Меню
Курс $  3.27 | €  3.51 | ₽100  3.56 |
Погода 19 °C

Франтавы альбом. Працягваем расказ аб нашых знакамітых земляках на вайне

Нясвіжскія навіны 5 лет назад 0 0

Пост опубликован: 03.08.2019

На латвійскай зямлі

У латвійскім горадзе Добеле  ёсць воінскія брацкія могілкі. На адной з мармуровых пліт высечана прозвішча радавога Плакса М.І. Сярод тысячы савецкіх  воінаў, пахаваных там, пакоіцца прах нашага земляка Міхаіла Іосіфавіча Плакса. Ён загінуў 27 сакавіка 1945 года.



…Міхаіл Плакса нарадзіўся ў 1901 годзе. На фронт пайшоў летам 44-га. Служыў у 92-м Сестрарэцкім Чырвана-сцяжным стралковым палку 201-й Чырванасцяжнай Гатчынскай  стралковай дывізіі 8-й арміі Ленінградскага фронту. Баявое хрышчэнне  атрымаў у Эстонскай ССР падчас Талінскай наступальнай аперацыі (17.09 — 26.09. 1944 г.). У верасні 201-ю дывізію перадалі ў склад 122-га стралковага корпуса 67-й  арміі 3 Прыбалтыйскага фронту.

14 верасня — 21 кастрычніка тры Прыбалтыйскія франты праводзілі  рыжскую наступальную аперацыю, у якой удзельнічаў наш зямляк Міхаіл Плакса. Пасля вызвалення Рыгі 3 Прыбалтыйскі фронт скасавалі, яго злучэнні ўвайшлі ў склад  ленінградскага фронту. У сакавіку 201-я стралковая дывізія перайшла ў распараджэнне 2 Прыбалтыйскага  фронту, у саставе 22-й  арміі вяла баі з Курляндскай  групай нямецка-фашысцкіх войскаў. Тады і загінуў М.І. Плакса.

 

У першыя дні вайны…

Асмолавец Сяргей Андрэевіч Плакса  нарадзіўся ў 1912 годзе. У Чырвоную Армію яго прызвалі на другі дзень вайны — 23 чэрвеня 1941 года — Снядаўскім райваенкаматам Беласток-скай вобласці, якая тады ўваходзіла ў склад БССР. Снядава размяшчалася блізка ад мяжы з Германіяй. І гэтым сказана многае — далейшы лёс Сяргея Анатольевіча застаецца невядомым.

Абстаноўка на фронце ў пачатку вайны складвалася для нашых войск катастрафічна. 27 чэрвеня яны пакінулі Беласток, аказваючы супраціўленне ворагу. Але сілы былі няроўнымі. 1 ліпеня немцы поўнасцю акружылі часці Чырвонай Арміі, што адступілі  з Беластокскага выступу. Усе злучэнні 10-й арміі, дзе, хутчэй за ўсё, ваяваў наш зямляк, былі разбіты… За першыя два тыдні праціўнік нанёс  паражэнне нашаму Заходняму  фронту, прасунуўся на ўсход на 300 кіламетраў, захапіўшы  значную частку Беларусі…

“Но сыну было — пусть узнает мать —

Лицом на Запад легче умирать”*

Піліп Сцяпанавіч Плакса нарадзіўся ў 1921 годзе. На фронт прызваны ў верасні 1944-га. Падрыхтоўку прайшоў у запасным  палку, затым быў  адпраўлены на перадавую. Залічаны стралком 440-га стралковага палка 64-й стралковай Магілёўскай ордэнаў Суворава і Кутузава дывізіі 1 Беларускага фронту. Упершыню ўдзельнічаў у баі падчас Вісла-Одэрскай стратэгічнай наступальнай аперацыі. У яе ходзе нашы войскі разграмілі 35 дывізій праціўніка. Вызвалялі Польшчу, выйшлі на дальнія подступы да Берліна. Піліп Плакса праявіў сябе смелым, ініцыятыўным салдатам, і яго прызначылі камандзірам  стралковага аддзялення.

Берлінская стратэгічная наступальная аперацыя пачалася 16 красавіка ў 3 гадзіны  па мясцовым часе артпадрыхтоўкай. Затым былі ўключаны 143 пражэктары, каб асляпіць праціўніка, і ў атаку пайшла пяхота пры падтрымцы танкаў. На трэці дзень аперацыі войскі  1 Беларускага  фронту зламалі  трэцюю паласу варожай абароны на Одэры. Але ж і яны неслі страты. 18 красавіка ў жорсткай схватцы з фашыстамі загінуў  малодшы сяржант Піліп Плакса.

Месца яго пахавання — мемарыял воінам Савецкай Арміі ў Польшчы, брацкая магіла № 45, Слубіцкі павет, горад Цыбінка, раён Бялкув, ул. Бялкувская.

*Радкі з верша Канстанціна Сіманава.

Падрыхтавала Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

 

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!