Свята вёскі. Калі б яно ні праводзілася, заўсёды гэты дзень аб’ядноўвае ўсіх аднавяскоўцаў. Залатой прыгажуняй-восенню, беласнежнай зімою, пяшчотна-зялёнай вясною або сонечна-спякотлівым летам яго чакаюць усе, каго аб’ядноўвае свята маленькай радзімы. З гэтым месцам у некага звязаны ўвесь лёс — аж да 60-годдзя сумеснага жыцця са сваёй другой палавінкай, а нехта немаўляткам яшчэ знаходзіцца ў дзіцячай люльцы. Усім ім пашанцавала жыць тут, у блаславенным куточку Нясвіжчыны — на макашоўскай зямлі, дзе ўтульна і цёпла ад добразычлівых усмешак суседзяў, дзе паважаюць чалавека з багатым жыццёвым вопытам. Гэта свята вёскі чакалі з асаблівым нецярпеннем. Удакладнялі адзін у аднаго “Ці будзе?” і “Калі?” І вось праз некалькі дзён пасля вялікага свята — Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь — вяскоўцы сабраліся дружна гуртам у цэнтры, куды па традыцыі запрасілі іх Гарадзейскі сельскі выканаўчы камітэт і Астроўскі сельскі дом культуры. Арганізатарам хацелася парадаваць вяскоўцаў — старанных, сумленных, працавітых. Назва была ў свята адпаведная — “Куточак радзімы, пяшчотны і мілы”.
Як сведчаць дакументальныя звесткі, вёска Макашы мае ўжо 220-гадовую гісторыю.
У макашоўскую “глядзельную залу” сабраліся не толькі мясцовыя жыхары, але і іх суседзі з навакольных вёсак. Добры пачатак дзеі паклала выстава мясцовых умеліц — работы з бісеру Людмілы Яніска і вышыўка крыжыкам Вольгі Лашук. Радавалі вока вышыванкі і вязаныя дыванкі Ларысы Рафальскай і Феафаніі Пятроўны Бука. Самабытным каларытам аздобілі свята вёскі тканыя пакрывалы і ручнікі Ганны Юстынаўны Лашук.
У гэты святочны дзень усіх прысутных вітаў дырэктар ААТ “Нясвіжскія Астроўкі” Васіль Халопіца. Ён павіншаваў вяскоўцаў з юбілейнай датай, пажадаўшы ўсіх зямных даброт.
У той дзень у Макашах нікога не пакінулі без увагі, асабліва тых, хто не змог прысутнічаць на мерапрыемстве па стане здароўя. Так, напрыклад, цёплыя словы гучалі ў адрас Браніславы Іосіфаўны Верамецька — самай сталай, 98-гадовай жыхаркі Макашоў, якая цяпер пражывае ў дачкі ў Баранавічах.
Музычныя падарункі і цёплыя словы ў свой адрас атрымлівалі людзі самага рознага ўзросту — малалетні вязень фашызму гадоў Вялікай Айчыннай вайны Таццяна Ільінічна Жэрка, жыхарка паважанага ўзросту Феафанія Пятроўна Бука, самы маленькі вясковец — 3-гадовы Саша Жэрка.
У Макашах заўсёды жылі добрыя гаспадары. І сёння яны ёсць, і многія служаць прыкладам для іншых. Іх сядзібы вылучаюцца акуратнасцю, чысцінёй, дагледжанасцю. Больш за ўсё вока прахожага затрымліваецца на падворках Валянціны Фёдараўны і Уладзіміра Вікенцьевіча Абрамовічаў, а таксама Леакадзіі Іосіфаўны Няглюй. Добрых гаспадароў павіншавалі пад апладысменты аднавяскоўцаў. Старшыня Гарадзей-скага сельскага выканаўчага камітэта У.П. Курачыцкі падзякаваў макашоўцам і павіншаваў усіх прысутных са святам, пажадаўшы здароўя, шчасця і заўсёды добрага настрою.
Не засталіся без увагі мнага-дзетныя сем’і Алены і Уладзіміра Жэркі, Марыны і Віктара Несцярэнкі. Разам з музычнымі падарункамі ім уручылі і сувеніры на памяць.
На Нясвіжскай зямлі заўсёды ў пашане быў чалавек працы, дзе б ён ні працаваў — на збожжавай ніве, за лічыльнай машынай ці за рулём аўтамабіля. Таму і ў Макашах віталі ветэранаў працы, якія сёння знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Сярод іх — Станіслаў Станіслававіч Жэрка, Ганна Юстынаўна Лашук, Любоў Васільеўна Солтан, Міхаіл Фёдаравіч Крупец, Алена Стэфанаўна Гайдукова, Марыя Рыгораўна Жэрка, Ніна Рыгораўна Жэрка, Ядзвіга Іосіфаўна Жэрка, Браніслаў Міхайлавіч Крупец, сям’я ветэранаў працы — Мікалай Яўгеньевіч і Яніна Іосіфаўна Чыжэў-скія.
Людзі весяліліся, абменьвалі-ся ўсмешкамі, танцавалі і віталі артыстаў — удзельнікаў аматарскай творчасці Астроўскага СДК, якіх прадстаўляла вядучая — загадчыца СДК Святлана Майсейчык. Жартамі і забаўляльнымі гумарэскамі падтрымлівалі настрой Вера Андрэева і Зінаіда Валочнік. З сольнымі нумарамі выступілі Віялета Хваль, Марына Кунік, Ірына Кішко, Іна Акулава. Даспадобы прыйшлося гледачу выступленне жаночай вакальнай групы “Спатканне” Астроў-скага СДК, дуэта Ірыны Сідарэвіч і Таццяны Ройка. Падарункам для макашоўцаў стала песня Сяргея Шарапы “Стары млын”, якую ён склаў і выканаў у гонар юбілею вёскі.
Далёка плылі ў той дзень спевы над хатамі, над палеткамі. Застануцца ў памяці шчырыя словы артыстаў і гасцей свята ў адрас вяскоўцаў. А падарункі-сувеніры, прадастаўленыя спонсарам — мясцовым сельгаспрадпрыемствам — будуць нагадваць людзям пра іх маленькія перамогі, юбілеі і сямейныя даты, якія сонечным ліпеньскім струменьчыкам уліліся ў істотную дату — 220-гадовы юбілей роднай вёскі Макашы.
На здымках: моманты свята вёскі Макашы.
“НН”.
«Як сведчаць дакументальныя звесткі, вёска Макашы мае ўжо 220-гадовую гісторыю.»
Wioska jest duzo starsza. Pierwsze zapisy urodzen dzieci w Makaszach, jakie sa w moim posiadaniu pochodza z roku 1687. Moze sa tez i wczesniejsze?