На тэрыторыі нашага раёна знаходзіцца 68 грамадзянскіх могілак. 65 з іх адносіцца да пасялковага і сельскіх Саветаў, тры стаяць на балансе ЖКГ — гарадское, у Вайнілавічах і Качановічах.
Трэба адзначыць, што два апошнія дзесяцігоддзі мясцовая ўлада надае шмат увагі добраўпарадкаванню месц апошняга прытулку чалавека ў кантэксце ўсеагульнага навядзення чысціні і парадку на зямлі. У нядаўняй размове са старшынёй Нясвіжскага раённага Савета дэпутатаў Валерыем Лазюком я даведалася, што найбольш дагледжаныя могілкі ў нас — у Сноўскім, Нясвіжскім і Сейлавіцкім сельскіх Саветах, Гара-дзейскім пасялковым Савеце. Шмат робіцца для гэтага ў Ліпскім сельсавеце. Калі ёсць добрыя прыклады, значыць, яны вартыя пераймання. Таму і папрасіла работнікаў Саветаў падзяліцца: што зроблена на могілках, якім шляхам гэтага ўдалося дасягнуць, якія праблемы часам перашкаджаюць аператыўнаму і паспяховаму вырашэнню пытанняў.
Вось што расказала старшыня Сноўскага сельскага Савета дэпутатаў Галіна Карпей:
— На тэрыторыі нашага сельсавета дзевяць могілак. Усе яны маюць бетонныя агароджы, якія пафарбаваны акрылавай фарбай і якую мы рэгулярна асвяжаем. Усюды абсталяваны кантэйнерныя пляцоўкі для збору смецця і раслінных рэшткаў. Кантэйнеры таксама, калі трэба, рамантуем і падфарбоўваем. На большасці могілак знесены аварыйныя дрэвы. Сёлета, у пачатку года і тры месяцы назад, спілоўвалі іх на могілках у вёсцы Грыцы. Для гэтага людзі (і мясцовыя жыхары, і ўраджэнцы вёскі, якія жывуць у іншых населеных пунктах) збіралі грошы. Хочацца звярнуцца з просьбай прадоўжыць збор сродкаў, каб можна было адрамантаваць агароджу і пафарбаваць яе. Грошы можна здаць у магазіне вёскі Нялепава, адпаведны сшытак захоўваецца ў прадаўца. На могілках ёсць шмат магіл, якія ніхто не даглядае, не прыбірае, бо няма нікога з родных і блізкіх, або людзі ўжо не могуць гэтага рабіць па прычыне старасці і адсутнасці здароўя. Таму і патрэбны фінансы, каб арганізаваць усю гэту работу. Калі б сабралі, хто колькі можа, было б вельмі добра. Гэта вялікая просьба да жыхароў.
У вёсцы Мацылёўшчына вясной пачалі на могілках знос аварыйных дрэў і працягваем яго цяпер, высякаем хмызнякі. Складанасць у тым, што тут хаваюць сваіх родных таксама жыхары навакольных вёсак Ляхавіцкага і Клецкага раёнаў. А ўся нагрузка па ўтрыманні могілак ляжыць на нас.
Што тычыцца астатніх могілак — старыя дрэвы на іх былі ўбраны раней. Вясной і восенню высякаем малады падрост. Пастаянна скошваем траву. Наводзіць парадак і мы наймаем людзей, і агракамбінат “Сноў”, ААТ “Грыцкевічы” выдзяляюць.
Сноўскі сельскі Савет працуе ў цеснай сувязі з кіраўніцтвам мясцовых гаспадарак. Смецце з кантэйнерных пляцовак вывозіц-ца транспартам СВК “Агракамбінат Сноў” і ААТ “Грыцкевічы”. Разам з тым, старшыня сельскага Савета паскардзілася, што некаторыя грамадзяне, калі прыбіраюць магілы, смецце не нясуць у кантэйнеры, а складзіруюць побач з імі або зусім пакідаюць ля суседніх магіл (!). На заўвагі ж рэагуюць даволі агрэсіўна. Што ж, хамы і неахайныя людзі яшчэ, на жаль, не перавяліся. Калі ж аб’яўляецца ўсеагульны суботнік па навядзенні чысціні на могілках, жыхары выходзяць на яго неахвотна. Наогул жа ў Снове, запэўніла мая суразмоўца, могілкі заўсёды ўтрымліваліся ў належным стане.
Цяпер на могілках у раёне праводзіцца рэвізія — з мэтай выяўлення свабодных месцаў. Участкам надаецца нумарацыя. І месца, дзе можна капаць магілу, трэба абавязкова ўзгадняць у сельскіх і пасялковым Саветах. Гэта патрабуецца для ўладкавання пахаванняў.
— Добра, каб былі замацаваны пастаянныя наглядальнікі — адзін чалавек на двое-трое мо-гілак. Каб яны сачылі за парадкам, паказвалі месцы для пахавання памерлых, а то даводзіцца старшыні Савета ехаць і паказваць, дзе можна капаць магілу, а ён жа не заўсёды можа быць на месцы, — выказаў слушную прапанову Валерый Лазюк. — І на ўборку жыхарам трэба актыўней выходзіць. Многія чамусьці думаюць, што гэта справа толькі дзяржавы (чытай: сельсавета, гаспадаркі). Не. Адны работнікі сельскіх Саветаў не могуць прыбраць усе могілкі. Справа гэта — агульная, усіх і кожнага. Я і да святароў звяртаюся, каб яны часцей пра гэта людзям гаварылі, выхоўвалі ў вернікаў пачуццё неабходнасці сваімі рукамі, у свой вольны час наводзіць парадак на месцах апошняга прытулку сваіх блізкіх лю-дзей, якія далі пачатак іх роду, падарылі ім жыццё, вывелі на самастойны шлях.
Зразумела, што ў Саветах няма столькі грошай, колькі патрабуе належнае ўтрыманне могілак. Напрыклад, спілоўванне толькі аднаго дрэва запрошанымі для гэтага ўмельцамі-альпіністамі каштуе 200-300 рублёў. Дрэвы гэтыя некалі (40 — 60 гадоў таму) хтосьці (дзяды, прадзеды) садзіў: каб было прыгожа, каб птушкі спявалі, лісцейка шапацела. Толькі настаў час, калі замест хараства старыя дрэвы пачалі ўяўляць пагрозу: могуць упасці на помнік, агароджу ці, не дай Бог, на чалавека. Каб пазбегнуць бяды, і ўзяліся прыбіраць іх з могілак. Таму кожнаму трэба пранікнуцца гэтай праблемай і ўнесці свой уклад у агульную скарбонку.
У якасці прыкладу, дзе жыхары найбольш актыўна збіраюць і здаюць грошы на патрэбы могілак, мне прывялі Сейлавіцкі сельскі Савет. Тут вялікую ролю адыгрываюць сельскія старасты, проста актывісты, якія і кліч кінуць, калі трэба, і па хатах пройдуць. Кіраўнік спраў сельвыканкама Жанна Грабоўская назвала імёны сваіх памочнікаў. У Сейлавічах гэта — Алена Міхайлаўна Кувалдзін, у Андрушах — Ангеліна Мікалаеўна Хмяльніцкая, у Старых і Новых Навасёлках — Святлана Канстанцінаўна Урбан, у Затур’і — Марыя Ігнатаўна Халопіца і Ніна Паўлаўна Бярнацкая, у Юшавічах — Яніна Іосіфаўна Чарнюк і Алена Іосіфаўна Тарчыла. Калі ўзнікае патрэба, вяскоўцы даюць хто 10, хто 15, хто 20 рублёў, а ўся сума і дазваляе выканаць пэўны аб’ём работы.
А вось як арганізуюць добраўпарадкаванне могілак у Гарадзейскім пасялковым Савеце.
— Сёлета закупілі і ўстанавілі 72 секцыі агароджы, аддзялілі тэрыторыю могілак ад палёў эксперыментальнай базы “Свеклавічная”, устанавілі двое металічных варот з брамкамі — на цэнтральным уваходзе і з боку аб’язной дарогі, ад вёскі Маляўшчына, — расказвае старшыня Савета Уладзімір Раўбецкі. — Высеклі зараснікі і апрацавалі хімікатамі тэрыторыю плошчай у адзін гектар для будучых пахаванняў. Там трэба ўбраць пні, спланаваць тэрыторыю — гэта зробім у наступным годзе. Завезлі дзесяць аўтамашын зямлі, засыпалі ямы на месцы стыхійных звалак, якія людзі ствараюць, прыбіраючы магілы, каб потым выкарыстаць гэтыя ўчасткі для пахавання.
На старых могілках, дзе ёсць пахаванні канца XVIII — пачатку XIX стагоддзяў, выразалі кустарнік.
— Хто выконвае ўсю гэту работу?
— Наймаем людзей па дагаворы падраду, хто не мае пастаяннага працоўнага месца. Вось зараз у нас заняты чатыры чалавекі. Арганізоўваем жыхароў для ўборкі могілак: перад Радуніцай і Дзядамі вывешваем аб’явы, айцец Аляксандр, святар храма Прасвятой Багародзіцы, запрашае вернікаў да такой вельмі патрэбнай справы. Дарэчы, з айцом Аляксандрам працуем вельмі плённа, ён унікае ў гэтыя праблемы. Прадпрыемствы Гарадзеі выдзяляюць пагрузчык і транспарт для звозкі смецця і раслінных рэшткаў. Такім чынам, калі вясной 2014 года з могілак пасля ўборкі вывезлі 28 рэйсаў адходаў, то сёлета — толькі 4 рэйсы. Мы не даём ім назапашвацца, працуем пастаянна на працягу года, прыбіраем.
— Мы многае робім на могілках. Будзем і ў наступным годзе працягваць іх добраўпарадкаванне, — гаворыць старшыня райсавета Валерый Лазюк. — Трэба, каб і жыхары не заставаліся ўбаку, былі больш актыўнымі.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.