Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 12 °C

Па старонках “Нясвіжскай газеты”

Нясвіжскія навіны 7 лет назад 0 0

nesvizh_zamok_foto

(Працяг. Пачатак у № 97,99 «НН» 2016 г.)

У першых нумарах газеты шмат увагі надавалася разгляду міжнароднага становішча. Паведамлялася аб рабоце Генуэзскай мірнай канферэнцыі, аб візіце французскага маршала Фоша ў Варшаву, асвятляліся стасункі з Савецкім Саюзам і г.д. Але жыхарам Нясвіжчыны карцела ведаць, чым жыве менавіта іх рэгіён. Чытачы неаднаразова звярталіся ў рэдакцыю з просьбай друкаваць больш матэрыялаў аб падзеях у горадзе і павеце. Неў-забаве ў адным з нумароў быў змешчаны адказ на просьбы падобнага кшталту: “…павінны за-значыць, што для гэтага неабходна дапамога грамадства. Часта адбываюцца розныя сходы, пасяджэнні, урачыстасці, здарэнні, культурныя мерапрыемствы і г.д., пра якія рэдакцыя не атрымлівае сваечасова ніякіх вестак і з-за гэтага не можа пра іх інфармаваць. Потым зацікаўленыя асобы выказваюць здзіўленне, што той ці іншы факт не быў згаданы ў “Нясвіжскай газеце”. Вельмі просім Паважаных Чытачоў дасылаць у рэдакцыю справаздачы, кароткія нататкі, паведамленні і г.д., пісьмовыя або вусныя, пра ўсе праявы грамадскага жыцця як у Нясвіжы, так і ў наваколлі, а мы будзем іх ахвотна друкаваць у нашым выданні”. Мяркуючы па тым, што раздзел “Хроніка” рабіў-ся больш змястоўным, заклік    быў пачуты неабыякавымі чытачамі.



Вось некаторыя паведамленні з № 14 ад 24 лютага 1923 г.

21 лютага адбылося супольнае пасяджэнне Апякунскай Рады і бацькоўскага камітэта гімназіі імя Сыракомлі, на якім абмяркоўваўся надзвычай цяжкі фінансавы стан навучальнай установы. У пошуку сродкаў прымаліся самыя розныя захады: арганізоўваўся дабрачынны баль, ладзіліся кінапаказы, латарэі. Але атрыманыя ад іх сродкі ле-дзве дазвалялі зводзіць рахункі. Падкрэслівалася, што толькі на харчаванне вучняў у сакавіку давядзецца выдаткаваць 1 500 000 марак. Для вырашэння праблемы было прапанавана рэгулярна запрашаць навучэнцаў на абеды да заможных гара-джан. Тут жа змяшчаўся агляд часопіса “Прамень” (Promien), які выдавалі гімназісты Нясвіжа. А яшчэ можна было дазнацца, што ў нядзелю, 25 лютага, у ратушы літаратурна-навуковая секцыя Саюза моладзі гімназіі імя Сыракомлі арганізуе даклад пра жыццё і дзейнасць Мікалая Каперніка. Уваходны білет каштуе 1 000 марак. Прыбытак прызначаецца на харчаванне незаможных вучняў. Ананімны аўтар скар-дзіўся на тое, што вечарамі на вуліцах не гараць ліхтары і месцічы вымушаны рухацца ў цемры, “нібыта ў даўнія часы”.

У нумары ад 3 сакавіка паведамлялася пра захады па арганізацыі гуртка аматараў музыкі і спеваў, які ставіў сваёй мэтай уздым узроўню музычнай адукацыі грамадства праз арга-нізацыю канцэртаў. Цікава, што ініцыятарамі яго стварэння выступілі вайскоўцы — маёр Лепарскі і падпаручнік Корвін-Пятроўскі. Да ўдзелу ў рабоце гуртка запрашаліся асобы, якія маглі спяваць ці граць на розных інструментах.

0_e1a4b_90715c61_xxxl

Інфарматыўна выглядае раздзел мясцовай хронікі ў нумары ад 23 чэрвеня 1923 г. Ён дае даволі поўную панараму жыцця за папярэдні тыдзень. Сярод іншага, паведамляецца, што 15 чэрвеня шэраг грамадскіх дзеячаў вырашылі заснаваць у Нясвіжы Польскі клуб, і ўжо пачалося абмеркаванне статута новай арганізацыі. 16 чэрвеня скончыліся выпускныя экзамены ў гімназіі, у гонар чаго адбылося ўрачыстае набажэнства, “развітальная кава” для настаўнікаў і танцавальны вечар. 17 чэрвеня нава-бранцы палкоў, раскватараваных у павеце, прынялі ўрачыстую прысягу на Рыначнай плошчы горада.  Яшчэ адну нататку з гэтага нумара варта прывесці цалкам: “Вяртанне касцёльнага звона. На пачатку вайны (маецца на ўвазе Першая сусветная — А.Б.) з нясвіжскага касцёла было вывезена 5 званоў. Цяпер, калі пачалася рэвіндыкцыя (вяртанне маёмасці — А.Б.) з Расіі, ксёндз-дэкан Рокаш прыняў захады па пошуку і вяртанні нясвіжскіх званоў. Дзякуючы яго намаганням прывезены 50-пудовы звон. Неўзабаве мы пачуем гукі, якіх Нясвіж даўно ўжо не чуў”.

Блізасць мяжы ўносіла свае карэктывы ў паўсядзённае жыццё. Нягледзячы на тое, што вайна скончылася, партызанскія атрады з абодвух бакоў (з польскага і савецкага) яшчэ доўга здзяйснялі дыверсійныя акцыі, не грэбуючы і звычайным бандытызмам. Пра адзін такі выпадак “Нясвіжская газета” паведаміла 28 красавіка 1923 г.

“А 1-й гадзіне ночы з 23 на 24 дня бягучага месяца ўзброеныя людзі пагрукалі ў дом паноў Мысліцкіх у маёнтку Дзямідавічы. На запытанне, хто яны такія, прадставіліся паліцыяй, якая шукае бандытаў. Але як толькі ім адчынілі дзверы, накінуліся на гаспадароў і пачалі вязаць іх вяроўкамі. Пані Мысліцкая, зарыентаваўшыся ў сітуацыі, выскачыла праз вакно і стала клікаць на дапамогу, на яе крыкі збегліся дваровыя людзі, узброеныя сякерамі, каламі і г.д. Бандыты запалохалі людзей зброяй і замкнулі іх у адным памяшканні, а пані Мысліцкую моцна збілі, пасля чаго пачаўся рабунак. Разрабавалі ўвесь дом, забралі 9 з 10 коней і бесперашкодна з’ехалі…

…Свайго верхавода  бандыты называлі “Муха”.

Паміж нападнікамі і панам Мысліцкім адбылася характэрная размова. Калі апошні стаў скардзіцца на ўчыненую яму крыўду, бандыты спачатку прапанавалі ўступіць у іх шайку, а потым “суцешылі”, што падобная непрыемнасць напаткае не яго аднаго. Маўляў, хутка ўсе двары, фальваркі і заможныя гаспадаркі падзеляць ягоны лёс…

Сляды нападнікаў вялі ад бальшавіцкай граніцы да Дзямідавічаў і назад.

Паліцыя вядзе пошук, але пакуль безвынікова”.

Справа мела шырокі рэзананс. Неўзабаве ў Нясвіж прыехаў  наваградскі ваявода Уладзіслаў Рачкевіч. У гутарцы з карэспандэнтам газеты ён адзначыў, што прыгранічны павет “…з’яўляецца адным з самых неспакойных з пункту гледжання грамадскай бяспекі,  з-за чаго вышэйшыя органы ўлады пастанавілі звярнуць на яго адмысловую ўвагу і ўжыць усе захады для спынення бандытызму”. Пры гэтым ваявода адзначаў, што карысна будзе пераняць досвед Лідскага і Валожынскага паветаў, якія зусім нядаўна патаналі ў хвалях бандытызму, аднак паступова ўсе злачынныя групоўкі, як з ліку мясцовых жыхароў, так і перакінутыя з-за літоўскай мяжы, былі выкрыты, а іх удзельнікі належна пакараны. Пытанні грамад-скай бяспекі абмяркоўваліся і на пасяджэнні павятовага Саюза землеўладальнікаў. Была абрана адмысловая камісія, якой даручылі распрацаваць прапановы па барацьбе з нападнікамі. На карысць жа абрабаванага пана Мысліцкага землеўладальнікі пагадзіліся выплаціць адмысловы збор, які павінен быў кампенсаваць панесеныя страты. Але да нармальнага жыцця было яшчэ далёка. З паведамленняў газеты вынікае, што ў лістападзе 1923 г. нападам падвергліся маёнткі Быхаўшчына і Масцілавічы каля Клецка.

Лёгка заўважыць, што амаль усе навіны, змешчаныя ў газеце, датычыліся менавіта польскага жыцця. А што ж беларусы, якія складалі большую частку насельніцтва, і яўрэі? Пра беларускі рух газета згадвала рэдка, нейтральна і безадносна да Нясвіжчыны. Напрыклад, у нумары ад 18 лютага 1922 г. паведамлялася, што беларускія паўстанц-кія аддзелы захапілі Слуцк і ўтрымлівалі горад на працягу двух дзён. 3 сакавіка 1923 г. газета пісала, што шэраг афіцэраў-беларусаў колішняй расійскай арміі звярнуліся ў Генеральны штаб з просьбамі аб залічэнні на службу ў польскае войска. У чэрвені 1923 г. была змешчана невялікая нататка аб спрэчках сярод беларускіх паслоў Сойма адносна знешнепалітычнай арыентацыі і метадаў дзейнасці.

А вось у дачыненні да яўрэяў рэдакцыя “Нясвіжскай газеты” займала больш радыкальную пазіцыю. У самім горадзе іудзеі складалі найбольшую этнічную групу. Яны пераважалі сярод гандляроў і рамеснікаў. Прадстаўнікі польскіх колаў увесь час намагаліся перахапіць гаспадарчую ініцыятыву, але не заўсёды мелі ў гэтым поспех. Колькасць яўрэяў расла нават сярод землеўладальнікаў, што ў немалой ступені непакоіла рэдактара газеты З. Даманьскага. Адзін са сваіх артыкулаў ён наўпрост назваў “Сумныя навіны”. Гаворка ішла аб тым, што маёнтак Грыбаўшчына, уласнікам якога з’яўлялася варшаўскае Таварыства святога Юзафа, быў перададзены ў кіраванне яўрэям. Аўтар абураўся гэтым рашэннем, адзначаючы, што яно выклікана: “…самае меншае, значным недахопам грамадзянскага пачуцця. Гэты ўчынак не мае ніякага тлумачэння, пры тым што былі іншыя кандыдаты, больш годныя, якія прапаноўвалі значна лепшыя ўмовы. Гэты выпадак трэба лічыць вартым найбольшага асу-джэння. На жаль, настала, відаць, нейкая эпідэмія безадказнасці, бо як стала вядома, ужо і другі маёнтак у нашым павеце, Бурдзевічы, таксама перададзены ў кіраванне жыдам. Гэта ўжо проста скандал. У той час, калі ўсё польскае грамадства збірае сваю энергію для самаабароны перад жыдоўскім наплывам, знаходзяцца такія адзінкі, якіх смела можна назваць здраднікамі польскай справы, якія нашу святую зямлю за нікчэмныя сярэбранікі аддаюць у рукі ворага”. Як бачым, танальнасць гэтага артыкула ніяк не назавеш нейтральнай.

Аб’ява аб утварэнні таварыства “Развіццё” (Rozwoj) у чэрвені 1923 г. суправаджалася наступным тэкстам: “Свой да свайго за сваім. Хто хоча моцнай Польшчы, хто хоча выбіцца з жыдоўскай няволі, той будзе старацца пад-трымліваць рамёствы і гандаль хрысціянскі і будзе прытрымлівацца вышэйпрыведзенага  лозунга, запісаўшыся ў таварыства “Развіццё”. Запіс ажыццяўляецца ў краме Кандратовіча, вул. Віленская, № 44”.

Вялікую ўвагу газета надавала дзеянням мясцовай улады, найперш — гаспадарчым мерапрыемствам. Напрыклад, паведамлялася, што вясною 1923 г. былі адкрыты чатыры асемяняльныя пункты: у маёнтках Кунцаўшчына (Клецкай гміны), Касмовічы (Ланскай), Зарэччы (Гарадзейскай) і на жывёлаводчай ферме «Ганусаўшчына». Сюды былі завезены быкі польскіх парод, прадастаўленыя Саюзам жывёлаводаў у Беластоку. Карыстацца паслугамі гэтых пунктаў мог кожны ахвочы. За асемяненне адной каровы трэба было ўнесці 1/2 пуда аўса або за-плаціць эквівалентную яму грашовую суму. Такі крок мусіў палепшыць стан жывёлагадоўлі на зруйнаваных вайной абшарах і, адпаведна, узняць дабрабыт вясковага насельніцтва.

Андрэй БЛІНЕЦ,

загадчык сектара

навукова-экспазіцыйнай

дзейнасці ДУ “НГКМЗ “Нясвіж”.

(Заканчэнне будзе).

 

 

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!