Па старонках “Нясвіжскай газеты”

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

nesvizh_vorota

(Заканчэнне. Пачатак

у № 97,99 за 2016 г., № 2 за 2017 г.)

Што яшчэ хвалявала павятовае кіраўніцтва? На пасяджэнні, якое прайшло 24 красавіка 1923 г. пад старшынствам Ежы Чарноцкага, разглядаліся пытанні арганізацыі прадпрыемства па выпуску цэментных пліт, труб і дахоўкі. Забягаючы наперад, адзначу, што пачынанне аказалася надзвычай паспяховым. Праз чатыры гады ў павеце дзейнічалі тры невялікія цэментныя заводы — у Нясвіжы, Клецку, Сіняўцы, вялася падрыхтоўка да адкрыцця новых — у Снове і Гарадзеі. Вілен-ская газета “Слова” (Slowo), апісваючы Нясвіжчыну, адзначала: “…цэментныя вырабы бачыш у павеце на кожным кроку: студні з бетонных кольцаў, дрэнажныя трубы на дарогах, масты, мураваныя падлогі, дахі, пакрытыя цэментнай дахоўкай, прыдарожныя слупы, тратуарная плітка ў мястэчках, а апошнім часам з бетону паўстаюць нават цэлыя дамы”. Але вернемся ў 1923 год. На згаданым пасяджэнні быў разгледжаны праект пастановы аб заработнай плаце солтысаў: у залежнасці ад кола абавязкаў і абшараў дзейнасці яны павінны былі атрымліваць ад 10 да 30 тысяч марак штомесяц. Было прынята рашэнне аб выдзяленні зямельных надзелаў настаўнікам пачатковых школ. Замест зямлі яны маглі атрымліваць і аплату прадуктамі. Таксама было вырашана выдзеліць з рэзервовых сродкаў павета 300 000 марак на штандарт для 80-га палка пяхоты ў Наваградку і 500 000 марак для Таварыства культурнай апекі над палякамі, што пражываюць па-за межамі Польшчы, імя Адама Міцкевіча.

Чытач, напэўна, звярнуў увагу на тое, што грашовыя сумы вызначаюцца стракатасцю. Сотні, тысячы і дзясяткі тысяч марак пералічваюцца ў розных публікацыях без ніякай паслядоўнасці і логікі. І, відаць, у многіх узнікла пытанне: а колькі ж каштавала польская марка на пачатку 1920-х? Адказ на яго хацелі б ведаць і людзі, што жылі ў той час. Але шалёная інфляцыя і хуткае абясцэньванне грошай рабілі немагчымымі якія-небудзь эканамічныя прагнозы і разлікі. Праілюстраваць рост цэн можна хоць бы на прыкладзе “Нясвіжскай газеты”. У лютым 1922 г. суботні чатырохстаронкавы нумар каштаваў 20 марак, падпіска на квартал — 400. У кастрычніку — адпаведна 30 і 600 марак. У снежні — 60 і 1 200. Але кошты на паперу, фарбу, як і на ўсё іншае, няспынна раслі. Таму ў  лютым 1923 г. за суботні нумар павятовай газеты чытачы мусілі заплаціць 120 марак, а за квартальную падпіску — 2 400 (у той самы час кілаграм жыта каштаваў каля 420 марак). У красавіку за адзін нумар газеты трэба было аддаць ужо 400, а за квартальную падпіску 7 200 марак. Крыху больш чым за год цэны выраслі ў 20 разоў!

Натуральна, улады на ўсіх узроўнях спрабавалі прымаць меры па стабілізацыі становішча. “9 сакавіка [1923 г.] па ініцыятыве стараства была склікана камісія па барацьбе з ліхвярствам і спекуляцыяй. Задача камісіі надзвычай цяжкая, яна павін-на змагацца са страшным і нябачным ворагам. Пры сённяшнім ненармальным стане мяжа паміж звыклым гандлем і спекуляцыяй з’яўляецца амаль незаўважнай… Дарагавізна звязана найперш з падзеннем валюты… Другою прычынаю паўсюднай дарагоўлі з’яўляюцца непамерныя апетыты вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі, паводзіны якіх нельга назваць грама-дзянскімі… У якасці мер па барацьбе са спекуляцыяй была звернута ўвага на неабходнасць кантролю за пасярэднікамі, каб яны не скуплялі прадукты перад заездам у горад”.

Баючыся хваляванняў, пастаянных  спадарожнікаў эканамічных крызісаў, павятовае стараства нават забараніла якія-небудзь масавыя зборы і адмяніла гэту забарону толькі напрыканцы 1923 г.  Аўтары “Нясвіж-скай газеты” спрабавалі ўздзейнічаць і на свядомасць чытачоў. Так, у нумары за 23 чэрвеня 1923 г. невядомы несвіжанін пісаў: “Падзенне польскай маркі выклікала за сабою рост коштаў… Тавары і розныя паслугі даражалі хуткім тэмпам: рэч непрыемная, але зразумелая. Аднак з’яўляецца незразумелай, выклікае агіду і абурэнне сквапнасць некаторых прадстаўнікоў вясковага насельніцтва. Напрыклад, за маленькі вазок дроў, які колькі дзён таму каштаваў 60 000 марак, на апошнім базары прасілі 150 000 марак! Гэта сапраўдны бандытызм! Калі з’яўляюцца аматары такога хуткага ўзбагачэння, то ўрэшце рэшт не трэба дзівіцца, што з’явяцца ім падобныя, якія зарабляюць лёгкі хлеб на дарогах з рэвальверамі ў руках”.

Як паказалі далейшыя падзеі, гэта быў толькі пачатак крызісу і грашовага абвалу. У снежні 1923 г. адзін нумар газеты каштаваў ужо 8 000 марак! А павятовы ўрад, які мусіў ухваліць бюджэт на 1924 год, апынуўся ў вельмі няпростым становішчы. Цяжка было падлічваць выдаткі і прыбыткі, не ведаючы ні як зменіцца курс маркі, ні якімі будуць падаткі, ні што зробіць урад для далейшай барацьбы з крызісам. Урэшце рэшт было вызначана, што павятовы бюджэт складзе 55 мільярдаў марак. Гэта сума пакрывала крыху больш за палову ўсіх патрэб. Дэфіцыт бюджэту склаў 30 мільярдаў.

Тым не менш, нягледзячы на цяжкасці, выданне працягвала жыць і развівацца. Пры пад-трымцы наваградскага ваяводы Ул. Рачкевіча рэдакцыя атрымала новую друкарскую машыну, дзякуючы чаму магла прымаць заказы на выкананне розных выдавецкіх работ і палепшыць свой фінансавы стан. Усцешаная такім становішчам, рэдакцыя ў нумары ад 1 снежня 1923 г. звярнулася да чытачоў: “З Новага Года наша выданне робіць крок наперад. Дзякуючы запуску другой, больш магутнай, друкарскай машыны, мы можам значна павялічыць фармат выдання і зрабіць больш разнастайным яго змест. Таксама мы маем намер пашырыць абшар нашай дзейнасці і з органа павятовага ператварыць газету ў орган усяго Наваградскага ваяводства, дзеля чаго ранейшая назва “Нясвіжская газета” будзе зменена на “Наваградскія крэсы”. Ідэя і накірунак выдання застануцца ранейшымі”.

Але, па невядомых пакуль прычынах, газета так і не пера-тварылася ў агульнаваяводскую. А вось назва сапраўды была зменена. Са студзеня 1924 г. павятовы орган стаў называцца “Агульная справа” (Wspolna sprawa). Дарэчы, 1924 г. стаў нарэшце і годам эканамічнай ста-білізацыі. У выніку грашовай рэформы нетрывалая марка была заменена злотым (1 злоты = 1 800 000 марак). Для барацьбы з бандытызмам быў утвораны адмысловы Корпус аховы памежжа. Адбыліся многія іншыя па-дзеі, якія знайшлі сваё асвятленне на старонках “Агульнай справы”…

Андрэй БЛІНЕЦ,

загадчык сектара

навукова-экспазіцыйнай

дзейнасці ДУ “НГКМЗ “Нясвіж”.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.