Меню
ПОДПИСЫВАЙТЕСЬ!
Оперативные и актуальные новости Несвижа и района в нашем телеграм-канале

Ад Міндоўга да халакоста

Пост опубликован: 13.08.2025

На беларускіх землях шмат цікавых і слынных мясцін, адна з якіх — і старадаўні Навагрудак. Заснаваны ў 1044 годзе, некалі ён называўся Наваградак. У 1200 годзе нарадзіўся князь Міндоўг, і горад падпарадкоўваўся яму. Міндоўг умацоўваў феадальныя адносіны з Літвой, вёў узброеную і дыпламатычную барацьбу з Тэўтонскім ордэнам, адбіваў набегі мангола-татараў. Каранаваўся каралём у сваёй рэзідэнцыі ў Наваградку. У 1262 годзе заключыў саюз з Аляксандрам Неўскім і зрабіў паход супраць крыжакоў, у якім удзельнічалі дружыны з Полацка і Віцебска. Загінуў ад рук варожых сіл і пахаваны па язычніцкім абрадзе пад гарой. Сёння гэты курган вядомы як гара Міндоўга, у 1993 годзе тут устаноўлены памятны камень з нагоды юбілею каранацыі ў 1263-м. А ў 1996-м гэты помнік уключаны ў Дзяржаўны рэестр гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Не так даўно мне давялося пабываць з экскурсіяй ад аддзялення забеспячэння дзённага знаходжання пажылых РТЦСАН у гэтым знакамітым горадзе. Мы падымаліся на славутую гару, адкуль бачны ўвесь Навагрудак. Ля падножжа кургана стаіць металічны помнік Міндоўгу ў рыцарскіх даспехах. Наверсе захаваліся рэшткі даўніх пабудоў, на некаторых ідзе рэстаўрацыя. Вакол шумяць магутныя клёны, а ўнізе стаіць памятны камень Адаму Міцкевічу, сусветна вядомаму беларуска-польскаму паэту. За 300 метраў ад гары ў 1992 годзе ўстаноўлены помнік вялікаму паэту, і яго позірк скіраваны на курган, а пальцы правай рукі застылі ў тэатральным жэсце.

У скверы стаяць дуб і камень у гонар А. Міцкевіча з надпісам на польскай і беларускай мовах. Наведаліся мы і ў музей, які складаецца з пяці пакояў. Нарадзіўся паэт у Завоссі, а хрысцілі яго ў касцёле ля замкавай гары. У першай зале музея можна ўбачыць падручнікі таго часу, па якіх вучыўся Адам. Ёсць копія атэстата, чарнільніца і пяро, этажэрка, рэчы, што нагадваюць побыт ХІХ стагоддзя. На сцяне — партрэт Тадэвуша Касцюшкі, кіраўніка польскага паўстання 1794 года. Змешчаны кнігі ХVIII стагоддзя, Біблія. У гасцёўні камін і заслонка перад ім, на сценах партрэты вядомых людзей. Адлюстраваны і маёнтак Туганавічы, дзе малады Адам пазнаёміўся з Марыляй Верашчакай, яго першым незабыўным каханнем. Як вядома, яна выйшла замуж за графа Путкамера.

Жыццё Міцкевіча праходзіла ў розных мясцінах: у Маскве, Адэсе, быў ён і ў Турцыі і Крыме, аб чым сведчыць сусветна вядомая карціна “А. Міцкевіч на гары Аю-даг”. Быў у яго лёсе і Пецярбург, дзе адбылося знаёмства з Пушкіным, Веймар, у якім славуты Гётэ падарыў паэту пяро. Сябраваў з Шапэнам, ведаў Напалеона Орду, іншых славутых людзей. Насычанае, цікавае жыццё Міцкевіча натхняла яго на стварэнне твораў, адзін з якіх — паэма “Пан Тадэвуш” — пераклазена на шмат моў свету і лічыцца шэдэўрам. У падвале змешчана выстава “Свет кухні Міцкевіча”, дзе красуюцца прасніца, збанкі, куфры ды іншае начынне.

Варта адзначыць асаблівую прыгажосць Навагрудка, які ідзе то ўверх, то ўніз. Прыгожыя, светлыя пабудовы, ля ўваходу ў парк бюст Міцкевіча. Арыгінальнае вырашэнне вулічных ліхтароў: зроблены падстаўкі ў выглядзе джэнтльмена ў фраку і з гальштукам-матыльком, пажарнай калоны і звона, барабана, змяі, глобуса, васілька, савы, вагаў і г.д.

Затым мы накіраваліся ў музей яўрэйскага супраціўлення. У снежні 1941 года гэбітскамісар Навагрудка Вільгельм загадаў сабраць яўрэяў на тэрыторыі ваяводскага суда. Іх падзялілі на групы, многіх вывезлі ў лес і расстралялі. Іншых пазней змясцілі ў рабочы лагер, дакладней, гета, куды адабралі і розных спецыялістаў. У 1943 годзе яўрэяў зноў сагналі на плошчу, і зноў прарэдзілі іх рады. Вязні Навагрудскага гета не скарыліся і пачалі капаць падземны тунель, многім удалося праз яго ўцячы і прабрацца ў Налібоцкую пушчу, дзе быў створаны партызанскі атрад братоў Бельскіх. У музеі на здымках адлюстравана гісторыя яўрэйскага гета і фотаздымкі тых мужных людзей. На вуліцы стаіць сімвалічнае дрэва жыцця, а побач — скульптура дзяўчынкі як памяць пра загубленых дзяцей. Далей ідзе мемарыял, прысвечаны незабыўным падзеям, на якім змешчаны фота відавочцаў і іх кароткія аповеды, выява тунеля. Ёсць партрэт Ідэля Кадэля, які ў падлеткавым узросце змог уцячы з гета. У 2000 годзе ён прыязджаў у Навагрудак з Англіі. Памяць пра халакост падтрымліваецца ў Навагрудку заўжды, ля мемарыяла высаджаны чырвоны клён і ніцая вярба, схіленая ў журбе бяроза. Сюды не зарастае народная сцяжына, бо памяць пра тыя падзеі жыве і будзе жыць у людзей, якія заўжды хочуць міру.

Раіса ХВІР, г. Нясвіж.

На галоўным фота: руіны Навагрудскага замка.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!
Яндекс.Метрика