На мінулым тыдні
механізатары раёна ўключылі ў работу
корманарыхтоўчую
тэхніку. Вядуцца
падкошванне пашы, уборка траў
першага ўкосу.
Мы пабывалі ў суботу на палетках ААТ “Новае жыццё” (фота 1). Напярэдадні механізатар Уладзімір Андросік скасіў траву, правяленую масу зграбаў Віктар Баргулёў. Іх калега Дзмітрый Смірноў (фота 2) на трактары МТЗ-2522 з падборшчыкам-абмотчыкам РППО-450 прыступіў да ўборкі валкоў у рулоны.
Як паведаміў “НН” галоўны аграном Міхаіл Канановіч, масавая корманарыхтоўка пачнецца адразу пасля 9 Мая.
Адначасова закладваецца падмурак корманарыхтоўкі наступнага этапу: на апошніх гектарах у акцыянерным таварыстве сеялі кукурузу на сілас.
На здымку 3: механізатары Адам Банеўскі — злева (менавіта ён працуе з сеялкай “Москар-6”) і Дзяніс Малевіч (падвозіць насенне) засыпалі апошняе ў сеялку. Па стане на 8 мая планавая лічба сяўбы — 800 гектараў — у гаспадарцы дасягнута. Далей, зыходзячы з патрэб жывёлагадоўлі, гэту работу яшчэ працягнуць.
Да закладкі кармоў на зімоўку рыхтуюць новыя сянажна-сіласныя траншэі. Здымак 4 зроблены каля вёскі Каменка. Тут шчыруе будаўнічая брыгада сельгаспрадпрыемства пад кіраўніцтвам майстра-будаўніка Васіля Ерашэўскага. На машыне для прыгатавання бетону “Фіоры” працуе Мікалай Вярэніч, на трактары ЮМЗ — Сяргей Акулік. Як расказаў Васіль Ерашэўскі, сёлета пастаўлена задача пабудаваць дзве траншэі (другая — каля МТФ “Наруцавічы”). І абедзве хутка будуць завершаны. Летась пабудавалі столькі ж.
Сёлета ў “Новым жыцці” трэба нарыхтаваць 17 тысяч тон сенажу, 800 тон сена, 20 тысяч тон сіласу. Дастатковая колькасць кармоў, найлепшая іх якасць — вось залог высокай прадуктыўнасці жывёлы. Над гэтым і працуюць вяскоўцы.
“НН”.