Сёння на гасціннай грыцкевічскай зямлі прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае людзям, якія нягледзячы на ўсе цяжкасці з умовамі надвор’я першымі ў Мінскай вобласці пераадолелі 100-тысячную мяжу ўборачнай кампаніі.
100000 тон — гэта не проста лічба, гэта вынік каласальных намаганняў аграрыяў, механізатараў, спецыялістаў і ўсіх, хто звязаны з сельскай гаспадаркай. Іх адданасць справе, прафесіяналізм і любоў да роднай зямлі заслугоўваюць самай высокай адзнакі. Нясвіжскі раён у чарговы раз даказаў, што з’яўляецца адным з лідараў аграрнага сектара Мінскай вобласці. Дасягненне адзнакі ў 100 тысяч тон намалочанага збожжа — гэта не мяжа, а толькі чарговая прыступка на шляху да новых, яшчэ больш амбіцыйных мэтаў.
Першай прысутных — кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў раёна і працаўнікоў ААТ “Грыцкевічы” — прывітала намеснік старшыні — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Нясвіжскага райвыканкама Таццяна Жук. Яна таксама паднесла старшыні райвыканкама Андрэю Ратомскаму ад аграрнага сектара раёна сімвалічны каравай — увасабленне 100-тысячнага намалоту.
У сваю чаргу кіраўнік раёна звярнуўся да прысутных з самымі цёплымі словамі падзякі і падтрымкі:
— Я вельмі рады вітаць усіх вас на цудоўнай грыцкевіцкай зямлі — заўсёды ўрадлівай і гасціннай, — сказаў Андрэй Казіміравіч. — 100 тысяч тон — гэта вельмі прыгожая лічба. Але разам з тым, гэта толькі кропка адліку, якую мы прайшлі разам з вамі. Дзякую ўсім вам за работу, дзякую механізатарам, працы якіх асабліва шмат укладзена ў гэту лічбу. Хачу ўсім пажадаць да канца ўборкі такога надвор’я, як сёння, і каб сённяшняя сотня тысяч была пераходнай кропкай да яшчэ адной. Усім яшчэ раз дзякуй за працу. Добрага настрою ўсім вам, моцнага здароўя і ўсяго самага найлепшага!
Кіраўнік раёна таксама адзначыў, што ў гэту тысячу тон збожжа укладзены намаганні кожнага чалавека, які шчыраваў над ураджаем — пачынаючы ад сяўбы, догляду пасеваў і заканчваючы ўборкай.
Сённяшняе свята ў нашым раёне з музыкай, песнямі і пачастункам духмяным караваем — гэта не проста мерапрыемства, гэта сімвал павагі да працы земляробаў, прызнанне іх заслуг перад грамадствам. Гэта дзень, калі кожны мог адчуць сябе часткай вялікага і дружнага калектыву, які сваёй працай робіць нашу краіну мацней і прыгажэй. Аграрыі Нясвіжчыны каторы раз даказалі, што ўмеюць старанна працаваць. Дзякуй ім за стойкасць і адданасць справе і няхай гэты рубеж стане толькі першай прыступкай да новых рэкордаў!
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
Фота Дарыны МІТРАКОВАЙ.