ШАНОЎНЫЯ ЗЕМЛЯКІ!
Дыялог паміж грамадствам і ўладай – абавязковая ўмова існавання любой краіны. На жаль, апошнім часам гэты дыялог у нас набыў рысы спрэчкі з рознымі ступенямі напружання. Між тым, у нас адна краіна, якую ўсе мы разам будавалі як незалежную дзяржаву, і раптоўна адрынуць усё добрае, што было створана і грамадствам, і ўладай за апошнюю чвэрць веку, падзяляць сябе цяпер на правільных і няправільных беларусаў, даводзіць сябе да агрэсіі – гэта шлях у бездань.
Рух наперад – гэта, несумненна, яшчэ адна ўмова існавання краіны. Але які гэта павінен быць рух – разбуральны ці стваральны? Рэвалюцыйны ці эвалюцыйны?
Народ, які не памятае сваёй гісторыі, не мае будучыні. Мы памятаем нашу гісторыю. Хопіць нам рэвалюцый, дзе на «страйкі» і барыкады ідуць адны, уладу дзеляць іншыя, а паражэнне церпяць усе людзі – ад старых да малых.
Адна з найвялікшых каштоўнасцяў, якую мы, беларусы, стварылі за 25 гадоў, – гэта грамадская супольнасць, неад’емнай часткай якой з’яўляецца наша моладзь, у сваёй абсалютнай большасці разумная і адукаваная, якая мае свой самастойны погляд на жыццё. І гэта нармальна. Ва ўсіх краінах свету, дзе існуе грамадская супольнасць, актыўныя людзі самазгуртоўваюцца, праводзяць сходы, абмяркоўваюць хвалюючыя пытанні, у першую чаргу той мясцовасці, дзе яны жывуць, выказваюць свае думкі, што для ўлады вельмі карысна і важна. Але гэта адбываецца цывілізавана, без парушэння закона, без абразы адзін аднаго і, зразумела, без насілля, бо які пасля гэтага дыялог?
На жаль, з аднаго боку, улада не адразу ў неабходным фармаце пачала ладзіць размову з грамадскай супольнасцю, у першую чаргу – у інтэрнэце і наогул у віртуальным асяроддзі, якое ў сучасны момант мае найбольшы ўплыў, а з другога боку, гэтае месца адразу спрабуюць заняць так званыя народныя трыбуны, якія актыўна і самаўлюбёна сябе здымаюць на відэа, выкладваючы свае відэатварэнні і «коменты» ў ютубе, фэйсбуку, тэлеграм-каналах, агрэсіўна ганьбячы ўсіх, хто не падтрымлівае іх пункту гледжання.
Вось такім людзям і патрэбны ўзрушэнні і рэвалюцыі, каб самарэалізавацца, вырашыць свае, а не грамадскія пытанні. Менавіта пра такіх людзей наш знакаміты зямляк Якуб Колас напісаў наступныя радкі ў сваім вершы «Старая праўда»:
Покі грошы ёсць у кішэні,
Покі служба ў цябе ёсць –
Яны любяць і шануюць,
І ты ў іх жаданы госць.
А ў жыцці як спатыкнуўся,
Як куску ты хлеба рад, –
Глянеш – дзверы ўсе закрыты,
Толькі спіны бачыш, зад.
Ці патрэбна гэта ўсё нам? Мы хочам рухацца наперад, не разбураючы тое, што стварылі. А мы ўпершыню ў гісторыі нашага народа стварылі незалежную краіну.
Частка нашага грамадства патрабуе змен. Гучаць прыклады прымянення, у парушэнне закона, фізічнай сілы. Наконт усіх даных выпадкаў неабходна правядзенне афіцыйных праверак, якія ўжо ажыццяўляюцца паводле зваротаў, што паступілі ад грамадзян.
Што тычыцца змен, на мой погляд, патрэбна пачынаць іх з Канстытуцыі. На рэферэндуме неабходна ўнесці змяненні ў асноўны закон краіны, мірна перанакіраваць паўнамоцтвы паміж галінамі ўлады, унесці іншыя неабходныя змяненні ў заканадаўства – а ўсё гэта спакойна і мірна можна зрабіць толькі пры дзеючай моцнай, устойлівай уладзе. І толькі пасля гэтага магчыма ставіць пытанне аб правядзенні новых выбараў. Лічу, што гэта найлепшае выйсце.
У Злучаных Штатах Амерыкі нацыянальны дэвіз гучыць так: «Амерыка перш за ўсё». Гэта значыць: будзе краіна – будуць і амерыканцы.
Мы, беларусы, – грамадзяне незалежнай краіны. Мы паважаем погляды, якія адрозніваюцца ад нашых, але мы патрабуем, как паважалі і нас. І мы таксама лічым: «Беларусь – перш за ўсё!» І нас, такіх беларусаў, – большасць. Беражыце сябе!
З павагай Іван МАМАЙКА, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.