Меню
Курс $  3.25 | €  3.55 | ₽100  3.67 |
Погода 19 °C

Шлях праз церні…

Нясвіжскія навіны 3 года назад 0 0

Пост опубликован: 12.02.2021

“Мы змаглі ў гістарычна кароткі тэрмін пераадолець крызіс, добраўпарадкаваць нашы гарады і пасёлкі, стварыць працуючую сістэму сацыяльнай абароны моладзі, пенсіянераў, шматдзетных сем’яў, абараніць чалавека працы ад беспрацоўя і галечы.

Мы змаглі стварыць канкурэнтаздольную прамысловую і сельскагаспадарчую вытворчасць. Наша невялікая па сусветных мерках дзяржава заняла лідзіруючыя пазіцыі ў вытворчасці шэрагу сельскагаспадарчай прадукцыі. Гэтага не змог дасягнуць у свой час нават магутны Савецкі Саюз”.



Уладзімір ГУСАКОЎ,

старшыня прэзідыума

Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, акадэмік.

Пачатак дзевяностых гадоў. У Саюзе ССР — глыбокі эканамічны і палітычны крызіс, развал вытворчасці, катастрафічнае паніжэнне жыццёвага ўзроўню большай часткі насельніцтва. Узрасла сацыяльная напружанасць у многіх рэгіёнах, узніклі міжнацыянальныя канфлікты з чалавечымі ахвярамі. Аб’яўленыя пяць гадоў таму галоснасць і перабудова, пераход да рынкавых адносін нічога добрага працоўнаму народу пакуль не прынеслі.

Чытаю Нясвіжскую раённую газету “Чырвоны сцяг” за 1991 год. Чытаю як нейкае фэнтэзі ці нейкі трылер — чаго толькі не перажылі беларусы, іншыя народы СССР у тыя часы! Нагадаю пра гэта людзям старэйшага пакалення. А маладым, якія тады ці пазней нарадзіліся, трэба проста ведаць аб гэтай старонцы ў гісторыі Беларусі. Нашай незалежнай дзяржаве толькі 30. І тады, у ліхія 90-я, яе толькі пачыналі будаваць.

Мясцовыя журналісты вялі ў газеце рубрыку “Хроніка тыдня: у краіне і за мяжой”. Прывяду некаторыя вытрымкі адтуль.

Люты 1991 г.:

“Цэны на хлеб, хлебабулачныя вырабы, мяса, мясапрадукты вырастуць у 3 разы, на малако і малочныя тавары — у 2,3, цукар — у 2,35, яйкі — у 2, рыбныя тавары — у 2,3, алей, маянэз і маргарын — у 2, соль — у 3,4 раза. Плануецца павысіць рознічныя цэны на асобныя віды тканін, масавыя віды адзення і абутку ў сярэднім на 70 %, на тавары для дзяцей — у сярэднім у 2,3 раза, на тавары культурна-бытавога і гаспадарчага прызначэння — на 75 %”.

Чэрвень:

“Па дадзеных Дзяржкамстата БССР, у студзені — красавіку баставалі на 34 прадпрыемствах рэспублікі. У выніку недададзена прадукцыі на 120,1 млн руб”.

“У Мінску завяршыўся судовы працэс над бандай. У яе саставе было пяцёра злачынцаў. На іх рахунку — крадзеж зброі, матацыклаў, машын, аграбленне ка-сіра, забойствы, вымаганне грошай у кааператараў”.

“У багажным аддзяленні Мінскага чыгуначнага вакзала ў адным з транзітных кантэйнераў работнікі праваахоўных органаў знайшлі вялікую партыю халоднай зброі і боепрыпасаў”.

Ліпень:

“У Мінску затрымана злачынная група з пяці чалавек, якія на працягу 1990-1991 гадоў сістэматычна кралі і затым прадавалі за межамі Беларусі новенькія МАЗы”.

“Польскія ўлады і сродкі масавай інфармацыі б’юць трывогу па прычыне таго, што ў Варшаве ўзмацняецца захоп рынкаў і прылягаючых да іх месц гандлю новаспечанымі савецкімі спекулянтамі. Да таго ж, апошнія хуліганяць, п’янствуюць і г.д. Толькі з 5 па 7 ліпеня за дэбашырства па-ліцыяй затрыманы 18 масквічоў, 11 жыхароў Беларусі, 9 украінцаў, 16 прыбалтаў, 5 армян”.

“Даўжэзныя чэргі выстройваюцца ў гэтыя дні да вінзавода ў Гродне. Тут сталі адпускаць “чарніла” проста ў тару пакупнікоў. Прычына — недахоп бутэлек”.

Верасень:

“Кабінет Міністраў Украіны прыпыніў рознічны продаж мукі насельніцтву”.

“Колькасць рэпатрыянтаў, якія прыбудуць у Ізраіль з СССР у верасні, дасягне 10 тысяч”.

Лістапад:

“За чатыры гады міжнацыянальных канфліктаў у Закаўказзі забіты 86 ваеннаслужачых і супрацоўнікаў міліцыі, загінулі больш за 450 мірных жыхароў”.

“Прыкладна ў тры разы ўзрасце з сакавіка 1992 года кватэрная плата ў Эстоніі. Рашэнне аб яе павышэнні прынята ўрадам рэспублікі”.

“Крытычнае становішча ўзнікла ў Казахстане — у многіх гаспадарках ужо няма чым карміць жывёлу”.

“Пачынаючы з 5 лістапада, на вуліцах Сімферопаля час ад часу ўспыхваюць перастрэлкі. У горадзе пачалася барацьба паміж узброенымі групоўкамі рэкеціраў”.

Снежань:

“Рэзка папаўзла ў гору крывая смяротных выпадкаў у Прымор’і. Яна дасягнула страшнага рубяжа: загінула 3,2 тысячы чалавек. Кожны пяты з іх — самазабойца”.

“Загадам міністра асветы Арменіі з 10 снежня спынены заняткі ў дзясятках школ рэспублікі. З-за адсутнасці газу, які паступаў па тэрыторыі Азербайджана і быў перакрыты яшчэ ў пачатку лістапада, многія навучальныя ўстановы не ацяпляюцца”.

“З першага студзеня 1992 г. у Беларусі ўведзены парадак продажу тавараў па картках спажыўца з купонамі. Купонная сістэма будзе ажыццяўляцца адначасова з продажам па спісах, талонах, візітных картках, чэках і чэкавых кніжках ашчадбанка”.

З якімі ж праблемамі сутыкнуліся канкрэтна жыхары Нясвіжчыны? Аб гэтым, побач са станоўчым, таксама расказвала раённая газета.

Студзень 1991 г.:

“Празмерна высокі кошт сельскагаспадарчай тэхнікі, яе рамонт, будаўніцтва вытворчых і сацыяльных аб’ектаў на фоне адносна невялікіх цэн на сельгаспрадукцыю, якую атрымліваюць гаспадаркі пераважна па лініі дзяржаўных закупак, з’яўляюцца сур’ёзнымі праблемамі. Пры новых закупачных цэнах выручка ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі ў 1991 г. у раёне ўзрасце на 26 млн рублёў, у той час як сабекошт — на 28 млн. Рэнтабельнасць яе з 44,6 % у 1989 г. знізіцца ў 1991 г. да 29,6 %”.

Красавік:

“84-гадовы жыхар в. Юшавічы прастаяў у чарзе ў магазін “Гаспадарчыя тавары” ў Нясвіжы з 10 да 16 гадзін, каб купіць аліфы і цвікоў. Аліфу прыдбаў, але цаной парванай у людской валтузні вопраткі”.

“Рост цэн адмоўна адбіўся на рэалізацыі прадукцыі. Кантынгент наведвальнікаў прадпрыемстваў грамадскага харчавання Нясвіжа рэзка скараціўся. Калі раней тут рэалізоўвалі ў месяц 40 тон мясапрадуктаў, то цяпер — 10. Вельмі адчувальны недахоп агародніны: адсутнічаюць морква, капуста, цыбуля, бульба”.

“Камбінаты-пастаўшчыкі газетнай паперы паведамілі раённым газетам, што сёлета фонды на паперу будуць атаварвацца на 60-70 працэнтаў. Калі дабавіць да гэтага высокі кошт паперы — на маскоўскай таварна-сыравіннай біржы яе цана паднялася да 12 тысяч рублёў за тону — стане зразумелым, што выданні раённага ўзроўню пастаўлены перад дылемай скарачэння выпуску газет”.

Ліпень:

“Многія школы раёна ўносяць свой уклад  у вырашэнне Харчовай праграмы. Наладжаны адкорм свіней, вырошчванне гародніны. Летась, напрыклад, СШ № 2 г. Нясвіжа прадала 8 вяпрукоў. Зараз тут стаіць на адкорме 10 свіней”.

Лістапад:

“Выяўлены факты падробкі талонаў на набыццё тавараў, што прывяло да іх перарасходу. Таму выканкам Нясвіжскага раённага Савета народных дэпутатаў прыняў рашэнне з 1 снежня 1991 г. увесці ў раёне часова продаж цукру, алею і вінна-гарэлачных вырабаў па спісах грамадзян па месцы жыхарства”.

Снежань:

“Цэны на біржы на газетную паперу падняліся толькі ў параў-нанні з пачаткам бягучага года ў 10 разоў”.

“Запасаў бензіну ў раёне засталося на тры дні — 50 кубічных метраў. У экстрэмальнай сітуацыі прыняты надзвычайныя меры — скарачэнне выхаду машын. У “Водаканале”, напрыклад, з 10-і бу-дзе запраўляцца толькі адзін аўтамабіль”.

“У раёне апошнім часам тугавата з хлебам, аб чым сведчаць чэргі ў магазінах. Прычына таму — дэфіцыт мукі. Па папярэдніх даных, яе можа не хапіць на апошнія сем дзён снежня”.

Вось такі быў “падарунак” да Новага, 1992, года.

Але людзі выстаялі, выжылі, прайшлі нялёгкі шлях выпрабаванняў, адышлі ад бездані, ад краху, не сталі іванамі, што не памятаюць сваіх родных, не сталі жабракамі, чыёй-небудзь калоніяй, сатэлітам. Пра гэта трэба гаварыць. Пра некалішні разгул грабяжоў на дарогах. Успомніце нашу бліжэйшую рэспубліканскую трасу М1. Колькі людзей загінула, колькі машын і тавараў было адабрана! Пра тое, што на вуліцах вечарам хадзілі з асцярогай, каб які злодзей футравую шапку з галавы не садраў ці сумку з рук не вырваў. Тых, хто ноччу вяртаўся з працы ў другую змену, даво-дзілася сустракаць родным ці сяб-рам. Хаос і бязладдзе панавалі. А хлеб… Пра хлеб у памяці назаўсёды застаўся такі эпізод. Калі летам 1990 года пайшоў з жыцця мой бацька, сярод розных развітальных клопатаў трэба было купіць прадукты на памінальны стол. Дык вось, хлеба столькі, колькі мне яго неабходна было набыць, у касе не адпусцілі. Давалі ў рукі па адной буханцы. Давялося здаваць іх у камеру захоўвання і некалькі разоў станавіцца ў чаргу. А выстойванне ў чэргах за іншымі таварамі? Даўка, калатня, сваркі…

Распрацаваная і прынятая на першым Усебеларускім народным сходзе праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 1996 — 2000 гады, планавае вядзенне гаспадарання, абазначаныя ў якасці прыярытэтаў на той час экспарт, будаўніцтва жылля і развіццё агра-прамысловага комплексу прынеслі першыя станоўчыя вынікі. Толькі работу давялося весці жорстка, напружана. Каб мець тое, што маем цяпер. Каб сёння на шостым Усебеларускім народным сходзе гаварыць пра новыя мэты і задачы.

На маім абедзенным стале заўсёды ёсць хлеб. Такі духмяны, такі жаданы. Калі заканчваецца “Дар’еўскі”, выпечаны на Нясвіжскім хлебазаводзе, іду ў магазін, каб купіць сталічны “Купалаўскі”. Не таму, што папярэдні прыеўся — хлеб апрыёры не можа прыесціся, а каб пакаштаваць кожны. Напрыклад, мае сваякі любяць “Майскі” Мінскага хлебазавода     № 5 і батон “Дзіковінка” нясвіжскіх хлебапёкаў. Камусьці падабаецца “Водар”… Я да чаго пра гэта ўсё? А вось да чаго: цяпер мы нават маем магчымасць выбіраць з вялікага асартыментнага пераліку. Толькі адзін Нясвіжскі хлебазавод сёння мае ў сваім асартыменце 51 найменне хлебабулачных і 30 найменняў кандытарскіх вырабаў, выпускае два віды сумесяў — сухую хлебапякарную “Рэксол-хмель” і кампазітную “Хмеляначка”.

Гэтак жа выбіраем малако і малочныя прадукты, прывезеныя з Мінска, Брэста, Клецка, Снова, Ляхавічаў… Выбіраем мясныя прадукты, дастаўленыя з Мінска, Гродна, Ваўкавыска, Барысава, Снова, Слуцка… Адна толькі сноўская перапрацоўчая вытворчасць выдае “на гара” каля 350 відаў мясной прадукцыі. Выбіраем самыя разнастайныя фрукты і гародніну: тут і смачныя яблыкі з Нясвіжскай сортавыпрабавальнай станцыі, і экзатычныя манга і ананасы. І шмат усяго іншага. Харчовыя і прамысловыя тавары можна набыць у магазінах рознай формы ўласнасці: дзяржаўнай, кааператыўнай, прыватнай. Паглядзіце на шыльды толькі на нясвіжскіх вуліцах: “Віталюр”, “Марка”, “Еўраопт”, “Беліта”, “Санта”, “Ласунак”, “Світанак”, “Камунарка”, “Магніт”, “Імпульс”, “Кветкі і падарункі”, “Востраў чысціні”, “Ваш дом” і г.д. Спажыўцам ёсць дзе правесці маніторынг і спыніцца на тым, што больш па душы. І аб’ёмы пакупак растуць.

Прывяду некаторыя лічбы. У цэлым па Беларусі мяса і мяса-прадуктаў было прададзена ў 2005 годзе — 655 тысяч тон, у 2018-м — 866 тыс. тон, яек — 1387 і 1439 мільёнаў штук, гародніны — 260 і 341 тысяча тон. Больш сталі прадаваць, таму што больш вырошчвалі, больш атрымлівалі, больш завозілі экзотаў, наладзіўшы належную лагістыку. Лепш папрацавалі. Вытворчасць асноўных прадуктаў сельскай гаспадаркі ў разліку на душу насельніцтва ў 1995-м і 2019-м гадах выглядала наступным чынам. Збожжа — адпаведна 540 і 778 кг. Малака — 497 і 785 кг. Яек — 331 і 373 штукі. Гародніны — 101 і 197 кг. Жывёлы і птушкі ў забойнай вазе — 64 і 132 кг. Узровень самазабяспечанасці малаком у нас значна вышэй за 200 %, мясам — за 130 %, яйкамі — за 120 %. Беларусь забяспечыла сваю харчовую бяспеку, паспяхова развівае экспартны накірунак, зарабляе грошы. Аб’ём прамысловай вытворчасці з 81,79 мільярда беларускіх рублёў у 2016 годзе вырас да 115,7 млрд у 2019-м. Гэта — даныя шматгадовых сацыялагічных даследаванняў Аналітычнага цэнтра ЕсооМ.

Вось такі вырысоўваецца малюнак дня сённяшняга. Дакладней, некаторых яго сегментаў. Ды што там многа гаварыць?! Прагуляйцеся па вуліцах старажытнага Нясвіжа, палюбуйцеся новымі мікрараёнамі са шматпавярховымі дамамі і асобнымі катэджамі. Новабудоўлі даходзяць да аб’язной дарогі. Размах — можна па-добраму пазайздросціць. Працавітыя рукі ствараюць дабрабыт — для сябе, для дзяцей і ўнукаў. Каб жыло ў душах пачуццё шчасця і задаволенасці. Дык давайце рабіць усё, каб ніколі не паўтарыліся ліхія дзевяностыя.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,

заслужаны журналіст

Беларускага

саюза журналістаў.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!