Горячие новости

Сакрэт поспеху хлебароба — плённая праца

Больш за трыццаць гадоў выводзіць свой камбайн на збожжавую ніву механізатар ААТ “Гарадзея”Георгій Ліхута. Добрая слава пра яго працоўныя дасягненні разышлася далёка па-за межы Нясвіжчыны. Хлебароб з’яўляецца прызнаным лідарам сваёй справы, спецыялістам вышэйшага класа. Георгій Міхайлавіч неаднаразова выходзіў пераможцам і прызёрам рэспубліканскага фестывалю-кірмашу “Дажынкі”, прымаў падарункі з рук Прэзідэнта Рэспублікі Аляксандра Лукашэнкі, быў шматразовым безумоўным лідарам раённага і абласнога спаборніцтваў па ўборцы збожжавых, нарыхтоўцы кармоў і ўборцы асноўных сельскагаспадарчых культур. Мае ў сваёй асабістай скарбонцы дасягненняў медаль “За працоўныя заслугі”, які атрымаў у 2003 годзе. Таксама быў удзельнкам ІІІ Усебеларускага сходу.

У гарачыя дні жніва цяжка “вылавіць” хлебаробаў для гутаркі: усе яны ў гэтыя хвіліны ў полі — ствараюць задзел на ўвесь год. Таму я накіравалася менавіта туды — на перадавую, на гэты раз у ААТ “Гарадзея”.
На залатой ніве стракочуць камбайны. Частка поля ўжо ўбрана. Я чакаю, калі “Claas Lexion 480” падыдзе бліжэй і спрытна залажу ў кабіну. Тут халаднавата. За штурвалам — сціплы і ўсмешлівы Георгій Міхайлавіч Ліхута, мой герой. Пакуль яшчэ не крануліся, прашу вадзіцеля крыху папазіраваць і раблю некалькі фотаздымкаў.
— Як настрой? Усё такі ж бадзёры, як 33 гады таму? — пытаюся я.
— Так-так, — смяецца мой сураз- моўца. — Разнявольвацца нельга!
Сапраўды, цяжка такое сабе ўявіць (асабліва маладому пакаленню), што можна на працягу столькіх гадоў быць непахісна адданым сваёй справе. За ўвесь час Георгій Міхайлавіч працаваў усяго на двух хлебаўборачных машынах — “Доне” і з 2001-га па цяперашні дзень — на “Лексіёне”. Даведаўшыся пра гэта, адзначаю ўслых: адразу відаць, у якіх гаспадарскіх руках знаходзіцца тэхніка.
— Я яшчэ ў школе асвоіў навыкі вадзіцельскай справы, працаваў на нашым мехдвары слесарам, затым, пасля арміі, вучыўся на трактарыста. А потым быў тэхнікум. Увогуле, я ж па спецыяльнасці заатэхнік, але хлебаробская праца, як бачыце, больш прыйшлася па душы, — расказвае камбайнер.
— Атрымліваецца, Вы ўсё ж чалавек зямлі. Як яна ў гэтым го- дзе, не падводзіць?
— Зямля не падводзіць, а вось надвор’е крыху капрызіць. Таму мы жвавенька стараемся, аператыўна. Звычайна ў першых чыслах жніўня ўжо заканчваем, а зараз — змагаемся! Сёння вось, дасць Бог, гэтае поле з пшаніцай пройдзем.
— Дарэчы, мне цяжка адрозніць, дзе пшаніца, дзе трыцікале — усё на адзін манер… А на сваім вопыце можаце падзяліцца, якую культуру цяжэй за ўсё малаціць?
— Для мяне, мабыць, лён на зярно — адна з самых складаных.
— А чаму так? — не разумею.
— Звычайна ж лён рвуць спецыяльнай машынай. Справа ў тым, што ён цяжка рэжацца. А так, нічога, спраўляемся…
У Георгія Міхайлавіча шмат дасягненняў. За ўвесь працоўны стаж ён заўсёды быў у перадавіках. Яго прозвішча неаднаразова мільгацела на старонках не толькі раённых ці абласных газет, але нават і рэспубліканскіх выданняў, гучала на тэлебачанні. Аляксандр Лукашэнка асабіста ціснуў руку хлебаробу і дзякаваў за плённую і добрасумленную працу.
У 2019-м у раёне зацверджаны штогадовы Ганаровы прыз імя Георгія Міхайлавіча Ліхуты, які ўручаецца маладому трактарысту-машыністу за самаадданую працу ў сельскагаспадарчай галіне (не менш трох гадоў) і дасягненне найвышэйшых вынікаў па ўборцы рапсу і іншых культур. Пераможцу прысвойваецца званне “Лаўрэат Ганаровага прыза Г.М. Ліхуты”, уручаецца грашовы прыз і памятны сімвал.
— Георгій Міхайлавіч, а што для Вас значыць такая ўдзячнасць і прызнанне вашай працы?
— Безумоўна, прыемна, што кожны год ушаноўваюць, віншуюць, адзначаюць тваю значнасць і запатрабаванасць, — крыху бянтэжыцца мой суразмоўца.
— Вядома! Праца далёка не з лёгкіх! — пацвярджаю я. — А які асабісты рэкорд Вы ставілі за час сваёй работы?
— Больш за чатыры тысячы тон, — адказвае хлебароб. — Каля дзесяці год запар у мяне атрымлівалася не менш 3-4 тысяч малаціць…
— Ого! Вы, мусіць, дзень і ноч працавалі не спыняючыся? — дзіўлюся. — Ці, пачакайце… мабыць,
у Вас нейкі сакрэт ёсць? — смяюся.
— Які там сакрэт! — таксама смяецца Георгій Міхайлавіч. — Але бывала сапраўды па-рознаму. Уначы працаваць — справа не новая для камбайнераў. Галоўнае, любіць тое, што робіш, і плённа працаваць.
— Вас, напэўна, і ў камандзіроўкі пасылаюць з такой нагоды?
— Так, звычайна кожны год куды-небудзь езджу дапамагаць. Напрыклад, у мінулым — малаціў палеткі “Нясвіжскага райаграсэрвісу”. Сёння пакуль яшчэ са сваім уходжваемся.
Георгію Міхайлавічу амаль 57, і ён кажа, што ўпэўнена мог бы працаваць на камбайне і яшчэ, але трэба саступаць дарогу маладым.
— Як, на Вашу думку, моладзь
зараз учэпістая, з хваткай? Напрыклад, у параўнанні з вашай бытнасцю? — цікаўлюся.
— Тут і сказаць складана. Я ж кажу, проста трэба любіць справу. Калі не ляжыць душа — то і нічога не будзе, не выйдзе. Сюды ідзе той, хто сапраўды хоча. Як зачапіла — ужо адваротнай дарогі няма… — тлумачыць Г.М. Ліхута.
— Значыцца, дзеліцеся вопытам толькі з самымі дастойнымі?
— (смяецца) Не, ведамі дзелімся з усімі і дапамагаем, калі трэба. А браць гэтыя веды ці не браць і што з імі рабіць — кожны вырашае сам. Хлопцы ў нас талковыя, амаль усе праз мае рукі прайшлі — былі памочнікамі. Шчыра кажучы, не шкада такой змене даручыць справу. Усё ў іх атрымаецца…
— А ў вас усё атрымалася? Як лічыце, Вы паспяховы чалавек? Якія, асабіста для Вас, галоўныя складальнікі поспеху?
Георгій Міхайлавіч на секунду задумваецца і тут жа выпальвае:
— Працаваць, працаваць і яшчэ раз працаваць!
Я пагаджаюся са сваім суразмоўцам і напрыканцы задаю пытанне, на якое адназначна ведаю адказ:
— Сёння дацямна?
— А як жа! Само сабой!
— Поспехаў Вам! — жадаю я.
Георгій Міхайлавіч высаджвае мяне і разварочвае машыну: ён ідзе далей — убіраць хлеб.
Дар’я
ПІВАВАРСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!