Opera снимок 2022 11 25 152922 cloud.mail.ru

З любоўю да прафесіі

Для многіх жыхароў Нясвіжчыны знаёмства з працай ДУ “Нясвіжская ветэрынарная станцыя” пачынаецца з гарадской участковай лячэбніцы, дзе нашы землякі шукаюць паратунку для сваіх любімых пітомцаў, пачынаючы ад катоў і сабак і заканчваючы марскімі свінкамі і дробнымі птушкамі. Іх надзеі заўсёды апраўдваюцца, бо тут працуюць людзі з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй і з вялікім практычным вопытам. Пры лячэнні дамашніх любімцаў урачам дапамагае ветсанітар Вольга Гусейнава.
Асноўныя напрамкі працы ўсёй ветэрынарнай станцыі акрэсліў яе кіраўнік — Сяргей Стрэчань.



Photo1668691292
Урач-бактэрыёлаг аддзела лабараторнай дыягностыкі Ірына Занько

 

— Галоўная задача нашай установы, — расказвае Сяргей Ільіч, —прафілактыка і недапушчэнне ўзнікнення асабліва небяспечных захворванняў жывёл і захворванняў, агульных для жывёл і чалавека. Другая задача — гэта прафілактыка незаразных хвароб. Яе выкананне залежыць у першую чаргу ад захавання тэхналагічнага рэгламенту па ўтрыманні жывёл на нашых жывёлагадоўчых фермах. Гэта — правільнае кармленне, камфортныя ўмовы ўтрымання, тэхналагічнае абслугоўванне даільнага абсталявання, захаванне ветэрынарных санітарных умоў. Найважнейшая задача службы — кантроль за якасцю ветэрынарнай прадукцыі. І я магу запэўніць, што ў малацэ, атрыманым на фермах Нясвіжчыны, няма антыбіётыкаў. Кантроль пачынаецца з фермы і заканчваецца пры прыёме малака на малочныя заводы.

Праца Нясвіжскай ветстанцыі штогод дастойна ацэньваецца на розных узроўнях. Установа неаднойчы атрымлівала ўзнагароды за эфектыўную работу па дыягностыцы, прафілактыцы інфекцыйных захворванняў. У гэтым годзе на рэспубліканскім конкурсе па ўзнаўленні статку, які праходзіў у Полацку, раённы ветэрынарны ўрач-гінеколаг Эдвард Сякора разам з дырэктарам райплемстанцыі Таісіяй Гурынай занялі ганаровае ІІІ месца. За апошнія чатырнаццаць гадоў станцыя тры разы атрымлівала кубак і дыплом за І месца, чатыры — за ІІ-е, і адзін раз — за ІІІ-е.

Photo1668691290
Працоўная дзейнасць загадчыка гарадской участковай лячэбніцы Рыгора Дэмуха пачалася з 1987 года — дваццаць гадоў ён адпрацаваў галоўным ветэрынарным урачом ААТ “НОВАЕ ЖЫЦЦЁ”. Разам з ім — ветсанітар аддзела лабараторнай дыягностыкі Марына Серада

 

Усё робіцца і для таго, каб людзі, якія тут працуюць, адчувалі сябе камфортна. Капітальны рамонт будынка быў праведзены раней, а сёлета заасфальтавана ўся тэрыторыя, праведзены рамонт гаспадарчых пабудоў, гаражоў, пастаянна ідзе аднаўленне аўтамабільнага транспарту.

Увесь калектыў працуе зладжана. З сарака пяці штатных супрацоўнікаў — дзевятнаццаць урачоў, два фельчары і тры лабаранты.

Аб асаблівасцях працы лабараторыі расказала яе загадчык, намеснік начальніка ветэрынарнай станцыі па дыягностыцы Аксана Васілеўская:
— Якасная дыягностыка дазваляе своечасова лячыць жывёл, кантраляваць якасць ветэрынарнай прадукцыі. За год перад уводам у статак даследавана 6 500 нецялей, зроблена 1000 проб сываратак крыві на хламідыёз. Мы праводзім маніторынгі па кантролі за якасцю прадуктаў жывёльнага і расліннага паходжання. Даследуем і якасць кармоў на адпаведнасць стандартам, сывараткі крыві цялятак на імунаглабуліны. Своечасова трэба выяўляць у жывёлы і паразітаў. Працуем не толькі ў лабараторыі, але і выязджаем у гаспадаркі.

Photo1668691288
Намеснік начальніка ветэрынарнай станцыі па дыягностыцы Аксана Васілеўская

 

— У аддзеле біяхіміі і таксікалогіі лабараторыі, — расказвае ўрач-біяхімік Ніна Лукша, — вядзецца даследаванне кармоў, кантроль за іх нарыхтоўкай. Да прыкладу, у нашым раёне нарыхтавана 164 траншэі сіласу і 128 траншэй сенажу. У гэтым годзе ўсе траншэі абноўлены. Зараз яны наземныя ў кожнай гаспадарцы, што найлепшым чынам уплывае на якасць кармоў, іх спажыўнасць. Усе кармы — першага і другога класа.

Ніна Іванаўна займае таксама пасаду старшыні прафкама. Яна нагадала, што ў чэрвені наступнага года Нясвіжская ветэрынарная станцыя адзначыць сваё 75-годдзе.
Пасля знаёмства з працай Нясвіжскай ветэрынарнай станцыі ізноў узгадалася выказванне акадэміка Івана Паўлава: “Урач лечыць людзей, а ветэрынарны ўрач — чалавецтва”. Дзякуючы спецыялістам гэтай галіны калі не ўсё чалавецтва, то наша Нясвіжчына — у надзейных руках.

Photo1668691285
Ветурач біяхімік-таксіколаг Ніна Лукша

 

Валянціна ШЧАРБАКОВА.
Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!