У салоне-галерэі “Скарбніца” адкрылася сумесная выстава Алега Пракарыны (жывапіс) і Андрэя Даменікана (фатаграфія) пад назвай “Нота СІ”.
Абодва аўтары жывуць і працуюць у Снове. Алег Вікенцьевіч у 1993 годзе скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута, а Андрэй Сяргеевіч у 1996-м — Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум.
Калі ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя з’явілася фатаграфія, некаторыя мастацтвазнаўцы і філосафы загаварылі аб тым, што жывапіс, асабліва рэалістычны, страціў свой сэнс і больш не будзе запатрабаваны ў гледача. Аднак, як паказаў час, гэта меркаванне было і застаецца беспадстаўным. Жывапіс і мастацкая фатаграфія займаюць кожны сваю нішу і не могуць замяніць адно другое. Сведчанне гэтаму — і названая выстава ў “Скарбніцы”.
Што да яе назвы, то, як тлумачыць мастак і скульптар Алег Пракарына, кожная з галоўных сямі нот мае свой колер: “до” — чырвоны, “рэ” — аранжавы, “мі” — жоўты, “фа” — зялёны, “соль” — блакітны, “ля” — сіні, “сі” — фіялетавы. Таму гэта выстава — своеасаблівая спроба адчуць энергію ноты сі, уявіць яе сабе наглядна.
Як гэта ўдалося аўтарам — меркаваць гледачам. Выстава будзе працаваць да канца кастрычніка. Не прапусціце!
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.