Сёлета Паўлюку Пранузу — беларускаму паэту,
сябру Саюза пісьменнікаў Беларусі, ганароваму
грамадзяніну горада Нясвіжа, ветэрану Вялікай
Айчыннай вайны, Чалавеку з вялікай літары —
споўнілася б 100 гадоў. У сувязі з тым,
што цэнтральная раённая бібліятэка носіць яго імя,
хочацца цёпла ўзгадаць пра паэта, расказаць,
якім ён быў у жыцці і як мы рыхтуемся да юбілею.
Павел Кузьміч Прануза нарадзіўся 18 сакавіка 1918 г. у вёсцы Вылева Добрушскага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і рабочага. У 1941 г. скончыў філалагічны факультэт Гомельскага педагагічнага інстытута. У час Вялікай Айчыннай вайны служыў у зенітнай артылерыі, прымаў удзел у баях на Бранскім, Цэнтральным і 1-м Беларускім франтах. У 1945 г. дэмабілізаваўся, выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Нясвіжскім педагагічным вучылішчы імя Якуба Коласа, затым у СШ № 3 г. Нясвіжа. За час сваёй настаўніцкай працы, выкладаючы родную мову і літаратуру, будучы кіраўніком літаратурнага аб’яднання, якое працавала пры раённай газеце «Чырвоны сцяг», Павел Кузьміч выпусціў сваіх выхаванцаў у вялікі свет і блаславіў іх на літаратурную працу. Яго вучні Іван Ралько, Уладзімір Кастручын, Яўген Міклашэўскі, Мікола Маляўка, Уладзімір Ліпскі сталі членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі, выдалі свае творы.
Першыя творы надрукаваў у 1936 г. У час Вялікай Айчыннай вайны яго вершы з’яўляліся ў газетах «Совецкая Беларусь» (Масква), «За свабодную Беларусь» (Калінінскі фронт), у газеце-плакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну», у франтавых і армейскіх газетах. Аўтар зборнікаў вершаў «Разгневаная зямля» (1946), «Добрай раніцы» (1951), «У дальнім раёне» (1954). «Мае землякі» (1957), «Калі верыш» (1963), «Родныя мясціны» (выбранае, 1968), «Непаўторнасць» (1974), «Трываласць» (выбранае, 1978), «Сустрэчы» (1983), «Мой аўтограф» (1988), «Рукі салдата» (1990). Напісаў зборнікі вершаў для дзяцей «Добры дожджык» (1960), «Я вясну малюю» (1962), «Дзе вясны пачатак» (1965), «Ручаёк» (1969), «Вясновыя тэле-грамы» (1976), «Фарбы восені» (1982), «Акопны спеў» (1986), «Звініць ручаёк» (1988). Перакладаў з рускай, украінскай і польскай моў.
Паэт узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Славы III ступені і медалямі.
У 1947 г. стаў сябрам Саюза пісьменнікаў СССР. За літаратурную працу быў адзначаны пяццю Ганаровымі граматамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларусі.
Павел Кузьміч пры жыцці цесна супрацоўнічаў з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, у фонд якога перадаў частку сваіх рукапісаў, фотаздымкаў, кніг. Пасля яго смерці дочкі Вера Паўлаўна і Алена Паўлаўна таксама перадалі некаторыя матэрыялы ў фонды Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя П. Пранузы, Нясвіжскага краязнаўчага музея і Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Сёння ў фондзе бібліятэкі вы знойдзеце шэраг рукапісаў вершаў, кніг з бібліятэкі Паўла Кузьміча з аўтографамі паэтаў, з якімі ён сябраваў, асабістыя рэчы.
Павел Кузьміч на працягу свайго жыцця прысвяціў шмат паэтычных радкоў Нясвіжу і Нясвіжчыне… Значны ўклад унёс у літаратурную спадчыну нашай краіны і таму невыпадкова ў красавіку 2015 года Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы было прысвоена імя Паўлюка Пранузы, што стала своеасаблівым штуршком для арганізацыі і правядзення штогадовага Фестывалю паэзіі, які носіць імя нашага паэта-земляка. Акрамя таго, з гэтага часу ў чытальнай зале бібліятэкі дзейнічае музей паэта, дзе кожны можа пазнаёміцца з жыццёвым і творчым шляхам Паўла Кузьміча Пранузы, з яго творамі, рукапісамі і яго бібліятэкай.
З нагоды юбілею Паўлюка Пранузы супрацоўнікі Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі плануюць арганізаваць літаратурныя чытанні «Паэт у адпачынку не бывае», у рамках якіх моладзь чакае сустрэча з беларускімі паэтамі, ІІІ фестываль паэзіі імя Паўлюка Пранузы «Голасам свайго пакалення», выставу-аўтограф «Мой аўтограф».
У бібліятэках раёна пройдуць агляд літаратуры «Паўлюку Пранузу — 100 гадоў» (Высакаліпская інтэграваная сельская бібліятэка), кніжна-ілюстратыўная выстава «Падарожнічаем з П.Пранузам» (Заазерская сельская бібліятэка), літаратурна-тэматычная гадзіна «Ты для патомкаў у жыцці вялікіх спраў зрабіў нямала», кніжная выстава «Сказана простаю матчынай мовай» (Слаўкаўская СБ) і многае іншае.
Людміла ВІТКО,
дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі.