Меню
Курс $  3.27 | €  3.51 | ₽100  3.56 |
Погода 20 °C

Шлях, правераны часам

Нясвіжскія навіны 3 года назад 0 0

Пост опубликован: 02.04.2021

“Саюз Беларусі і Расіі не толькі трывала ўвайшоў у лёс двух брацкіх народаў, назаўсёды ўпісаны ў іх навейшую гісторыю, але і стаў геапалітычнай рэальнасцю, якая аказвае ўплыў на ход гістарычнага працэсу”.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.

Развал Савецкага Саюза трыццаць гадоў таму падвёў Беларусь да краю бездані. Былі разарваны кааперацыйныя, вытворчыя і палітычныя сувязі паміж рэспублікамі некалі адзінай дзяржавы. Спыніліся многія прадпрыемствы, расло беспрацоўе. “Агульны спад вытворчасці склаў 40 працэнтаў. Сельская гаспадарка адкінута на дваццаць гадоў назад. Інфляцыя ў 1993 годзе склала 1700 працэнтаў і ўзрастае на 50 працэнтаў штомесячна”, — так апісваў сітуацыю ў сваёй перадвыбарнай праграме ў 1994 г. кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Лукашэнка. Рэзка знізіліся даходы людзей. На пачатак 1994 г. за мяжой беднасці апынулася больш за 60 % беларускага насельніцтва.



І малады Прэзідэнт, узначаліўшы суверэнную Беларусь у такі цяжкі час, узяў у тым ліку курс і на аднаўленне інтэграцыйных працэсаў, каб рэанімаваць вытворчасць, уліць у артэрыі рэспублікі жыватворныя сокі. У першую чаргу погляд быў звернуты на бліжэйшага суседа, славянскую Расію, з якой у складзе СССР было асабліва развітае супрацоўніцтва. І не толькі таму. Увесь “гістарычны шлях развіцця Беларусі праходзіў у русле нацыянальнага, культурнага, цывілізацыйнага адзінства з Расіяй. Для беларускага і рускага народаў характэрны моўнае радство, адзінства ладу жыцця і тэрыторыі, адна і тая ж сістэма каштоўнасцей, падобныя светапогляды і палітычныя перакананні, агульнасць гістарычнага лёсу. Аб’ектыўна беларуская дзяржаўнасць сфарміравалася ва ўмовах агульнарускай цывілізацыйнай прасторы, саюза з рускім народам” (Леў Крыштаповіч, доктар філасофскіх навук).

14 мая 1995 г. у Беларусі прайшоў рэферэндум, адным з пытанняў на якім і было — ці падтрымліваем мы дзеянні Прэзідэнта, накіраваныя на інтэграцыю з Расіяй. Па Рэспубліцы Беларусь кіраўніка дзяржавы падтрымала 82,4 % выбаршчыкаў, па Нясвіжскім раёне — 76,1 % (“не” сказала 17,9 % нашых землякоў). Зыходзячы з меркавання большасці беларусаў, 2 красавіка 1996 года ў Маскве Прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Барыс Ельцын падпісалі Дагавор аб стварэнні Саюза Беларусі і Расіі. Гэты дзень і ўвайшоў у навейшую гісторыю нашай дзяржавы як Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. 2 красавіка 1997 г. лідары нашых дзяржаў папярэдне падпісалі праект Статута Саюза Беларусі і Расіі, які быў вынесены на абмеркаванне грамадзян абедзвюх дзяржаў і прыняты 23 мая 1997 года. 25 снежня 1998 г. прынята Дэкларацыя “Аб далейшым яднанні Беларусі і Расіі”. Яна ўпершыню агучыла ідэю стварэння Саюзнай дзяржавы. А 8 снежня 1999 г. быў падпісаны Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Якая мэта такой мадэлі ўзаемасувязей? На гэта пытанне доктар эканамічных навук, прафесар Міхаіл Мясніковіч ва ўводным артыкуле кнігі “Праблемы стварэння і дзейнасці Саюзнай дзяржавы” (на момант яго напісання М.У. Мясніковіч узначальваў Прэзідыум НАН Беларусі) дае адказ: “Аб’яднанне матэрыяльнага і інтэлектуальнага патэнцыялаў абедзвюх дзяржаў, уздым эканомікі, стварэнне роўных умоў павышэння ўзроўню жыцця народаў і духоўнага развіцця асобы”.

Саюзная дзяржава ўяўляе сабой якасна новую мадэль узаемаадносін. Яе суб’екты ніякіх правоў і паўнамоцтваў нікому не перадаюць, а аб’ядноўваюць свае намаганні для вырашэння сумесных задач і захоўваюць свой суверэнітэт. На шляху інтэграцыі было зроблена нямала. Напрыклад, рэалізавана 57 сумесных навукова-тэхнічных праграм. Штогод на іх фінансаванне накіроўваецца каля 70 % саюзнага бюджэту. У 2020-м сумесных праграм было 12: сем — у сферы высокатэхналагічнай прамысловасці і абароннага комплексу, тры — у сацыяльнай, дзве — у эканамічнай сферы. Нягледзячы на пандэмію, ні адзін праект Саюзнай дзяржавы не быў замарожаны ці прыпынены.

Да прыкладу, дакладна ў тэрмін адбыўся пуск Беларускай АЭС у Астраўцы, ва ўзвя-дзенні якой актыўны ўдзел бяруць расіяне.

Цеснае супрацоўніцтва і яго добрыя вынікі бачны, як кажуць, няўзброеным вокам.

“Сёння кааперацыяй звязана больш за 8 тысяч прадпрыемстваў Беларусі і Расіі. У ёй за-дзейнічана каля паловы беларускіх прамысловых арганізацый. Дзякуючы цесным эканамічным сувязям, наша невялікая краіна стала для Расіі, удумайцеся, чацвёртым па велічыні знешнегандлёвым партнёрам. Беларуская прадукцыя зной-дзецца ва ўсіх куточках Расіі”, — падкрэсліў у сваім выступленні на VI Усебеларускім народным сходзе 11 лютага 2021 года Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Аб’яднанне эканамічных патэнцыялаў нашых краін дазволіла ў значнай ступені лібералізаваць рух тавараў, паслуг, капіталаў, рабочай сілы. Беларуска-расійскі тавараабарот  ужо ў 2006 г. дасягнуў 19,9 млрд долараў ЗША — на 25,9 % больш, чым у 2005-м. У 2020 годзе тавараабарот склаў амаль 30 млрд долараў.

Экспартуюць сваю прадукцыю суседняй краіне і прадпрыемствы нашага раёна: ТАА “Нясвіжскі завод дзіцячага харчавання”, ААТ “Гарадзейскі цукровы камбінат”, СВК “Агракамбінат Сноў”, ЗАТ “Агракамбінат Нясвіжскі”. Летась, напрыклад, снаўчане адправілі ў Расію сваёй прадукцыі на 3447,6 тысячы долараў ЗША.

Маючы шматлікія рынкі збыту ў краіне-суседцы, Беларусь з’яўляецца таксама фінішнай вытворчасцю для многіх галін расійскай эканомікі. Кааперацыя дае работу мільёнам расіян і сродкі для жыцця іх сем’ям.

Трывалым фундаментам двухбаковых зносін стала супрацоўніцтва рэгіёнаў. Садзей-нічаюць гэтаму і Беларуска-Расійскія эканамічныя форумы. Першы форум прайшоў у верасні 2005 г. у Мінску. На сучасны момант урадам Беларусі заключаны пагадненні больш чым з 70 суб’ектамі Расійскай Федэрацыі, а ў 1996 годзе гэта былі толькі Масква, Краснадарскі край, Маскоўская, Цюменская і Валгаградская вобласці. Сябруюць паміж сабой асобныя гарады нашых краін. Так, партнёрамі Нясвіжа з’яўляюцца Рэутаў Маскоўскай вобласці — з 2005 года, Гатчына Ленінградскай вобласці — з 2007 года. Стасункам летась перашкодзіла пандэмія каранавіруса. Але ж праблема не будзе такой вострай вечна. І мы зноў будзем разам ушаноў-ваць памятныя даты нашай агульнай гісторыі, сустракацца на канцэртных пляцоўках, за “круглымі сталамі” , проста падчас сяброўскіх зносін.

Добрасуседскія адносіны нашых краін, надзейнасць супрацоўніцтва пацвярджаюць і такія факты. Расія падтрымала летась беларускі народ у самы востры момант спробы мяцяжу пры жорсткай атацы звонку. Другое: калі абставіны прымусілі Беларусь адмовіцца ад паслуг літоўскага марскога порта ў Клайпедзе, яна атрымала такую магчымасць у порце Усць-Луга і Пецярбургскім марскім порце. Міжурадавае пагадненне аб гэтым было падпісана 19 лютага 2021 года. У першай дэкадзе сакавіка Беларусь паставіла ў названыя порты 7000 тон нафта-прадуктаў. На працягу 2021 — 2023 гадоў мяркуецца перавалка больш за 9,8 млн тон грузаў. Наступны прыклад: Беларусь першай атрымала ад Расіі вакцыну для прышчэпкі супраць каранавіруса.

Свежая навіна: на мінулым тыдні нашу рэспубліку наведала дэлегацыя Прыморскага краю. Яго губернатар Алег Кажамяка сустрэўся з Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам. Яны абмеркавалі праекты ў будаўнічай сферы і сельскай гаспадарцы, набыццё расіянамі беларускай тэхнікі і адкрыццё гандлёвага дома “Беларусь” ва Уладзівастоку. Аб’ём тавараабароту паміж гэтым расійскім рэ-гіёнам і Беларуссю расце. Спынімся на адным аспекце: куплі нашай тэхнікі. У 2019 г. партнёры набылі 91 адзінку, летась — 177, у бліжэйшыя два гады ім будзе пастаўлена 400 розных машын, у т.л. трактары МТЗ.

Рэгулярна чытаю газету “Саюз. Беларусь — Расія” — перыядычнае выданне Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы. Хочацца прывесці хаця б некалькі загалоўкаў публікацый калег, якія расказваюць пра важныя і патрэбныя людзям справы: “Мінская тэхніка руліць па Прымор’і”, “У Калузе беларускія будаўнікі ўзвялі тры школы, чатыры дзіцячыя садкі і шэсць жылых шматкватэрных комплексаў”, “Дзякуючы прамысловай кааперацыі з беларусамі Карэлія атрымала інвестыцыі і новыя рабочыя месцы” і г.д.

У рамках Саюзнай дзяржавы глыбокая інтэграцыя не толькі ў эканоміцы, але і ў палітыцы. Нашы знешнепалітычныя ведамствы дзейнічаюць часам заадно, як адзінае цэлае, і перш за ўсё ў абароне. Асабліва гэта важна цяпер, калі знешнія сілы нацэлены на зрыў інтэграцыйных праектаў. “У гэтых абставінах, толькі згуртаваўшыся, мы захаваем устойлівасць нашых краін, ад звязкі Беларусь — Расія ці Расія — Беларусь у многім залежыць мірная і стабільная будучыня рэгіёна…”, упэўнены беларускі лідар.

У Саюзнай дзяржаве сфарміраваны роўныя ўмовы для грамадзян абедзвюх краін: адсутнасць граніц і свабоднае перамяшчэнне, адсутнасць двайнога падаткаабкладання, інтэграванае пенсійнае забеспячэнне, адукацыя, медыцынскае абслугоў-ванне. Ні беларусы, ні расіяне не адчуваюць сябе замежнікамі ў краінах адзін аднаго. У сферы адукацыі ў якасці прыкладу можна прывесці Беларуска-Расійскі ўніверсітэт у Магілёве. Зараз у ім вучыцца амаль 5000 студэнтаў па 21 спецыяльнасці першай ступені і па 7 спецыяльнасцях другой ступені вышэйшай адукацыі па беларускіх адукацыйных праграмах, а таксама па 10 накірунках падрыхтоўкі бакалаўраў і 3 накірунках падрыхтоўкі магістраў па расійскіх праграмах. Тут рыхтуюць спецыялістаў у сферы машынабудавання, энергетыкі, будаўніцтва, ІТ-тэхналогій, асвойваюць гуманітарныя накірункі. Многія беларускія юнакі і дзяўчаты набываюць прафесію ў ВНУ Расіі. Сёлета, дарэчы, у беларускіх абітурыентаў з’яўляецца магчымасць паступаць без здачы адзінага дзяржаўнага экзамена (ЕДЭ).

Нядаўна ў СМІ з’явіўся Дэкрэт Вышэйшага Дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы “Аб бюджэце Саюзнай дзяржавы на 2021 год”. Прадугледжаны розныя праграмы ва ўсіх сферах жыццядзейнасці: у ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве, забеспячэнні бяспекі, у навуковых даследаваннях, сельскай гаспадарцы, экалогіі, адукацыі, культуры, ахове здароўя, сацыяльнай палітыцы і г.д. Напрыклад, школьнікаў чакаюць алімпіяда “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць” і конкурс навукова-тэхнічнай творчасці “Таленты XXI стагоддзя”. Грамадзянска-патрыятычная кадэцкая змена называецца “За гонар Айчыны”. Вялікае значэнне мае супрацоўніцтва і ў сферы культуры. Брэндам стаў Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, які, дарэчы, сёлета пройдзе 30-ы раз. Адбудуцца фестывалі “Творчасць юных” і “Моладзь — за Саюзную дзяржаву”. Усіх сумесных планаў і праграм, зразумела, не пералічыць. Галоўнае, яны з’яўляюцца эфектыўным інструментам двухбаковай інтэграцыі.

Нядаўна ў нашай краіне было праведзена рэспубліканскае апытанне грамадскай думкі “Сацыяльнае мысленне”. Згодна з ім, 56,1 % беларусаў лічыць, што адносіны з Расіяй развіваюцца станоўча і хутчэй станоўча. 9 % і 7,5 % лічыць, што хутчэй адмоўна і адмоўна адпаведна. Значыць, выбар зроблены правільны, і наперадзе яшчэ  шмат працы. Супрацоўніцтва Беларусі з Расіяй як адзін з накірункаў прыярытэтнай і шматвектарнай знешняй палітыкі з’яўляецца гарантыяй і атрыбутам суверэнітэту маладой беларускай дзяржавы.

19 сакавіка 2021 года Дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы прызначаны Дзмітрый Мезенцаў, які з красавіка 2019 г. з’яўляўся Надзвычайным і  Паўнамоцным Паслом Расіі ў Беларусі. Інжынер, журналіст, дыпламат. Вось яго меркаванне пра сутнасць расійска-беларускіх адносін: “Патэнцыял Саюзнай дзяржавы велізарны! А праўды, таварыскасці, даверу ў брацкіх адносінах ніколі не можа быць вельмі многа. Іменна гэта адрознівае сапраўднае саюзніцтва, якое нельга вымераць кубаметрамі, тонамі, грашыма. Гэта тое, што нельга прамяняць, каб дагадзіць кан’юнктуры сённяшняга дня, падмануўшыся палітычнымі міражамі”.

Справядліва сказана. Чалавечнасць, еднасць, роднасць — вось што вельмі важна. Такія сувязі парваць немагчыма. У маёй суседкі дачка, зяць, унукі жывуць у Маскве, сястра — у Варонежы. Другія суседзі-масквічы прыязджаюць у Нясвіж летам, у кватэру, што  атрымалі ў спадчыну. У адной сяброўкі сястра, дачка з сям’ёй — у Маскве, яшчэ ўнук — у Цюменскай вобласці. У другой сяброўкі сястра — у Архангельскай вобласці. Мае пляменнікі, іх дзеці і ўнукі жывуць у Санкт-Пецярбургу, Кастраме і вобласці, сябры і знаёмыя — у іншых рэгіёнах Расійскай Федэрацыі. І такіх прыкладаў можна прывесці тысячы. Шырока, вольна раскінулася крона гэтага жыццёвага дрэва, і яе надзейна трымаюць моцныя славянскія карані. З другога боку — з 39684 жыхароў Няс-віжчыны, згодна з перапісам 2019 г., 2034 чалавекі — рускія па нацыянальнасці. І мы — адна сям’я.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,

член Беларускага саюза журналістаў.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!