Меню
Курс $  3.26 | €  3.48 | ₽100  3.5 |
Погода 9 °C

Мой тата вярнуўся з вайны…

Нясвіжскія навіны 5 лет назад 0 0

Пост опубликован: 06.05.2019

22 чэрвеня 1941 года пачалася Вялікая Айчынная вайна, якая перакрэсліла жыццё і лёсы ўсіх людзей. Нямецкія войскі напалі на Савецкі Саюз знянацку, у чатыры гадзіны раніцы. Яны думалі, што захопяць нашы землі адразу. Але ж на абарону  падняліся ўсе. Людзі сталі адзіным цэлым: разам з рускімі, беларусамі ваявалі ўкраінцы, грузіны, казахі і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей.



Побач з бацькамі ваявалі дзеці.

Усюды зямля гарэла пад нагамі акупантаў. Канечне, яны не чакалі такога адпору, таму ў адказ і лютавалі — палілі вёскі, катавалі, забівалі людзей. Амаль кожную беларускую сям’ю закранула чорнае крыло вайны.

Ніколі ў жыцці я і мой брат не бачылі нашага дзеда — Канстанціна Іванавіча Стадуба. Яго расстралялі немцы, калі вёз партызан і яны натрапілі на засаду. Мала таго: калі мая маці прыбегла на месца трагедыі і пачала, прыгаворваючы, плакаць, штосьці не спадабалася ў яе словах немцу. Таму, калі б не мой тата, то і яе магло б не быць. Але ж Богам было так наканавана, каб у яе яшчэ нарадзі-ліся мой брат і я.

Не дачакаліся з вайны свайго бацьку Іосіфа Канстанцінавіча Стадуба мае стрыечныя сёстры. Ён загінуў, вызваляючы Польшчу.

Назаўжды застаўся ляжаць у венгерскай зямлі бацька маёй свякроўкі Іосіф Адамавіч Гушча.

Мы — мірныя людзі, і ніяк не маглі зразумець, што карнікі могуць забіць нізашто. А маладосць — яна ж такая бесклапотная. Хацелася і пагуляць, схадзіць у госці. Вось і мая цётка Уладка пайшла ў суседнюю вёску Капыльскага раёна. А ў гэты дзень наляцелі карнікі, сагналі ўсіх жыхароў той вёскі і спалілі.

Да апошніх сваіх дзён буду помніць слёзы майго татачкі Міхаіла Юльянавіча Шыкулы, удзельніка вайны. Заўсёды, калі ён успамінаў пра вайну або гладзеў перадачы на ваенную тэматыку, у яго дрыжэў голас, а па маршчыністым твары цяклі слёзы. Паверце, гэта страшна, калі плача стары чалавек.

І як не ўспомніць даволі сціплага чалавека, майго свёкра Юльяна Іванавіча Карпука, інваліда Вялікай Айчыннай вайны. Малады хлопец вярнуўся з вайны з цяжкім раненнем нагі. Канечне ж, ён адчуваў сябе не такім, як здаровыя маладыя хлопцы, не мог і патанчыць.

А жанчыны-ўдовы… Вайна адабрала ў іх самае галоўнае — жаночае шчасце. Як расказвала мая цётачка Жэня, яна зусім мала была замужам, не пазнала ў шлюбе і радасці мацярынства, бо муж загінуў у першыя ж дні вайны. Не дакахалі, а некаторыя нават і не нараджалі дзетак.

Дарагой цаной нам далася Перамога. І ў аповедах маёй матулі радасць перамогі была перамешана з горыччу. У той дзень мама і цётка Жэня былі ў Нясвіжы, куды прыехалі па гаспадарчых справах на коннай павозцы. А тут усе крычаць: “Перамога!”. Адны жанчыны плакалі, другія смяяліся, некаторыя, плачучы, упалі на зямлю, і гэты плач пераходзіў у енк… “Мы з Жэняй нібы застылі, — успамінала маці. — Конь распрогся, а мы не ведаем, што з ім рабіць. Добра, што знаёмы дапамог нам”.

А з якой радасцю чакалі сваіх родных дамоў. Мой татачка таксама вярнуўся жывым. Калі ён ішоў пешшу дамоў, мой стрыечны брат пасвіў кароў за вёскаю. Убачыўшы, што ідзе дзядзька, хлопчык кінуў кароў і паімчаўся дамоў, каб першым сказаць радасную навіну. А дарослыя падумалі, што карова ўтапілася ў балоце — цяпер гэта ўспамінаецца з усмешкай.

Цяжка было і пасля вайны. Самае галоўнае — не хапала хлеба. Мой брат прыгадваў, як, пастаяўшы не раз у велізарнай чарзе па хлеб, ён казаў маме: “Я не хачу і есці, але па хлеб не пайду болей!”.

Сёлета мая родная Беларусь адзначыць 75-годдзе з дня вызвалення ад нямецкіх захопнікаў. З гэтай нагоды хочацца сказаць: “Як жа гэта слаўна, калі весела і бесклапотна смяюцца дзеці, маладыя людзі кахаюць адзін аднаго, нараджаюць дзяцей… Дык давайце цаніць гэту магчымасць, давайце жыць у міры і згодзе. І помніць тых, каму мы абавязаны жыццём!”.

Антаніна КАРПУК,

г. Нясвіж.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!