Меню
ПОДПИСЫВАЙТЕСЬ!
Оперативные и актуальные новости Несвижа и района в нашем телеграм-канале

На лясной паляне

Пост опубликован: 15.08.2025

Ці даўно вы былі ў лесе? Скажаце, як хто. Я, напрыклад, на жаль, рэдка туды выязджаю. І ўзрадавалася, калі з’явілася нагода наведацца ў зялёны аазіс. Адбылося гэта дзякуючы ініцыятыве кіраўніка літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі”, што працуе пры цэнтральнай раённай бібіліятэцы імя Паўлюка Пранузы, Валянціны Шчарбаковай. Правесці чарговае пасяджэне на ўлонні прыроды — што можа быць цікавей? Маляўнічая палянка ў Завітанскім лесе, абкружаная лістоўніцамі і елкамі, невялікімі кусцікамі з ціхім пагойдваннам галінак, як лепш адпавядала паэтычнаму настрою. А тонкая рабіна ўжо вабіла пачырванеўшымі ягадамі, на зялёнай траве яшчэ знаходзіліся і чарніцы, былі і грыбочкі. Іх, дарэчы, адшукалі нашы юныя ўдзельнікі, шасцігадовыя Даша і Ваня.

Размясціліся мы за вялікім сталом, людзі рознага ўзросту, якіх аб’яднала творчасць. Было жаданне паслухаць новыя  вершы ці прозу, падзяліцца ўражаннямі, абмеркаваць пачутае. У прыватнасці, намеснік рэдактара раённай газеты Соф’я Любанец, вядомая як паэтэса сваімі творамі рознай накіраванасці, прачытала “Сумны тост” і “Осеннее наставление”. Рознапланавая паэзія і ў старэйшага ўдзельніка “Валошак” Барыса Вятлугіна, ён валодае рознымі жанрамі. Можа напісаць раманс, твор філасофскага гучання і гумар. Барыс Мікалаевіч прачытаў нам свае новыя вершы, а яшчэ і праспяваў.

Даўно вядомая паэтычным дарам Валянціна Шчарбакова, аўтар цікавых і разнастайных вершаў, на пасяджэнні прачытала актуальнае — пра жнівеньскія фарбы. Ірына Кіпець у гонар памяці свайго бацькі Фёдара Мар’янавіча прачытала шчымлівую замалёўку “Яблыкі” пра тое, як збіралі ля бацькоўскага дому сакавітыя плады белага наліву з маладой яблынькі.

У кожнага з паэтычнай альтанкі знайшліся адметныя творы разнастайнага характару. Святлана Ціхонка, напрыклад, пазнаёміла ўсіх з лірычным апавяданнем пра першае каханне, а Дзмітрый Лібар падзяліўся пяшчотнымі ўспамінамі аб варэнні з бабуліных клубніц. Словам, усё, што мы адчуваем, заўважаем, з чаго складаецца жыццё, пакідае ў душы незабыўны след, аўтары стараюцца перадаць мастацкім словам. І гэта добра, бо людзям патрэбны паэзія і музыка, якія вымушаюць падумаць, паслухаць, спыніцца, адчуць у душы прыемны зрух, палюбіць слова, што з’яўляецца пачаткам усяго.

Кранула ўдзельнікаў пасяджэння і выступленне Андрэя Брусіненкі, у рэпертуары якога творы духоўнага і філасофскага характару. Ён выканаў некалькі песень пад  гітарны акампанемент, усе слухалі з вялікай увагай і дзякавалі аўтару. Як заўжды, выдатнымі вершамі падзяліўся Аляксандр Яцук, актыўны ўдзельнік аб’яднання. А яшчэ ў нас з’явілася новенькая: супрацоўніца райбібліятэкі Іна Любко плаўна ўлілася ў калектыў, прачытала творы аб родным краі.

І гэта добра, што прыхільнікаў творчасці становіцца болей, а, значыць, з’явяцца новыя вершы ці песні, створаныя не толькі для сябе, але і для іншых людзей, аднадумцаў і тых, хто валодае словам як жыватворным  інструментам, што гучыць на розных мовах і нотах.

Разам з намі ўпершыню была несвіжанка, таксама творчая натура, Таццяна Антончык. Яна падзялілася ўражаннямі:

— Я быццам пабывала ў храме прыроды, цудоўна адпачыла, напоўнілася паэзіяй, адчувалася тут чысціня думак і помыслаў, душэўная атмасфера. І не трэба нам ехаць у Турцыю, лепш наведваць родныя мясціны, ды любавацца нашымі краявідамі, а яшчэ ў спалучэнні з творчасцю.

Прыемным момантам  пасяджэння стала і печаная на вогнішчы наша беларуская бульба, ды яшчэ з салам. Што можа быць смачней? Спадзяюся, чытачы  згодзяцца з намі. А яшчэ хацелася б, каб усё больш аматараў творчасці  было ў нашым горадзе і вёсках, каб у душы кожнага адгукалася рэхам тое светлае, добрае і прыгожае, што ўласціва чалавеку.

Раіса ХВІР,
удзельніца літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі”, г. Нясвіж.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!
Яндекс.Метрика