Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 10 °C

Аляксандр Данчанка. Дарога праз пастырскае слова

Нясвіжскія навіны 3 года назад 1 1

Калі чалавек трапляе ў Нясвіж упершыню, то  часцей за ўсё пытае дарогу да яго знакамітых мясцін. Дарогу да храма Узнясення Гасподня пытаць не трэба. Велічны і прыгожы, ён узвышаецца над іншымі будынкамі, нібы запрашаючы кожнага чалавека не праходзіць міма. Дарогу да храма кожны шукае сам, і прытым ва ўсіх сэнсах. Пакліча Гасподзь — знойдзеш,  і для кожнага шлях да храма адкрываецца ў свой час.



Благачынны Нясвіжскай царкоўнай акругі настаяцель храма Узнясення Гасподня протаіерэй Аляксандр Данчанка на  Нясвіжчыну прыехаў  у  1991 годзе. Спачатку служыў у Крыжаўздзвіжанскім храме в. Вялікая Лысіца, а затым атрымаў благаславенне мітрапаліта Філарэта будаваць у нашым горадзе храм, які зараз і ўзвышаецца над Нясвіжам. Усе тыя гады, пакуль узводзілася святыня, айцец Аляксандр не толькі жыў большую частку сутак на будоўлі, служыў службы, але і клапаціўся аб тым, каб храм у будучым быў напоўнены вернікамі. У 2004 годзе святар стаў адным з заснавальнікаў клуба духоўна-маральнага выхавання падлеткаў і моладзі “Ноеў каўчэг”, у 2010-м — кіраўніком духоўна-асветніцкага цэнтра “Існасць”, створанага пры Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы па ініцыятыве самога Аляксандра Данчанкі і супрацоўнікаў аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі  райвыканкама. У гэтым жа годзе па благаславенні святара на раённым радыё стала выходзіць духоўна-асветніц-кая перадача “Абуджэнне” — сумесны праект раённага радыё, бібліятэкі і Нясвіжскага благачыння пры яго непасрэдным удзеле. У верасні 2020 года айцец Аляксандр благаславіў яшчэ адно новае пачынанне  — сумесны праект “Духоўнае слова” аддзела па рабоце з дзецьмі Нясвіжскай цэнт-ральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы, Нясвіжскага благачыння і СШ № 4 нашага горада.  Пастырскае слова айца Аляксандра і зараз слухаюць не толькі вернікі падчас багаслужэнняў, але і новыя наведвальнікі “Ноева каўчэга”,  удзельнікі сямейнага клуба “Згода”, які быў арганізаваны  пры бібліятэцы з удзелам святара, вучні школ і іх бацькі, настаўнікі і бібліятэкары.

Гэта зараз. Але быў час, калі будучы святар Аляксандр Данчанка жыў у краіне ваяўнічага атэізму,  калі царкоўныя званы або змоўклі зусім, або іх покліч патанаў у гуле бязвер’я і духоўнай глухаты. Ён нарадзіўся ў Мінску. Вучыўся ў 63-й сталічнай школе. Мама Раіса Канстанцінаўна была настаўніцай, тата Яўген Іванавіч працаваў інжынерам на заводзе. Усвае дзіцячыя і юнацкія гады мама хадзіла ў храм, а пасля, калі храмы пазачынялі, хадзіць не было куды. Але, як узгадаў айцец Аляксандр, яго маці ў душы заўсёды жыла з Богам.

— Саша, — казала яна, — ніколі дрэнна не думай і не гавары пра Бога, веру і царкву.

Бацькі, і самае галоўнае, бабулі Аляксандра і Усціння, дапамаглі Аляксандру прыйсці да веры, знайсці шлях да храма.

З дзіцячых гадоў і зараз прыходзіць на ўспамін такі малюнак. Раніца. Хлопчык прачынаецца ад бабулінага шэпту і бачыць, што яна стаіць ля іконы Маці Божай Казанскай і моліцца за ўсіх родных увогуле і , канечне ж, каб яе любімы ўнук Сашка ў свой час таксама сустрэўся з Богам.

Бабуля жыла ў вялікім сяле побач са станцыяй Боркавічы, у сарака кіламетрах ад Полацка. Аляксандр, калі ў яе гасцяваў,  любіў бегаць на чыгунку і праводзіць цягнікі.

— У маім дзяцінстве ў нас былі розныя гульні. Але ў адрозненні ад нашага часу, тады ў краіне склалася такая сітуацыя, што пра Бога ніхто не гаварыў. Гэта тэма была забароненай і ў нас былі думкі і мэты, не звязаныя з рэлігіяй і царквой. Я марыў быць машыніс-там.  Мне падабаліся вялікія, зялёныя паравозы з чырвонымі коламі. Паравоз адыходзіць і машыніст махае мне рукой. Я быў такі ўсхваляваны! Але пасля жыццё пайшло іншым шляхам і машыністам я не стаў, — успамінае айцец Аляксандр.

Нягледзячы на ўсеагульную забарону пытанне веры ўсё ж такі хвалявала Аляксандра Данчанку. Яму было цікава, чаму некаторыя людзі вераць у Бога, а другія гавораць, што Бога не існуе. Калі ён вучыўся ў дзявятым класе, у суседнім двары жыла дзяўчынка, яна была баптысткай і над ёй пасмейваліся. У вачах сучаснікаў веруючы чалавек здаваўся адсталым. Аднойчы, сустрэўшыся з ёй выпадкова, Аляксандр спытаў, ці праўда яна верыць у Бога. Яна, спакойна і ўпэўнена адказала пытаннем на пытанне:

— А як можна жыць без Бога?

З цягам часу Аляксандр зразумеў, што без Бога жыццё непаўнавартаснае, без веры чалавек шмат страчвае, многага не разумее. Але гэта пазней. А пакуль пошукі галоўнага ў жыцці працягваліся. Пасля школы Аляксандр Данчанка паступіў у Полацкі лясны тэхнікум і тры гады пасля яго заканчэння даглядаў лес.

— Я толькі потым зразумеў, чаму я так люблю лес. У лесе ўся праўда жыцця. Няма ні хітрасці, ні крывадушнасці. Там усё, што Бог стварыў, — тлумачыць свой выбар айцец Аляксандр.

Пасля лясніцтва ён працаваў сталяром — хацелася спазнаць розныя бакі жыцця. Але ў хуткім часе зразумеў, што яму не хапае ведаў, у першую чаргу, каб разабрацца ў сабе, у сваіх пачуццях і адчуваннях. Аляксандр паступіў у Беларускі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Горкага на аддзяленне “Сямейная псіхалогія”, паспяхова яго закончыў і стаў настаўнікам працы ў школе-інтэрнаце № 4 г. Мінска, прымяняючы веданне псіхалогіі і да сябе, і да сваіх вучняў.

Да таго часу адносіцца і адна са знакавых сустрэч у жыцці святара. Неяк ён трапіў на лекцыю, якую праводзіў у Мінску псіхолаг з Масквы.

— Тады для мяне ўпершыню ён закрануў тэму веры так глыбока, што я адчуў у яго словах праўду і ісціну. Сутнасць была ў тым, што ён увогуле не складаную рэч сказаў, але яна была для ўсіх зразумелай: што калі ёсць тварэнне, то ёсць і Творца. З таго часу мой шлях стаў хіліцца ў бок веры. Я паступова прыйшоў у храм і затрымаўся там на ўсё жыццё, — узгадаў гады маладосці святар.

У адной з мінскіх цэркваў тады была наладжана служба “Міласэрнасць”, у якую Аляксандр Данчанка добраахвотна ўступіў.  У яе справах маглі ўдзельнічаць усе жадаючыя, здольныя аказваць дапамогу людзям, што трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю, цяжка хварэлі. Там будучы святар сустрэўся з Ірынай Мікулік, якая неўзабаве стала яго жонкай. Аляксандр і Ірына разам працавалі ў траўматалогіі ў Мінску па вуліцы Кіжаватава, дзе знаходзіліся людзі пасля аварыі, з моцнымі пераломамі, траўмамі пазваночніка. Многія доўгія месяцы былі нерухомымі.

Яшчэ адна лёсавызначальная сустрэча таксама адбылася ў хуткім часе: мітрапаліт Філарэт, пасля неаднаразовых размоў,  благаславіў Аляксанд-ра на паступленне ў Мінскую духоўную семінарыю і на святарскае служэнне.

— Мне тады было трыццаць чатыры гады. Як я пасля зразумеў, што ўвесь гэты папярэдні этап быў проста падрыхтоўкай на шляху майго станаўлення, прыходу  да веры і разумення, што галоўнае — гэта жыць з Богам. Не ўсе могуць быць святарамі і гэта не абавязкова. Галоўнае быць добрым, праўдзівым чалавекам. А доўг святароў у тым, каб несці праўду аб тым, што кожнага з нас  чакае галоўны экзамен, самы важны, які мы будзем здаваць напрыканцы жыцця, і пра гэта мы людзям нагадваем. Па выніках гэтага галоўнага экзамена нам будзе выстаўлена адзнака, якую мы заслужылі. Гэта мы тлумачым вернікам у храме, гэтаму нас вучыць Слова Божае, — разважае святар.

На першым месцы служэння — Крыжаўздзвіжанскім храме вёскі Вялікая Лысіца  нашага раёна — айца Аляксандра сустрэлі з радасцю і любоўю. Людзі чакалі святара і пасля ў многім яму дапамагалі. Сёння протаіерэй Аляксандр Данчанка з вялікай цеплынёй успамінае сваіх першых прыхаджан. Са многімі і зараз захоўвае добрыя адносіны.

А пасля айца Аляксандра чакала самая галоўная праца жыцця — на будаўніцтве храма Узнясення Гасподня ў Нясвіжы. Цяжкасці, якія прыйшлося перажыць святару за амаль адзінаццаць гадоў будаўніцтва, у поўнай меры можа ўявіць толькі яго сям’я і прыхаджане, якія заўсёды былі побач.

Але, як неаднойчы гаварыў протаіерэй Аляксандр Данчанка юным удзельнікам праекта “Парады з вуснаў несвіжан”, наведвальнікам клуба “Ноеў каўчэг”, з дапамогай веры можна пераадолець любыя цяжкасці.

— Гэта не значыць, што бу-дзе лёгка. Мы павінны пераадольваць розныя жыццёвыя цяжкасці. Але адна справа, калі чалавек усё пераадольвае сам, спадзяецца толькі на сябе, гэта памылка. Таму што  людзі могуць  памыляцца. Не памыляецца толькі Гасподзь Усемагутны, Усёведны. І калі чалавек сам спрабуе свае праблемы вырашаць, ён можа памыляцца і нават яшчэ большыя праблемы ад гэтага мець. Але калі чалавек звяртаецца за дапамогай да нашага айца Нябеснага, які стварыў нас, увесь род чалавечы, тады яго справы будуць ісці паспяхова. У гэтым сутнасць малітвы.

Хутка айцец Аляксандр прычакае свой шасцідзесяціпяцігадовы юбілей. А не так даўно, 6 ліпеня бягучага года, святар адз-начыў трыццацігоддзе служэння Царкве, Богу і людзям. З гэтай нагоды з айцом Аляксандрам сустрэліся ўдзельнікі сумеснага праекта “Парады з вуснаў несвіжан” Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы, раённай газеты “Няс-віжскія навіны”, раённага радыё і СШ №4 г. Нясвіжа, наведвальнікі гуртка “Юны журналіст” гэтай навучальнай установы. Айцец Аляксандр адказаў на многія пытанні рабят. А сярод галоўных парад, якія атрымалі будучыя журналісты для сябе і іншых, была наступная:

— Кожны чалавек індывідуальны, унікальны і непаўторны. Таму адшукаць словы, якія б падыходзілі аднолькава для ўсіх, цяжка. Але галоўнае, што можна сказаць з вышыні пражытых гадоў, вопыту царкоўнага жыцця, гэта каб у кожнага чалавека адбылася сустрэча з Богам. Гэта падзея можа ўсё жыццё змяніць у лепшы бок. Гэта вельмі важна.

Прыслухаемся да мудрых слоў святара і ў сваю чаргу пажадаем яму многая лета, моцы і сіл на новыя добрыя справы.

Валянціна ШЧАРБАКОВА,

г. Нясвіж.

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.

1 Comment

1 Comment

  1. Wiktoria:

    Ojcu Alexandrowi Danczenko najlepsze ,z serca płynące życzenia nieustannej OPIEKI BOZEJ na dalsze lata posługi kapłanskiej..
    Kilka lat temu byłam w Waszej pięknej cerkwi na JABŁOCZNYJ SPAS z moimi przyjaciółmi ,z Natalią, Tatianą,Zoją a Wala Szczarbakowa częstowała mnie i mojego męża słodkimi jabłkami,
    które pobłogosławił Ojciec Alexander.
    Niech Pan Bog Wam Wszystkim błogosławi. Wiktoria Żukiewicz

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!