Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 11 °C

У гасцях у пчаляра

Нясвіжскія навіны 1 год назад 0 1

Лепей адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць.
У праўдзівасці гэтай жыццёвай мудрасціў чарговы раз упэўніліся ўдзельнікі сумеснага праекта“Парады з вуснаў несвіжан” Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы, раённай газеты і радыё,
а таксама СШ № 4 г. Нясвіжа, калі адправілісяна пасеку вядомага ў Нясвіжы пчаляра Рыгора Рыгоравіча Насевіча, якая размяшчаецца ў аднойз вёсак Капыльскага раёна.



Калі мы ў жыцці сустракаем хаця б адну пчалу, то стараемся з ёй як-небудзь размінуцца. А тут каля кожнага вулля, а іх у Рыгора Рыгоравіча каля сарака, пчол, мякка кажучы, дастаткова. Пачаткоўцам, якімі мы ўсе і з’яўляемся, было за што пахвалявацца. Але пчаляр папярэдзіў:
— Галоўнае — не станавіцца на шляху пчол.
Усе так і зрабілі. Таму дозу пчалінага яду нікому атрымаць не ўдалося. Хоць ён і прымяняецца шырока ў медыцыне.
Вуллі на пасецы рознай канструкцыі. Два з іх Рыгору Рыгоравічу дасталіся яшчэ ад дзядулі. Астатнія ён зрабіў сам. Бліжэй за ўсіх, пасля дзедавага вулля, размяшчаецца маленькі вулей, дзе пчаляр выводзіць пчаліных матак. Рыгор Рыгоравіч дастаў рамку з пчоламі і папрасіў рабят адрозніць, дзе сярод іх матка. Яна самая вялікая. Бачылі госці і лічынкі пчол. Ёсць тут і шматкорпусны вулей. У ім — здымнае дно. З такім дном пчолы зімуюць свабодна і не баяцца холаду. Побач месціцца невялічкі дамок, які сам пчаляр жартам называе пчолалячэбніцай. Справа ў тым, што пчалінае паветра супакойвае нервы, станоўча ўздзейнічае на органы дыхання і шмат яшчэ ў чым дапамагае. Пад дамком стаяць чатыры вуллі, а ў доміку — дзве ляжанкі з дрэва.
— Верхні шчыт я прасвідраваў, зрабіў адтуліны. Пчолы ствараюць інфрачырвонае выпраменьванне. Яно садзейнічае змяншэнню боляў у пазваночніку і суставах, — расказ-вае гаспадар.
Нядаўна мы даведаліся, што такую працэдуру ў некаторых санаторыях можна прайсці за немалыя грошы.
Рыгор Рыгоравіч прапанаваў дзецям паспрабаваць дастаць рамку з мёдам, але для гэтага патрэбна было распаліць дымар. Справа ў тым, што раней пчолы жылі ў лесе, дзе знаходзілі дуплы. І ў наш час яны ўцякаюць калі-нікалі ад пчаляра і тады таксама селяцца ў дуплах. Самае страшнае для пчол — пажар. Таму дымара яны вельмі баяцца. Калі пчаляр хоча крыху напалохаць
сваіх падапечных, ён абкурвае іх дымам. У дымар кладуцца падгніўшыя кускі драўніны. Яна не гарыць, а тлее. Калі пчаляр дыміць на пчол, яны хаваюцца ў гняздо. Адпаведна, не жаляць.
Рабяты таксама даведаліся, што пчолы прыклейваюць рамкі да гнязда і таму патрэбна стамеска, каб саскрэбці воск. Вынятую гусіным пяром рамку абмятаюць ад пчол і — калі ласка, можна ласавацца. Але найперш пры дапамозе спецыяльнага прыстасавання з рамкі здымаюцца васкавыя накрыўкі, якімі пчолы кансервуюць мёд у сотах.
Затым пчаляр уставіў некалькі рамак у медагонку і прапанаваў дзецям па чарзе пакруціць яе ручку. Пачуўся шум, быццам пайшоў дождж, а гэта мядовыя кропелькі пачалі падаць на дно. Пасля мёд зліваецца ў прыгатаваны посуд. Вынікі агульнай працы аказаліся надзвычай смачнымі.
Пасля частавання Рыгор Рыгоравіч навучыў рабят падрыхтоўваць рамку перад тым, як уставіць
у вулей. Паказаў соты з пяргой і з трутневым расплодам, з якога атрымліваюць трутневы гомагенат. Дарэчы, пра апошні прадукт пчалярства мы пачулі ўпершыню. У ім утрымліваюцца мікраэлементы, амінакіслоты, гармоны. Ён са- дзейнічае зніжэнню халестэрыну.
Па словах Рыгора Рыгоравіча, гаварыць
пра пчол і прадукты пчалярства можна бясконца. Сам ён, нягледзячы на саракагадовы стаж у гэтай галіне, пастаянна вучыцца. Калісьці, яшчэ ў маладосці, наведваў семінары для пчаляроў, якія праходзілі кожную апошнюю нядзелю месяца ў сельскагаспадарчым інстытуце. Цяпер ён звяртаецца да спецыяльнай літаратуры, шукае інфармацыю на прасторах інтэрнэту, раіцца з пчалярамі-землякамі.
Юныя журналісты раней ужо запрашалі Рыгора Рыгоравіча на размову. Сустрэча адбылася ў Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы і была вельмі цікавай і карыснай. Але на свае вочы пабачыць і паспрабаваць зрабіць сваімі рукамі — гэта зусім іншая справа. І калі падчас першай сустрэчы размова пра догляд пчол здавалася недасягальнай навукай, то цяпер прыходзіць упэўненасць: пры жаданні можна ўсяму навучыцца. Першы ўрок прайшоў паспяхова. Будзем спадзявацца на наступныя.
Валянціна ШЧАРБАКОВА,
кіраўнік праекта
“Парады з вуснаў несвіжан”.
Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!