Любоў да прафесіі перадалася Аляксандру Тамашэўскаму ў спадчыну.
Ці задавалі вы сабе калі-небудзь пытанне аб тым, як моцна трэба любіць сваю прафесію, каб запаліць агонь цікаўнасці да яе ў сваіх дзяцей? Адказ на гэта пытанне добра ведае Аляксандр Тамашэўскі — брыгадзір будаўнічай брыгады ААТ “17 Верасня”. Калісьці менавіта яго бацька — Яраслаў Іванавіч — прыклаў нямала намаганняў для стварэння інфраструктуры ў гэтай гаспадарцы, непасрэдна ў цэнтральнай сядзібе адкрытага акцыянернага тарарыства — Высокай Ліпе.
— Мой бацька быў сапраўдным майстрам у сваёй галіне, — успамінае Аляксандр Яраслававіч. — Многія будынкі ў Высокай Ліпе, Вялікай Ліпе і Квачах узведзены пад яго кіраўніцтвам. Ён меў адукацыю інжынера-будаўніка, але заўсёды імкнуўся спазнаць штосьці новае, павысіць свой прафесійны ўзровень. І ў самім яго характары было нейкае імкненне да стваральнасці: работай ён літаральна жыў. Зусім нядзіўна, што я працягнуў яго справу, інакш было нельга, калі перад вачыма такі станоўчы прыклад. Я помню, як дома ён расказваў аб тым, як вядзецца будаўніцтва, што ў перспектыве. І мне было цікава не толькі слухаць яго аповед, але і ўяўляць, як у хуткім часе зменіцца мой родны населены пункт і суседнія.
Дакладнасць у выкананні любой справы, адказнасць і ўменне знаходзіць выйсце з самай нестандартнай сітуацыі — тыя якасці, якімі павінен валодаць добры спецыяліст у будаўніцтве. Аляксандр Яраслававіч добра разумее ўсе тонкасці сваёй работы, а кіраўніцтва гаспадаркі не раз адзначала яго прафесійныя дасягненні.
— Я не ўдзельнічаю ў будаўніцтве новых аб’ектаў у гаспадарцы, — падкрэслівае мой герой. — Але ўсімі бягучымі рамонтнымі работамі кірую менавіта я. У сельскай гаспадарцы працы хапае ўвесь час, у тым ліку і ў нашай галіне: дзесьці каровы пашкодзілі загарадку на ферме, ці трэба падрамантаваць дах у будынку — усе гэтыя работы выконвае наша будаўнічая брыгада. Для таго, каб гаспадарка працавала зладжана, трэба, каб кожны добрасумленна выконваў свае абавязкі. Вялікае заўсёды пачынаецца з малога, і калі кожны ведае сваю работу, зацікаўлены ў яе якасным выкананні, можна дасягнуць значных поспехаў.
Увогуле, Аляксандр Яраслававіч — чалавек вельмі сціплы, ён не любіць сябе нахвальваць. Але ўвесь калектыў ААТ “17 Верасня” добра разумее і ўсведамляе, які ўнёсак у развіццё іх гаспадаркі робіць будаўнічая брыгада, якой ён кіруе. Свой працоўны шлях ён выбраў многа гадоў таму і застаецца адданым сваёй справе. Аляксандр Тамашэўскі вельмі любіць сваю работу і на перашкоды, якія калі-нікалі ўзнікаюць глядзіць па-філасофску, успрымаючы іх як магчымасць для далейшага развіцця і пазнання новага.
Мой герой прызнаецца, што стараецца кожны новы працоўны дзень пачаць у добрым настроі.
— Што тут гаварыць, работа прыносіць мне задавальненне, — кажа ён. — Хтосьці можа падумаць, што яна надта складая, можа, нават марудная. Але я адкажу наступным: насамрэч у ёй многа творчасці. Вось напрыклад, трэба штосці адрамантаваць. Адразу пытанне: як гэта зрабіць так, каб, як кажуць, было на вякі? А я на гэтае пытанне адказ знаходжу.
Прафесія Аляксандра Яраслававіча патрабуе дасканаласці, увагі і пільнасці. Ён добра ведае аб тым, што калі своечасова не паправіць нават дробную паломку, вельмі хутка сітуацыя можа дайсці да сапраўднай бяды.
На пытанне, ці лічыць ён сваю работу складанай, Аляксандр Тамашэўскі адказвае шчыра:
— Лічу складанай, але і вельмі неабходнай. І складанасць не толькі ў непасрэдным выкананні сваіх службовых абавязкаў. Як і ўсякая работа ў камандзе, работа з людзьмі, простай яна быць не можа.Трэба да кожнага падначаленага знайсці свой падыход, зразумець яго характар. А інакш і работа спраўна рабіцца не будзе. І чалавекам трэба заўсёды заставацца — але гэта ўжо агульнае правіла, яно для кожнага.
Ірына ЕФІШОВА.