем галандскага інвестара і сыравіна ў некаторых прэпаратах — поўнасцю імпартная.

На тэматычнай пляцоўцы Нясвіжскай друкарні імя Сымона Буднага, акрамя знаёмства з прэзентацыяй прадукцыі прадпрыемства, можна было паўдзельнічаць у акцыях “Лісты памяці” і “Іх імёны ў гісторыі”.

Сферу культуры нашага раёна прадставілі Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”, Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей і Нясвіжская цэнтральная раённая бібліятэка імя Паўлюка Пранузы.

На лакацыі музея-запаведніка госці мерапрыемства маглі пазнаёміцца з багатай гісторыяй і культурнай спадчынай нашага краю, а таксама набыць унікальную сувенірную прадукцыю, створаную спецыяльна для музея. У асартыменце былі вырабы ручной работы, сувеніры з сімволікай музея-запаведніка “Нясвіж”, кнігі, паштоўкі і многае іншае.

Лакацыя Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея прапаноўвала, акрамя інформацыі аб самім музеі, майстар-клас ганчарнай майстэрні, дзе кожны жадаючы мог паспрабаваць сябе ў ролі ганчара на ганчарным крузе і адчуць, як пад сваімі рукамі гліна ператвараецца ў керамічны выраб. Таксама дзякуючы інтэрактыўнай гульні “Парушаючы цішыню” можна было больш даведацца аб музеі і знайсці тыя пяць прычын, па якіх варта яго наведаць, купіць сувенірную прадукцыю, а таксама даведацца пра стварэнне і развіццё керамічнай майстэрні музея.

Фотазону, прысвечаную 80-годдзю Вялікай Перамогі, і кніжную выставу з мастацкай і дакументальнай літаратурай, прысвечанай гэтай тэме, прадставіла Нясвіжская цэнтральная раённая бібліятэка імя Паўлюка Пранузы. Для юных наведвальнікаў сваёй лакацыі бібліятэка падрыхтавала інтэрактыўныя гульні і размалёўкі, на якіх можна было расфарбаваць віды Нясвіжа.

Шмат цікавага для юных наведвальнікаў выставы-прэзентацыі на Кургане Славы падрыхтавала лакацыя цэнтра дзіцячай творчасці нашага раёна. Яго работнікі прапанавалі выставу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва педагогаў і навучэнцаў цэнтра — карціны з войлака, картанаж, ніткаграфію, пластылінаграфію, вязаныя цацкі, настольныя гульні рознай тэматыкі, а таксама сувенірную прадукцыю, вырабленую на 3D-прынтэры. Тут жа дзейнічала і гульнёвая пляцоўка ад дзіцячага сада №1 г. Нясвіжа “Чарадзейная краіна”.

 

Уражаннямі ад нясвіжскіх лакацый з карэспандэнтам “НН” падзяліліся некаторыя іх наведвальнікі.

Кірмаш дасягненняў і памяці

Ірына, г. Мінск:
— Мы ўжо не першы раз наведваем выставы на Кургане Славы. Нам тут вельмі падабаецца: прыемна сустракацца з добразычлівымі людзьмі, даведвацца нешта новае. Сёння было цікава пазнаёміцца з магчымасцямі санаторыяў Мядзельскага раёна, пагуляць у гульні, прадэгуставаць прадукцыю Гарадзейскага цукровага камбіната.

Да мамы далучылася і яе дачка Дар’я:
— Мне вельмі падабаюцца выставы на Кургане славы, і выстава Нясвіжскага раёна спадабалася асабліва. Мы пагулялі ў настольныя гульні, паспрабавалі нешта новае, пасмяяліся, пафатаграфаваліся, успомнілі мінулае. Мне вельмі спадабалася сёння!


Кірмаш дасягненняў і памяці

Святлана і Уладзіслаў Краўчанка, г. Мінск:
— Мы былі на выставах на Кургане Славы ў мінулым годзе. Нам вельмі спадабалася, і мы вырашылі сёлета прыехаць сюды зноў. Тут вельмі прыемная, дружалюбная атмасфера, усе вельмі прыязныя, шмат палатак з дэгустацыямі, з уласнымі вырабамі прадпрыемстваў. Усе расказваюць пра сваю прадукцыю, куды яе пастаўляюць, дзе яе можна набыць, і гэта вельмі прыемна. Нам якраз вельмі спадабалася прадукцыя вашай “Свеклавічнай”, і мы з задавальненнем набылі б яе, каб яна прадавалася ў Мінску.


Выставы дасягненняў раёнаў на Кургане Славы будуць працягвацца, і мы з задавальненнем раскажам аб наступным удзеле ў гэтым мерапрыемстве прадпрыемстваў і арганізацый Нясвіжчыны.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!