Меню
Курс $  3.27 | €  3.57 | ₽100  3.37 |
Погода 10 °C

Слаўная вёска Слаўкава

Нясвіжскія навіны 7 лет назад 0 4

Пост опубликован: 22.09.2017

Нібы рэчка вясной,

Разліваецца свята —

Залаты каравай

На далонях плыве.

І вітае зноў Слаўкава

Песняй звонкай, крылатай

Тых, хто ў вёсцы жыве…

Менавіта з гэтых радкоў пачалося чарговае свята вёскі на Нясвіжчыне. Прайшло яно ў Слаўкаве — вёсцы багатай на добрых, працавітых і таленавітых людзей.

Крыху гісторыі

Свой летапіс  населены пункт вядзе з 1711 года як  маёнтак, уладанне Радзівілаў, у Навагрудскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага. У 1748 годзе Слаўкава — засценак Нясвіжскай ардынацыі. У 1890-м — у вёсцы працавала  школа граматы, у якой  вучыліся 11 хлопчыкаў. У 1940 годзе тут налічвалася 218 двароў і 1059 жыхароў…



Н.В. Жалязнова

Н.В. Жалязнова

Сям’я Балтуцкіх

Сям’я Балтуцкіх

Халодны подых вайны

Вялікая Айчынная вайна паклала на кожны  населены пункт Беларусі  свой чорны адбітак.  Не мінула яна і Слаўкава, дзе і сёння з удзячнасцю і павагай  успамінаюць імёны  землякоў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія зрабілі ўсё магчымае, каб сёння беларусы жылі пад мірным небам. Сярод іх: Антон Вікенцьевіч Матусевіч, Аляксандр Сямёнавіч Шыкула, Франц Іванавіч Астрэйка, Міхаіл Юльянавіч Шыкула, Станіслаў Канстанцінавіч Доўнар, Вікенцій Іванавіч Таратута, Мечыслаў Станіслававіч Гардзіевіч, Андрэй Васільевіч Бычкоў, Станіслаў Браніслававіч Арцюшэўскі, Станіслаў Сцяпанавіч Сакалоўскі, Іосіф Антонавіч Мышалаў, Іосіф Канстанцінавіч Гардзіевіч, Васіль Акімавіч Качэрга, Віктар Адамавіч Ратомскі, Іван Аляксандравіч Аляксандраў, Васіль Вячаслававіч Аляксандраў, Віктар Фаміч Войніч, Ігнацій Ігнацьевіч Драздовіч, Аляксандр Сямёнавіч Казадой, Іван Аляксеевіч Казадой, Антон Ігнацьевіч Русак, Мікалай Іванавіч Сідарэнка, Канстанцін Ігнацьевіч Тронец, Вікенцій  Лявонцьевіч Хвіцька.

Хвілінай маўчання ў час мерапрыемства ўшанавалі слаўкаўцы  і госці свята памяць герояў вайны.

Чуллівым было прадстаўленне  на свяце вёскі сведкі страшных дзён вайны — Лізаветы Іосіфаўны Мышалавай. Калі сустракаешся з позіркам яе ясных блакітных вачэй, нават не верыцца, што на лёс гэтай мініяцюрнай жанчыны  выпала столькі гора і нястачы. Са словамі глыбокай павагі і падзякі звярнуліся да Лізаветы    Іосіфаўны  арганізатары мерапрыемства і пажадалі ёй доўгіх гадоў жыцця і радасных дзён, уручыўшы на памяць сувенір і музычны падарунак.

“Так цудоўна спіцца

ў бацькоўскім доме,

Быццам у дзяцінстве

ахінаюць сны…”

Слаўкаўская зямля нарадзіла і дала  пуцёўку ў жыццё  многім працавітым і таленавітым  людзям. А для некаторых новых жыхароў за дзесяцігоддзі яна стала родным  куточкам, да якога  чалавек прыкіпеў сэрцам і душой.

“А помніце..?”, “А хочаце — раскажу..?”, “А вось як было  аднойчы…” — захапляльна гучаў з імправізаванай сцэны звонкі голас Ніны Вікенцьеўны Жалязновай, якая з нагоды свята прыехала на сваю малую ра-дзіму.

Пачала яна выступленне  перад сваімі былымі аднавяскоўцамі са слоў шчырага прывітання людзям вёскі. Сюжэт за сюжэтам  перад прысутнымі ўсплывалі  карціны ўспамінаў, калі яна маленькай  дзяўчынкай тут расла,  дапамагала бацькам у працы, сябравала, а потым, расправіўшы маладыя крылы, пакінула бацькоўскі дом, каб набыць прафесію, знайсці сваё жаночае шчасце, па-новаму палюбіць сваю  родную Беларусь і яе працавітых людзей.

Сёння Ніна Вікенцьеўна Жалязнова — член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання ад Мінскай вобласці, пераможца конкурсу “Жанчына года-2014”, дырэктар ААТ “Азярыцкі-Агра” Смалявіцкага раёна, маці трох сыноў…

Ля мікрафона —  Аліна Батурыцкая

Ля мікрафона —
Аліна Батурыцкая

На свята пачэсная госця прыехала з вялікім падарункам — прыгожым караваем, якім  пачаставаліся ўсе прысутныя.

І далей на свяце вялася шчырая цёплая размова пра вёску. Дырэктар закрытага акцыянернага таварыства “Салігар” Юрый Францавіч Доўнар вітаў землякоў, успамінаў сваё дзяцінства, калі яго бацькі жылі яшчэ на хутары. Не было ні святла, ні камп’ютара.

— Так хацелася пайсці гуляць у мячык з хлопцамі, але перш трэба было дапамагаць па гаспадарцы бацькам, — расказваў Юрый Францавіч. І працягваў: — Але і сёння мы вельмі ім удзячныя за тыя жыццёвыя ўрокі. Родная вёска назаўсёды застаецца ў сэрцы, бо тут пачыналася самае галоўнае ў жыцці. А больш за ўсё радуе тое, што тут вакол смяюцца дзеці, а значыць — вёсцы жыць.

Маладое пакаленне

Для маленькіх жыхароў  вёскі арганізатары свята падрыхтавалі ў падарунак дзіцячыя песні. У гэты дзень са сцэны прагучалі імёны тых, хто нарадзіўся ў 2017-м годзе. Гэта — Павел Лібар, Дар’я Падамацька, Дзяніс Балтуцкі, Злата Дашко і Дзмітрый Хурбатаў.

Жыццё пражыць —

не поле перайсці

“Няхай кросны жыцця яшчэ доўга ткуць вам бязвоблачную жыццёвую дарогу”, — з такім пажаданнем звярнуліся  вядучыя да самай паважанай па ўзросце жыхаркі  Слаўкава — Марыі Кірылаўны  Вярыга. Цудоўная жанчына, бабуля і прабабуля, якая  нядаўна адзначыла свой  95-гадовы юбілей, аддала сябе працы на роднай зямлі, выгадавала дзяцей, а сёння  радуецца ўнукам і праўнукам. Віншаванні з юбілейнымі і круглымі датамі на свяце былі таксама адрасаваны В.В. Цвірка, В.А. Балтуцкаму, Г.А. Сярпін-скай, М.А. Казадой, Р.Р. Вярыга, Я.Б. Драздовіч, Н.П. Змітручэні, В.Г. Тычына, М.А. Ярашэвічу, С.К. Хвіцька, В.В. Наронскаму, Г.Ч. Ратомскаму, а таксама Д.А. Скачко, А.А. Шчурскаму, В.М. Вярыга і многім іншым юбілярам.

“Навекі нас з табой

 жыццё звяло…”

З 55-годдзем сумеснага  жыцця віншавалі  на свяце вёскі сямейную пару — Часлава Іосі-фавіча і Вацлаву Францаўну Гардзіевічаў. Сапраўдным сюрпрызам для іх сталі музычныя  падарункі, якія сямейная  пара атрымала ад унучкі і праўнучкі, што прыехалі на свята.

Залатым вяселлем  адзначаны гэты год для сям’і Балтуцкіх са Слаўкава — Віктара Канстанцінавіча і Яніны Антонаўны.

Трывала стаяць на нагах іх дзеці — дачка і сын, якія абое атрымалі  вышэйшую адукацыю. Час ад часу наведваюць бабулю і дзядулю пяцёра ўнукаў. Сёння залатыя юбіляры з усмешкай расказваюць ім, як некалі ў маладосці дзядуля з першага погляду  палюбіў бабулю, якая тады жыла ў суседняй вёсцы. Віктар Канстанцінавіч тады нала-джваў тэлефонную сувязь у хатах. У адной на вочы  трапіла яна — прыгожая,  сціплая. Прывёў сваю  суджаную ў бацькоўскі  дом у Слаўкаве, ды так і па сённяшні дзень яны жывуць у гэтым доме, паважаючы  адзін аднаго, клапоцячыся, радуючыся таму, што няма  больш тых цяжкіх і няпростых будняў  пасляваеннага сялянскага жыцця, і што дзецям наканаваны добры лёс.

А на свяце вёскі залатыя юбіляры  пад апладысменты ўсіх прысутных і крыкі “Горка!” яшчэ раз замацавалі свой трывалы саюз гарачым пацалункам.

У гэты дзень музычныя падарункі ў гонар юбілейнай гадавіны сумеснага  жыцця атрымлівалі таксама Алег Іосіфавіч і Яніна Канстанцінаўна  Вярыга, Часлаў Мікалаевіч і Галіна  Канстанцінаўна Цвірка, якія 40 гадоў крочаць побач.

З жамчужным вяселлем віншавалі Валерыя Іосіфавіча  і Ірыну Вацлаваўну Шчарбіцкіх.

А з фарфоравым  юбілеем сумеснага жыцця артысты віншавалі  адразу тры пары — Алега і Вольгу Цвірка, Дзмітрыя і Аліну  Скачко, Івана і Наталлю Азарка.

Чалавек працай славіцца

Асобная старонка свята была адведзена чалавеку працы, які заўсёды ў Слаўкаве  быў у пашане. З пажаданнямі  здароўя і дабрабыту да мясцовых  ветэранаў сельскай гаспадаркі  звярнуўся дырэктар ААТ “Нясвіжскі райаграсэрвіс” Ю.В. Скрыба. Разам з цёплымі словамі  працаўнікі палёў і фермаў  атрымалі  памятныя падарункі ад сельгаспрадпрыемства і музычныя віншаванні ад артыстаў.

“Жывуць на прыгожай зямлі…”

На імправізаванай сцэне свята вёскі ўвагу і вяскоўцаў, і гасцей прыцягвала  вітрына-стэнд, дзе размясціліся фотаздымкі тых сядзіб, што захапляюць больш за іншыя,  і здзіўляюць сваёй шматколернасцю, акуратнасцю, фантазіяй.  Менавіта іх адзначыў у сваім выступленні старшыня Нясвіжскага сельскага выканаўчага камітэта А.М. Жураўскі. Павіншаваўшы ўсіх прысутных са святам вёскі, ён падкрэсліў, што дабрабыт вяскоўцаў расце з году ў год, і гэта — дзякуючы працавітасці людзей, іх стараннасці. А сярод  лепшых гаспадароў на сваіх па-дворках былі адзначаны  Антон Баляслававіч і Марына Фабіянаўна  Енчыкі, Марыя Аляксандраўна  Халоп і Святлана  Іосіфаўна Скрыцкая, а таксама  Ганна Іванаўна і Генадзь Часлававіч Ратомскія. Дарэчы,    сям’я Ратомскіх гэтымі днямі адзначае 28 гадоў сумеснага жыцця.

Што датычыцца іх статусу як адных з самых дбайных гаспадароў, то сапраўды, двор Ратомскіх патанае ў кветках. З ранняй вясны,  пачынаючы з бэзавых крокусаў, і да позняй восені радуе вока і суседа, і прахожага  вясёлка колераў.

— Мая любоў да кветак  прывіта ад мамы, яна вельмі  любіла іх, і яны з татам таксама станавіліся  пераможцамі ў конкурсах на лепшы па-дворак, — дзеліцца Ганна Іванаўна. — Я раней жыла ў Затур’і, а калі ўзяла шлюб, пакінула родны дом і ўжо доўгія гады разам з мужам  жыву ў Слаўкаве. Выгадавалі дваіх дзяцей. Яны ў нас працавітыя. Сама працую паштальёнам ужо дваццаць гадоў. Ведаю людзей, і вельмі прыемна чуць ад  аднавяскоўцаў і тых, хто прыпыняецца ля нашага двара, каб палюбавацца на кветкі, добрыя  словы ў свой адрас.

Вядома, мноства сартоў руж, флоксаў, клематысаў, астраў, цюльпанаў і іншых кветак патрабуе шмат клопату, але работа ніколі не пужала Ганну Іванаўну. А дзе трэба прыкласці  больш намаганняў, дружна дапамагаюць муж і дзеці…

Народны майстар

Дваццаць гадоў жыве ў вёсцы Слаўкава сціплая, але вельмі таленавітая жанчына — Алена Анатольеўна Хоміч, якая носіць ганаровае званне  народнага майстра Беларусі… Сама яна з Вілейшчыны. Некалі разам з мужам атрымала  вышэйшую адукацыю, але па спецыяльнасці працавала нядоўга. Ад сваёй здольнай цёткі, якая славілася, як добрая майстрыха, Алена Анатольеўна з дзяцінства пачарпнула любоў да рукадзелля. Пасля многа чытала,  знаёмілася з рознымі  тэхналогіямі.

Сёння яна — неаднаразовая ўдзельніца раённых, абласных і рэспубліканскіх выстаў, дзе былі прадстаўлены яе работы з саломкі, тканыя паясы, вышытыя карціны. Жанчына асвоіла дванаццаць відаў творчасці і на гэтым не спыняецца. Усё, што ні трапляе да яе ў рукі, набывае новае жыццё, ператвараецца ў прыгожае. Двойчы яна ўдзельнічала ў рэспубліканскім фестывалі “Славянскі базар” у Віцебску. Штодзень займаецца  са сваімі вучнямі ў РЦК, перадае ім вопыт, а ў вольны час асвойвае новы від творчасці — тэкстыльную ляльку.

Менавіта яе работы ўпрыгожылі  свята вёскі ў Слаўкаве.

Адзвінела свята ў Слаўкаве. Добрым словам успамінаюць вяскоўцы той дзень, танцы, песні “Дзень добры, родныя мясціны”, “Ветеранам минувшей войны”, “Мамино сердце”, “Цветет калина”, “Маленькая деревенька, “А ў сяле…”  А таксама артыстаў, якія наладзілі  такое мерапрыемства. Сярод іх сямейныя  дуэты: Антон Енчык і Вікторыя Сачук, Марына і Антон Енчыкі, а таксама Аляксандр Іваноў, Аліна Батурыцкая, Ганна Савіцкая, Аксана Пяткевіч, Наталля Завадская, дзіцячая  вакальная група і іншыя. Прагучалі беларускія, рускія і ўкраінскія песні. У ролі вядучых выступілі Галіна Русак і Элеанора Батурыцкая.

Іна ВАСІЛЕВІЧ. 

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!