Меню
Курс $  3.27 | €  3.48 | ₽100  3.47 |
Погода 6 °C

Гаспадары нівы

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 0

Пост опубликован: 28.09.2018

Сталічны рэгіён заўтра падвядзе вынікі работы на збожжавай ніве 2018 года, ушануе лепшых з лепшых. А мы сёння, напярэдадні абласных “Дажынак-2018” у Мядзелі, зробім невялікі экскурс у мінулыя месяцы, пройдземся па палях, дзе механізатары вялі падкормку азімых,  культывавалі глебу пад сяўбу яравых збожжавых, сеялі іх, даглядалі. А пасля — убіралі. Аб гэтым чытачам расказвалі старонкі “Нясвіжскіх навін”.



Да падкормкі азотнымі  ўгнаеннямі азімых збожжавых культур механізатары раёна  пры-ступілі апошнімі сакавіцкімі — першымі красавіцкімі днямі. Ужо 5 красавіка былі  падкормлены апошнія гектары збожжавых у ААТ “Новае жыццё”. 7 красавіка  “закрыла” апошнія гектары  ДП “ЭБ “Свеклавічная”.

А за дзень 8 красавіка іх  было падкормлена 570 гектараў, у т.л. 156 — у ЗАТ “1 Мая”, 130 — у ААТ “Гарадзея”, 124 — у СВК “Агракамбінат Сноў”, па 80 га — у ААТ “Грыцкевічы” і “Нясвіжскі райаграсэрвіс”.

Згодна з аператыўнай інфармацыяй райсельгасхарчу, па стане на 10 красавіка ў цэлым па раёне падкармілі больш за 10400 гектараў азіміны — 71,1 % ад неабходнага. А трэба было падкарміць звыш 14600 гектараў.

9 красавіка механізатары прыступілі да закрыцця вільгаці ў глебе. За дзень было зроблена 1082 гектары. У т.л. 294 — у “Снове”, 155 — у “Свеклавічнай”, 150 — у ААТ “Нясвіжскія Астроўкі”.

Глеба атрымала неабходную колькасць мінеральных угнаенняў.

11 красавіка на палі  сельгас-прадпрыемстваў Нясвіжчыны выйшлі пасяўныя агрэгаты. Першымі вывелі сеялкі механізатары Павел Космач з СВК “Агракамбінат Сноў”, Віктар Буйко з ААТ “Новае жыццё”, Аляксандр Касмовіч з ААТ “Гарадзея”, Аляксандр Рудко  і Юрый Кур’ян з ААТ “Нясвіжскі райаграсэрвіс”, Пётр Губей з ДП “ЭБ “Свеклавічная”. За першы дзень у раёне было пасеяна 96 гектараў яравых збожжавых культур.

І ўжо на 19 красавіка яравыя збожжавыя і зернебабовыя былі  пасеяны ў СВК “Агракам-бінат Сноў” і ААТ “Новае жыццё”. Больш чым на 90 % выканалі гэту работу  механізатары ААТ “Нясвіжскія Астроўкі”, “ДП “ЭБ “Свеклавічная” і РУП “Доследная навуковая станцыя па цукровых бураках”.

Крыху пазней  працаўнікі Нясвіжчыны паехалі ў Валожынскі раён, каб там  дапамагчы хлебаробам на  вясновым полі. Яўген Вялічка з СВК “Агракамбінат Сноў” сеяў яравыя ў ТАА “Тарасава”, Кірыл  Чырэц з ААТ “Новае жыццё” — у КСУП “Пяршаі-2014”.

Добрая вестка прыйшла ў раён пасля заканчэння веснавой пасяўной  кампаніі. Падзячнымі  пісьмамі Мінскага абласнога камітэта  прафсаюза работнікаў АПК былі ўзнагароджаны Уладзімір Кастоўскі з “Агракамбіната Сноў”, які пасеяў 763 га збожжавых, выканаўшы план на 106 %, і Юрый Ханцэвіч з “Новага жыцця”, які падрыхтаваў глебу да сяўбы           на 1249 га, выканаўшы план на 113 %.

І вось зазвінела на збожжавай  ніве жніво. Сёлета — як ніколі рана. Першымі арганізавалі зажынкі ў ААТ “Лань-Нясвіж” — 28 чэрвеня. 12 ліпеня ў ДП “Эксперыментальная  база “Свеклавічная” прайшло раённае свята зажынак. А 15 ліпеня  першае зерне новага ўраджаю паступіла на Гарадзейскае збожжапрыёмнае прадпрыемства. Вадзіцель ААТ “Нясвіжскі райаграсэрвіс” Аляксандр Ісакаў даставіў яго з ЗАТ “1 Мая”.

Жніво набірала абароты. Так, па стане на 26 ліпеня ў раёне быў убраны амаль 31 % пасеваў збожжавых культур. У т.л. па 41 % плошчаў  вызвалілі камбайнеры ЗАТ “1 Мая” і ААТ “Юша-вічы”. Пры сярэдняй  ураджайнасці па раёне 48,5 ц/га ў “Новым жыцці” яна была 85,7, у “Снове” — 80,6 ц/га. Вечарам 25 ліпеня ў гаспадарках з’явіліся першыя тысячнікі. Усе — са “Снова”: старшыя  камбайнеры Сяргей Вайняк, Уладзімір  Яфімчык  і Аляксандр Грынаш, вадзіцелі Дзмітрый Міклашэвіч, Леанід Вялічка, Віталь Мамонька і Віктар Пячкоўскі.

31 ліпеня Сяргей Вайняк першы ў Мінскай вобласці  выйшаў на намалот 2 тысяч тон збожжа. Затым з’явіліся новыя  тысячнікі. Усяго ў раёне сёлета 7 камбайнераў намалацілі звыш 2 тысяч тон збожжа. 33 камбайнеры сабралі тысячу і болей  тон.

Дзесяць вадзіцеляў перавезлі з поля на ток больш за 2 тысячы тон збажыны, 28 — больш за тысячу тон. Самыя высокія  здабыткі — у Сяргея Вайняка (намалаціў больш за 2521 тону ў фізічнай вазе) і Дзмітрыя Міклашэвіча (перавёз больш за 2700 тон у фізічнай вазе). Найбольшую колькасць збожжа ў фізічнай вазе дапрацаваў аператар збожжасушыльнага  комплексу ААТ “Новае жыццё” Анатоль Казляк (амаль 11632 тоны).

У кожнай гаспадарцы на жніве былі свае лідары. Так, напрыклад, у ААТ “Гарадзея” першае месца сярод сваіх калег заняў старшы камбайнер Андрэй Баран, які намалаціў 1232,4 тоны збожжа. У ААТ “Новае жыццё” — Георгій Антановіч. У ААТ “17 верасня” — Сяргей Каленік. У ЗАТ “Агракамбінат Нясвіжскі” — Уладзімір Цымбал. У ЗАТ “1 Мая” — старшы камбайнер Сяргей Піваварэвіч. А перадавы вадзіцель  ААТ “Юшавічы” Канстанцін Падамацька  перавёз амаль 750 тон збожжа на сваім аўтамабілі ГАЗ-САЗ.

Калі жніво на Нясвіжчыне  падыходзіла да завяршэння, некалькі камбайнераў і вадзіцеляў было камандзіравана на дапамогу  Валожынскаму раёну. Гэта місія была даручана старшым камбайнерам Івану Касцюкевічу і Анатолю Абрамовічу са “Снова”, Валерыю Каспяровічу з ААТ “17 Верасня”, Сяргею Саленіку з “Новага жыцця”, Юрыю Наполеву з “Грыцкевіч” і іншым.

І вось настаў час падбіваць, як кажуць, бабкі. Збожжавых і зернебабовых у нашым раёне  сабралі сёлета 100119 тон пры ўраджайнасці 44,5 ц/га. Найбольшая  яна ў ААТ “Новае жыццё” (74,9 ц/га). Па 73,7 ц/га сабралі снаўчане. па прычыне засухі збожжа ў параўнанні з леташнім недабралі. Зразумела, што гэты факт засмучае і кіраўнікоў, і спецыялістаў, і  радавых працаўнікоў збожжавай  нівы. Але ж з прыродай не паспрачаешся. Заставалася  толькі да зярнятка ўбраць усё, што вырасла. І з такой задачай  нашы гаспадары палёў справіліся. Таму што працавалі  шчыра, добрасумленна, з высокім  прафесіяналізмам.

Валавы збор зерня ў сельгаспрадпрыемствах прырастае ў гэтыя дні кукурузай. Яна ўрадзіла нядрэнна. У сярэднім з гектара намалочваюць па 128 цэнтнераў. У т.л. “Грыцкевічы” атрымалі па 156 ц/га,  “Нясвіжскі райаграсэрвіс” — 145 ц/га. Па стане на 27  верасня ў раёне намалочана  32438 тон кукурузы.

Дайджэст

падрыхтавала

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!