З працоўным візітам у Нясвіжскі раён прыбыў старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксей Кушнарэнка. Асаблівую ўвагу ён удзяліў знаёмству з матэрыяльна-тэхнічнай базай новага малочнатаварнага комплексу ААТ “Нясвіжскі райаграсэрвіс” у вёсцы Вайніловічы.
Малочная галіна застаецца прыярытэтам для аграпрамысловага комплексу Беларусі. Дасягненні апошніх гадоў пацвярджаюць правільнасць дзяржаўнай стратэгіі па падтрымцы і развіццю АПК, мадэрнізацыі перапрацоўчых прадпрыемстваў, а таксама будаўніцтве сучасных малочнатаварных аб’ектаў. Новы МТК у Вайніловічах — наглядны доказ гэтага курсу. Праект ажыццёўлены ў рамках рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб развіцці малочнай галіны”.
Комплекс выбудаваны па прынцыпе замкнёнага цыклу: усе вытворчыя працэсы — ад вырошчвання маладняку да атрымання таварнага малака — праходзяць на адной тэрыторыі. Такі падыход дае магчымасць істотна павысіць як прадукцыйнасць працы жывёлаводаў, так і якасць прадукцыі.
Рэалізацыя гэтага інвестыцыйнага праекта дасць магчымасць значна палепшыць умовы ўтрымання буйной рагатай жывёлы, павысіць прадукцыйнасць статка і палепшыць якасць малака. Плануецца павялічыць валавы аб’ём вытворчасці малака да 8300 кг, а збалансаванае кармленне жывёл забяспечыць сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе жывёлы больш як 790 г. Павышэнне якасці прадукцыі дасць магчымасць рэалізоўваць малако па больш высокай цане, што прынясе гаспадарцы дадатковы прыбытак, знізіць удзельныя затраты ў жывёлагадоўлі і павысіць рэнтабельнасць прадпрыемстваў.
— Патэнцыял нашага раёна прадстаўлены 13 сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі, з якіх 11 займаюцца малочнай жывёлагадоўляй, — адзначыў старшыня Нясвіжскага райвыканкама Андрэй Ратомскі. — У нас функцыянуе 32 сучасныя малочнатаварныя фермы з беспрывязным утрыманнем — гэта 91% усіх наяўных аб’ектаў. Акрамя таго, дзейнічаюць чатыры фермы з прывязным утрыманнем. На фермах устаноўлены 28 даільных залаў, на чатырох — працуюць рабатызаваныя ўстаноўкі.
У рамках рабочага візіту Аляксей Кушнарэнка азнаёміўся з арганізацыяй работы новага комплексу, наведаў усе асноўныя вытворчыя аб’екты: два карпусныя кароўнікі дойнага статка, даільна-малочны блок, спецыялізаваныя кароўнікі для сухастойных жывёл і першацёлак, радзільнае аддзяленне, а таксама памяшканне для ўтрымання і вырошчвання цялят рознага ўзросту, спадарожную інфраструктуру.
У рамках рабочага візіту старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксей Кушнарэнка таксама азнаёміўся з турыстычнымі аб’ектамі горада Нясвіжа. Ён наведаў такія вядомыя славутасці, як Нясвіжскі замак, касцёл Божага Цела, Бернардынскі манастыр, пабываў і на аб’ектах, якія ўжо будуюцца і яшчэ плануюцца — па вуліцах Міцкевіча і Гейсіка.
“НН”.