У суботу ў Нясвіжскім замку адбылося
ўрачыстае адкрыццё валанцёрскага летніка
“Спадчына Радзівілаў-2017»”
У 2013 г. Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” наладзіў цесныя партнёрскія сувязі з рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем “Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА”, вынікамі чаго сталі амаль штогадовыя валанцёрскія летнікі.
Для дапамогі ў добраўпарадкаванні тэрыторыі палацава-паркавага комплексу, фарміравання асяроддзя навучання арганізатарскім навыкам для правядзення навучальных мерапрыемстваў на мясцовым узроўні ў Нясвіж прыехалі 20 юных валанцёраў з Мінска, Брэста, Гомеля, Гродна, Віцебска, Барысава, Салігорска, Заслаўя, Чэрвеня, чые заяўкі былі адабраны з 60 пададзеных.
Сам летнік пачаўся яшчэ ў сераду, 5 ліпеня, але афіцыйнае адкрыццё было вырашана перанесці на выхадны дзень, каб маладыя людзі паспелі прывыкнуць да новага месца і раскладу дня.
У лагеры існуе свая адміністрацыя: два дырэктары — арганізацыйны і па культурна-забаўляльнай праграме. Імі сталі Аляксандр Аляксееў і Арцём Шапавал. На адкрыцці хлопцы падзякавалі музею-запаведніку “Нясвіж”, райвыканкаму і Нясвіж-скаму гарадскому маладзёжнаму цэнтру за падтрымку і дапамогу ў арганізацыі летніка.
Аляксандр распавёў, што існуюць чатыры блокі праграмы дзейнасці лагера. Першы, практычны — работа на тэрыторыі парка. Падчас працы ўдзельнікі лагера раздзяляюцца на дзве групы. У канцы тыдня, напрыклад, дзяўчаты прыбіралі тэрыторыю езуіцкага калегіума ХVІ — ХVІІІ стагоддзяў, а юнакі працавалі на тэрыторыі палацавага ансамбля (фота 3).
Вельмі насычаным аказаўся адукацыйны блок. “Год таму, — распавядае Аляксандр, — мы напісалі праект “Удзел моладзі ва ўстойлівым развіцці рэгіёнаў Беларусі”, першым этапам ажыццяўлення якога было правядзенне семінара, што прайшоў у маі ў Ждановічах. Яго ўдзельнікамі сталі 40 лідараў беларускіх клубаў ЮНЕСКА. Там мы вучыліся ствараць асабістыя праекты. Падобная работа праводзіцца і ў гэтым лагеры. Мы навучаем хлопцаў і дзяўчат, як правільна арганізоўваць і праводзіць трэнінгі і якімі навыкамі павінен валодаць лідар. Пасля кожны паспрабуе сам правесці трэнінг, а астатнія будут назіраць і даваць карысныя парады, каб палепшыць методыку яго правядзення”.
Немалое значэнне нададзена і культурна-забаўляльнаму блоку. Для юнакоў і дзяўчат праводзяцца экскурсіі, шмат праграм падрыхтавана ў Нясвіжскім гарадскім маладзёжным цэнтры (фота 5). Ды і самі валанцёры ладзяць творчыя вечары. У планах — арганізацыя кінапраглядаў з наступнай дыскусійнай пляцоўкай. Таксама ўвага надаецца і святам, якія выпадаюць на час правядзення лагера. У прыватнасці — Купаллю ці дням нараджэння ўдзельнікаў.
Не забыліся тут і на спартыўны блок, які ўключае ў сябе гульні на свежым паветры і заняткі спортам.
На ўрачыстым адкрыцці лагера (фота 6) дырэктар Нясвіжскага гарадскога маладзёжнага цэнтра Люд-міла Матусевіч (фота 1) і старшы навуковы супрацоўнік ДУ “Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”, куратар валанцёрскага лагера Вячаслаў Мазалеўскі (фота 2) распавялі, якія мерапрыемствы падрыхтаваны для валанцёраў і расказалі, што вельмі прыемна вось ужо ў чацвёрты раз прымаць у межах горада маладых лідараў клубаў ЮНЕСКА. Нагадаў Вячаслаў Іванавіч і аб адным з такіх клубаў — “КЛІО”, што дзейнічае на базе музея-запаведніка.
А маладыя валанцёры шчыра падзяліліся сваімі марамі і мэтамі работы. Як адзначыла Вераніка Міхнавец (фота 4) — студэнтка Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа, валанцёрская праца дае магчымасць дапамагаць іншым людзям, развіваць сябе як асобу. Акрамя таго, гэта змена абставін, якая, мабыць, неабходна кожнаму, каб ускалыхнуць звыклае цячэнне жыцця і зведаць нешта новае.
Неаніла ЛЮБАНЕЦ,
студэнтка-практыкантка 2 курса
Інстытута журналістыкі БДУ.
Фота аўтара і Наталлі ЕРМАШЭНКА.