Меню
Курс $  3.27 | €  3.5 | ₽100  3.48 |
Погода 8 °C

“Раёнцы” — 80! Пра гэта паведамляла газета “Чырвоны сцяг” 25 студзеня 1945 года

Нясвіжскія навіны 5 лет назад 0 0

Пост опубликован: 27.01.2019

У адрозненне ад папярэдніх нумароў “раёнкі”, у якіх сціслыя зводкі аб справах на фронце былі надрукаваны на другой старонцы, у газеце за 25 студзеня 1945 года вялікае паведамленне “Ад савецкага інфармбюро” змясціла першая старонка.

Інфармацыя ад 20 студзеня  была аб паспяховым  прасоўванні Чырвонай Арміі на захад. Войскаў 3-га Беларускага фронту — на Кёнігсбергскім накірунку, дзе былі  штурмам узяты гарады Усходняй  Прусіі, важныя вузлы  камунікацый і моцныя  апорныя пункты абароны  немцаў: Тыльзіт, Грос Скайсгірэн, Ауловенен, Жылін, Каукемен і яшчэ больш за 250 іншых населеных пунктаў. Войскаў 2-га Беларускага фронту — на тэрыторыі Польшчы, дзе авалодалі гарадамі Хожэле, Яново, Зелюнь, Бежунь, Дробін, Вышогруд і занялі яшчэ больш за 500 іншых населеных пунктаў. Войскі 1-га  Беларускага фронту авалодалі гарадамі Влоцлавек і Бжэсць-Куяўскі на  левым беразе Віслы. Усяго занялі больш тысячы населеных пунктаў. Войскі 1-га Украінскага фронту  авалодалі гарадамі Відава, Люблінец, Олькуш, Бжэска, а таксама  з баямі занялі больш за 300 іншых населеных пунктаў. Войскі 4-га Украінскага фронту,  прадаўжаючы наступленне ў цяжкіх умовах горна-лясістай  мясцовасці ў паласе Карпат, 20 студзеня з боем авалодалі на тэрыторыі Польшчы горадам Новы Сонч, на тэрыторыі Чэхаславакіі — гарадамі Прэшаў, Кошыца, Бардзева, а таксама 450 іншымі населенымі пунктамі.



Паведамлялася таксама, што з 12 па 19 студзеня войскі 1-га і 2-га Беларускіх і 1-га Украінскага франтоў узялі ў палон больш за 25  тысяч нямецкіх салдат і афіцэраў, захапілі 480 танкаў і 1079 гармат. Толькі забітымі  праціўнік страціў больш за 65 тысяч салдат і афіцэраў.

За адзін дзень — 19 студзеня — нашы  войскі на ўсіх франтах падбілі  і знішчылі 190 варожых танкаў. У паветраных баях і агнём зенітнай артылерыі збіта 46  самалётаў праціўніка.

Чырвоная Армія ў жорсткіх баях, пераадольваючы лютае супра-ціўленне ворага, рухалася ўсё далей на захад. А жыхары вызваленых тэрыторый  нашай краіны стараліся  канкрэтнымі справамі дапамагаць фронту. Ад іх, працаўнікоў тылу,  залежала  забеспячэнне арміі прадуктамі харчавання, боепрыпасамі, абуткам і вопраткай, фуражом для коней.

Жыхары Нясвіжчыны своечасова здалі дзяржаве збожжа, бульбу, сена. Сабралі грошы ў фонд абароны Радзімы. Кожны стараўся зрабіць нешта карыснае, каб хутчэй наблізіць перамогу над ворагам.

І вось другая старонка газеты знаёміць чытачоў з ініцыятывай жыхароў Лявонавіцкага сельсавета па актывізацыі нарыхтоўкі лесу і іншых работ, выплаце падаткаў.

Наогул, галоўная тэма “раёнкі” 45-га года: усё — для фронту, усё — для перамогі.

Газету чытала

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

 

У АДКАЗ НА СЛАЎНЫЯ  ПЕРАМОГІ ЧЫРВОНАЙ АРМІІ СЯЛЯНЕ

ЛЯВОНАВІЦКАГА СЕЛЬСОВЕТА АБАВЯЗАЛІСЯ  КВАРТАЛЬНЫ  ПЛАН  

ЛЕСАНАРЫХТОЎКІ і ВЫВАЗКІ ВЫКАНАЦЬ ДА 10-га  ЛЮТАГА

 

ДАПАМОЖАМ ЧЫРВОНАЙ АРМІІ

ДАБІЦЬ ВОРАГА

Сяляне вёскі Смалічы сабраліся на мітынг, прысвечанм гераічнаму наступленню нашай Чырвонай Арміі. Пасля даклада слова   бярэ  селянін   Дземідаў.

„Мы павінны дапамагчы нашай роднай Чырвонай Арміі дабіць праклятага ворага,— гаворыць ён — Перад намі дзяржава паставіла зараз задачу— выканаць у тэрмін лесанарыхтоўкі. I мы гэту задачу павінны выканаць так, як выконваюць свае баявыя задачы воіны Чырвонай Арміі на фронце. Чым лепш мы будзем працаваць у тылу, тым  хутчэй  будзе перамога, тым хутчэй нашы мужы і дзеці звернуцца дадому, тым хутчэй наступіць мірнае шчаслівае жыццё».

Тут жа на сходзе сяляне абавязаліся: да 10 лютага выканаць план лесанарыхтоўкі і вывазкі I квартала, выплаціць грашовыя падаткі, выканаць дзяржаўныя пастаўкі па ільновалакну.

Сяляне, якія не маюць абавязацельстваў, заявілі, што і яны прымуць удзел у лесанарыхтоўках і вывазцы, каб толькі хутчэй выканаць дзяржаўнае заданне.

 

У АДКАЗ НА СЛАЎНЫЯ ПЕРАМОГІ

ЧЫРВОНАЙ АРМІІ

Усе як адзін сабраліся сяляне вёскі Ляхі на мітынг, прысвечаны гістарычнаму наступленню нашай слаўнай Чырвонай Арміі.

У адказ на гераічныя справы нашых воінаў сяляне аднадушна заявілі, што ўсімі сіламі дапамогуць Чырвонай Арміі хутчэй узняць над Берлінам сцяг перамогі. План лесанарыхтоўкі і вывазкі яны абавязаліся выканаць да 10 лютага.

Для лепшай арганізацыі працы тут жа на сходзе былі арганізованы брыгады, выдзелены брыгадзіры.

Шынгель І.

Фота фрагмента газетнай старонкі

 

КАНКРЭТНЫМІ СПРАВАМІ

Канкрэтнымі справамі адказваюць працоўныя нашай Радзімы на слаўныя перамогі Чырвонай Арміі.

Сяляне Лявонавіцкага сельсовета, натхнёныя перамогамі сваёй вызваліцельніцы, дружна прыступілі да нарыхтоўкі і вывазкі лесу. Усё працаздольнае насель-ніцтва ўключылася ў гэту справу. Многія лесарубы ўжо набліжаюцца да выканання свайго задання. Так, маладая дзяўчына Сланім-ская Ольга з вёскі Габруны нарыхтавала 10 кубічных метраў лесу. Селянін Казак Іван з вёскі Лазавічы вывез 4 кубічных метры.

 

Але трэба адзначыць, што лесгас не арганізаваў як належыць працу ў лесе. Часта рабочыя зварачваюцца дадому, не знайшоўшы нідзе леснікоў. Лесарубам не аб’яўляецца дзённая выпрацоўка. Ніхто з іх не ведае колькі ён да гэтага часу зрабіў. Не арганізаваны брыгады, не разгорнута соцыялістычнае спаборніцтва, адсутнічае палітмасавая праца.

Ухваронак.

 

(Стылістыка, арфаграфія  і пунктуацыя арыгіналаў  захаваны).

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!