Шмат цікавых сюрпрызаў падрыхтавала ў мінулую суботу для сваіх выпускнікоў СШ №3 г. Нясвіжа.
Прыкладна дзве сотні былых вучняў, што сабраліся сюды на вечар сустрэчы, адразу трапілі ў вір школьнага жыцця: за паўгадзіны да ўрачыстай часткі яны былі запрошаны на школьную лінейку, дзе кожны выпуск атрымаў свае жартоўныя “даручэнні”, а затым маглі пабываць у парку забаў і пацех: пагуляць у класікі, атрымаць пасведчанні вадзіцеля веласіпеда, пабываць на станцыі Піянерскай, паслухаць школьнае радыё і нават даведацца пра сваю будучыню, выцягнуўшы адпаведны фанцік у пчалы-прадказальніцы. Працавала фотазона, была арганізавана і выстава фотаздымкаў юбілейных выпускаў.
Адным словам, былыя вучні адразу адчулі, што іх любяць і помняць, што ім рады.
Не менш цікава было і на ўрачыстай частцы вечара ў школьнай зале — тут прадстаўленні выпускаў і тэатралізаваныя мініяцюры са школьнага жыцця змянялі адно другое, і сумаваць не было калі. Увагі хапіла ўсім — і вучням, і настаўнікам. Асаблівыя словы ўдзячнасці былі адрасаваны настаўнікам – ветэранам педагагічнай працы, а класны кіраўнік 35-гадовага выпуску Людміле Казіміраўне Валочнік атрымала Ліст падзякі ўпраўлення адукацыі, спорта і турызму Мінскага аблвыканкама.
Момант вечара сустрэчы. Выступае танцавальны калектыў школы “Візаві”
“НН”.