Меню
Курс $  3.27 | €  3.48 | ₽100  3.47 |
Погода 10 °C
C524b97c272c1b9bde42884809d945b1

Сэнс жыцця

Нясвіжскія навіны 1 год назад 0 0

Пост опубликован: 28.11.2022

Ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці і горада Нясвіжа, ганаровы эколаг Беларусі, Марыя Мікалаеўна Худая за сваю шматгадовую працу ўзнагароджана ордэнамі “Знак Пашаны”, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Дружбы народаў і ордэнам Пашаны.

У клопатах пра Нясвіжчыну
У нашым раёне Марыя Мікалаеўна адпрацавала амаль 30 гадоў. І кім бы ні была — галоўным бухгалтарам, а пасля галоўным эканамістам, намеснікам старшыні і сакратаром партарганізацыі на грамадскіх пачатках у калгасе “Ленінскі шлях”, старшынёй калгаса “1 Мая”, начальнікам райсельгасупраўлення, старшынёй выканкама Нясвіжскага раённага Савета дэпутатаў, першым сакратаром райкама Камуністычнай партыі Беларусі — цалкам аддавалася справе. Глыбока ўнікала ва ўсе пытанні, умела арганізаваць людзей, вучылася сама і вучыла іншых, падтрымлівала і строга патрабавала. Ад кіраўнікоў і спецыялістаў патрабавала аналізу дзейнасці, пошукаў рэзерваў для паляпшэння эфектыўнасці гаспадарання.



Да 1981 г. Нясвіжскі раён па ўраджайнасці збожжавых стаяў на трэцім месцы ў вобласці пасля Клецкага і Маладзечанскага. У 1981-м
выйшаў у лідары і ўпэўнена замацаваўся на гэтым рубяжы.

У 1987 годзе хлебаробы раёна вырасцілі рэкордны ў Беларусі ўраджай збожжавых — па 53,1 ц/га.

Не магла задавальняць ураджайнасць цукровых буракоў у 200 — 250 ц/га. Гара- дзейскаму цукроваму камбінату патрэбна была сыравіна. Як павялічыць аддачу палёў, вучыліся ў буракаводаў Гродзеншчыны, дзе капалі каранёў у 2 разы больш. Два гады запар кіраўнікі і спецыялісты з нашага раёна ездзілі туды, а свае веды перадавалі дома механізатарам. Добрыя кадры падрыхтавалі! І сённяшні ўраджай нясвіжскіх буракаводаў, які перавышае 500 ц/га, а ў асобных гаспадарках больш за 600 — 800 ц/га, пачынаў сваё фарміраванне менавіта ў той час.

Ладзіліся справы і ў жывёлагадоўлі. Напрыклад, у 1986 г. сярэдні надой малака на адну фуражную карову па раёне складаў 3408 кг (+315 кг да 1985 г.), у 1987-м — 3720 кг (+312 кг да 1986 г.). Па выніках стойлавага перыяду 1987-88 гг. Нясвіжскі раён, а таксама калгас “Рассвет” і саўгас “Гарадзейскі” выйшлі ў лік пераможцаў Усесаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва за павелічэнне вытворчасці і закупак прадукцыі жавёлагадоўлі. Яны былі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі ЦК КПСС, Савета Міністраў СССР, ВЦСПС і ЦК ВЛКСМ. Нясвіжчына неаднойчы станавілася пераможцам і ўсесаюзнага, і рэспубліканскага, і абласнога спаборніцтва. Гонарам быў і той факт, што калектыў ордэна Леніна райсельгастэхнікі, які ўзначальваў Рыгор Міхайлавіч Лазар, у 1984 і 1985 гадах заносілі на Усесаюзную Дошку гонару на ВДНГ СССР.
Паспяхова вырашалі свае задачы прамысловыя прадпрыемствы. Так, за 1986-1987 гг. сярэднегадавы прырост аб’ёмаў вытворчасці прамысловай прадукцыі склаў 4,6 %.
У раёне шмат будавалі. Значным аб’ектам сталі гарадскія ачышчальныя збудаванні, фінансавання якіх Марыя Мікалаеўна дабілася ў Маскве: калі была старшынёй выканкама райсавета, пабывала на прыёме ў патрэбным міністэрстве і дзяржплане СССР.

Вялікай будаўнічай пляцоўкай тады стаў, пры пэўных намаганнях Марыі Худой, і сённяшні “Агракамбінат Нясвіжскі”: новы жылы пасёлак у вёсцы Старыя Навасёлкі, ферма, плодаагароднінны цэх, цяпліца з выкарыстаннем цяпла як другаснай сыравіны — сюда праклалі трубаправод ад кампрэсарнай станцыі ЛВУМГ. Уводзіліся жылыя дамы і вытворчыя будынкі і ў іншых населеных пунктах, гаспадарках. Вялікі ўклад у такую важную справу ўнеслі кіраўнікі будаўнічай арганізацыі Міхаіл Ігнатавіч Карвіга і Міхаіл Іванавіч Мацэль.

Ace575d75767d5c314310c324bb7869b

Я на нарадзілася ў Клецкім раёне. У 1959 г.з адзнакай скончыла Лідскі сельгастэхнікум. Пазней завочна — Беларускую сельгасакадэмію, Маскоўскую сельгасакадэмію імя Ціміразева, Мінскую вышэйшую партыйную школу.
У Нясвіжскім раёне працавала з 1959 да 1988 года, у т.л. з 1983-га — першым сакратаром РК КПБ.
У 1988 — 1996 гг. Марыя Мікалаеўна ўзначальвала прыродаахоўную службу Мінскай вобласці.
Марыю Худую выбіралі дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 8-га і 13-га скліканняў, тры скліканні — дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Яна на прафесійнай аснове працавала старшынёй Пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета Беларусі па экалогіі і прыродакарыстанні, а з 1996 г. — намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па праблемах чарнобыльскай катастрофы, экалогіі і прыродакарыстанні. Выбіралася дэпутатам Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, узначальвала яго аналагічную камісію.
У 1997 г. у складзе беларускай дэлегацыі Марыя Мікалаеўна Худая ўдзельнічала ў падпісанні гістарычнага дагавора “Аб Саюзе Беларусі і Расіі”. Яна таксама з’яўлялася прэзідэнтам аддзялення грамадскага аб’яднання “Міжнародны жаночы саюз “Адзінства” ў Рэспубліцы Беларусь”. Узначальвала Мінскі абласны каардынацыйны савет грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый, была першым сакратаром Мінскага абкама КПБ. Цяпер з’яўляецца членам савета старэйшын аблвыканкама.
Яна пастаянна вяла і вядзе вялікую патрыятычную работу, сустракаецца з моладдзю. Падказвае юнакам і дзяўчатам, як не памыліцца ў выбары прафесіі, цёпла, па-мацярынскі дае наказы ў самастойны жыццёвы і працоўны шлях, вучыць любіць родную беларускую зямлю.
Марыя Мікалаеўна Худая ўсё жыццё аддала станаўленню, развіццю і росквіту нашага рэгіёна. І сёння яна адрасуе жыхарам Міншчыны шчырыя віншаванні з 85-годдзем і самыя цёплыя пажаданні міру, дабрыні, здароўя і шчасця.

Кадравая палітыка

— Аснова поспеху — кадравая палітыка, —
упэўнена Марыя Мікалаеўна. —
Надавалі ёй належную ўвагу — і мелі добры вынік. Мяне заўсёды турбавала, хто прыйдзе на змену, асабліва ў вёску.
А вытокі гэтага разумення — у пачатку яе працы ў калгасе “Ленінскі шлях”. На ўласным прыкладзе бачыла, як трэба “суправаджаць” маладога спецыяліста. Старшыня гаспадаркі Уладзімір Аляксандравіч Дзідзевіч уводзіў яе, маладога галоўнага бухгалтара, у курс спраў, падказваў, кантраляваў і праз месяц пераканаўся: дзяўчына разабралася ва ўскла- дзеных на яе абавязках. Гэта было ў далёкім 1959-м годзе. А пазней яе, ужо галоўнага эканаміста і намесніка старшыні, вучыў на палях тонкасцям земляробства галоўны аграном калгаса Мікалай Аляксандравіч Драчан. Так фарміраваўся будучы кіраўнік.

Яна ж, сакратар камсамольскай арганізацыі калгаса, прапанавала кіраўніку гаспадаркі накіроўваць моладзь на вучобу, каб з прафесіяй вярталася назад. Стаўку зрабілі на работу з бацькамі — жывёлаводамі, механізатарамі — перадавікамі вытворчасці. Гутарыла з імі, з іх дзецьмі — выпускнікамі школы. Больш 20-і юнакоў і дзяўчат за гады работы Марыі Худой у “Ленінскім шляху” былі калгаснымі стыпендыятамі і вярнуліся ў сваю гаспадарку. Пазней частка іх працавала ў раёне, частка — у вобласці, частка — у рэспубліцы.
— І цяпер неабходна весці з дзецьмі работу па прафесійнай арыентацыі, накіроўваць на вучобу, выхоўваць у іх пачуццё адказнасці, — раіць Марыя Мікалаеўна. А для мола-дзі дадае:
— Вучыцца трэба не дзеля дыплому, а дзеля ведаў, каб стаць добрым спецыяліс- там. Атрымаўшы гэтую запаветную кніжачку, не шукаць цёплага месца, а ісці працаваць туды, дзе болей патрэбен, хоць там, магчыма, і цяжэй.
Яскравым прыкладам яе дальнабачнасці ў кадравай палітыцы раёна з’яўляецца вылучэнне на пасаду старшыні калгаса Міхаіла Аляксандравіча Карчміта, які, працуючы інжынерам у “Ленінскім шляху”, шмат зрабіў па механізацыі вытворчасці. Узначаліўшы “Рассвет”, вывеў яго ў перадавыя. І калі ўзнікла неабходнасць выбіраць новага старшыню ў калгасе імя Калініна, Марыя Мікалаеўна прапанавала кандыдатуру Карчміта, кіраўніка з вялікім патэнцыялам. Трэба адзначыць, што знакамітая на ўвесь Савецкі Саюз гаспадарка і сама была сапраўднай кузняй кадраў, яе старшыня Якаў Васільевіч Аляксанкін дапамагаў рыхтаваць будучых кіраўнікоў. Многія паспяхова ўзначальвалі іншыя калектывы. Але на сноўскай зямлі М.М. Худая бачыла толькі М.А. Карчміта. Яго цвёрдасць, прынцыповасць, імкненне ўкараняць навінкі былі вельмі запатрабаваныя ў нестабільныя гады перабудовы. Верыла: зможа! І аказалася права: М.А. Карчміт памножыў здабыткі Я.В. Аляксанкіна, агракамбінат “Сноў” стаў эталонам эфектыўнага гаспадарання для сельгаспрадпрыемстваў Рэспублікі Беларусь. Слава “Снова” і Зорка Героя Беларусі Карчміта сталі ўзнагародай для М.М. Худой.
У яе жыцці, акрамя У.А. Дзідзевіча, былі яшчэ настаўнікі. Галоўным стрыжнем далейшага станаўлення служыў прыклад кіраўнікоў рэспубліканскага і абласнога ўзроўню: Пятра Міронавіча Машэрава, Анатолія Аляксандравіча Малафеева, Івана Яўсеевіча Палякова, Уладзіміра Андрэевіча Мікуліча…

На ахове прыроды

Як важна вырашаць экалагічныя пытанні, бачна на прыкладзе Нясвіжа. Многія памятаюць, што раней наш горад проста задыхаўся ад засілля транспартнага патоку. З часам пабудавалі аб’язную дарогу. Цяпер мы ўспрымаем такі камфорт даволі прывычна — быццам так было заўсёды.
Працуючы ў Мінскім абласным камітэце па экалогіі, Марыя Худая стаяла ля вытокаў фарміравання экалагічнага фонду, які ствараўся спачатку на добраахвотнай аснове, а потым быў уведзены ў краіне ў ранг падатку. За адлічаныя ў яго грошы будаваліся водазаборы, ствараліся палігоны цвёрдых бытавых адходаў, сістэмы ачысткі выкідаў у паветра прамысловымі прадпрыемствамі. Пачалася рэкультывацыя пясчаных кар’ераў, упарадкоўванне населеных пунктаў. У Нясвіжы рэканструявалі парк і ачышчальныя збудаванні. Большую ўвагу пачалі звяртаць на якасць піццявой вады.

Па ініцыятыве Марыі Мікалаеўны ў Мінскай вобласці пачалі праводзіць экалагічныя форумы з удзелам дзяцей.
Першы адбыўся ў Любані. У нашым раёне ён стаў штогадовым. У 2013 годзе наша гераіня заснавала асабісты пераходны прыз “Экалагічны глобус Худой Марыі Мікалаеўны” для лепшай арганізацыі Нясвіжчыны па прапагандзе экалагічных ведаў. Першы раз імянны прыз — хрустальны глобус — яна ўручыла Цэнтру дзіцячай творчасці Нясвіжскага раёна. Сёлета прыз атрымала Нясвіжская СШ №3.

Марыя Мікалаеўна расказвае: “Калі я была дэпутатам, паўстала сур’ёзнае пытанне аб узвядзенні ў Нясвіжы завода па перапрацоўцы сыроваткі. Я пераканала, што гэтага нельга рабіць: ачышчальныя збудаванні могуць не вытрымаць нагрузкі, Нясвіж — турыстычны і культурны цэнтр, а вытворчасць даволі агрэсіўная. Замест яе цяпер працуе завод дзіцячага харчавання, і гэта вельмі добра”.

У Парламенцкім сходзе Саюза Беларусі і Расіі Марыя Мікалаеўна ўваходзіла ў рабочую групу па фарміраванні саюзнага бюджэту і кантролю за яго выкананнем. Дабілася ў міністраў аховы здароўя і фінансаў Расіі, каб у фінансаванне былі ўключаны патрэбныя Беларусі аб’екты — Рэспубліканскі цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека ў Гомелі і Гродзенскі завод медпрэпаратаў. Адследжвала, каб неабходныя для будаўніцтва сродкі паступалі і з бюджэту Беларусі.

Марыя Мікалаеўна ва ўсіх раёнах вобласці арганізоўвала пасадкі зялёных насаджэнняў да юбілейных дат. Так, ля Кургана Славы былі высаджаны дрэвы ў гонар Герояў Савецкага Саюза і Герояў Сацыялістычнай Працы, жыхароў Міншчыны.

З павагай да людзей

Наша гераіня ўсё сваё жыццё прысвяціла служэнню людзям. Да яе прыходзіла шмат наведвальнікаў са сваімі праблемамі. Кожнага яна старалася падтрымаць, дапамагчы, шукала садзейнічання кіраўнікоў розных рангаў. Яе можна было бачыць і ў працоўным калектыве, і сярод дзяцей на навагодніх ранішніках, з роднымі загінуўшых воінаў-“афганцаў” і з мамамі дзяцей-інвалідаў. Сустракалася з ветэранамі вайны і працы і з маладымі работнікамі ці вучнямі. То яна ў полі павіншавала перадавых камбайнераў у час жніва, то пагутарыла з вучаніцай-удзельніцай Міжнароднага маладзёжнага экалагічнага форуму, то прывітала самых актыўных прадстаўнікоў моладзі Міншчыны — аўтараў праектаў рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, то арганізавала ўшанаванне ветэранаў АПК Мінскай вобласці.

Рабоце з людзьмі, увазе да іх, дабрыні Марыя Мікалаеўна вучылася ў Марыі Аляксандраўны Бабіч, якая працавала другім сакратаром Нясвіжскага райкама партыі. “Марыя Аляксандраўна была патрыётам, шчырым і прыстойным чалавекам, які любіў людзей, — кажа мая суразмоўца. — Заўсёды давала слушныя парады. Была сапраўдным ідэолагам”.
Марыя Мікалаеўна заўсёды ў гушчы народу, для кожнага мае добрае слова. Сама ўпэўнілася: простыя людзі больш душэўныя, больш уважлівыя, і раіць маладым кіраўнікам адносіцца да іх з увагай і павагай. Пры жыцці Героя Сацыялістычнай Працы Алены Сцепановіч, свінаркі калгаса імя Калініна, а пасля — пенсіянеркі, падтрымлівала з Аленай Андрэеўнай пастаянныя стасункі. Паважала за адданасць працы, за сумленнасць, сціпласць, людскасць.

Праўда, уменне гутарыць з людзьмі, знаходзіць водгук у іх душы мела ўжо з юнацтва. Яна разам са старшынёй калгаса “Ленінскі шлях” Уладзімірам Аляксандравічам Дзі- дзевічам стаяла ля вытокаў стварэння Ланскага мужчынскага хору, які ў 1971 годзе атрымаў званне “народны”. Дагэтуль была вакальная група пад кіраўніцтвам настаўніка Ланскай школы Уладзіміра Адамавіча Пешкура. Ён і прапанаваў ідэю арганізаваць хор. Малады камсорг Марыя Худая з камсамольцамі збірала калгаснікаў, а праўленне за- ахвочвала харыстаў матэрыяльна. Калектыў амаль у 60 чалавек аб’ездзіў з канцэртамі сваю вобласць і рэспубліку, выступаў за яе межамі. Добры пачын прыйшоўся па душы вяскоўцам.

— Людзей трэба любіць і паважаць. Я жыву іх праблемамі, жыву разам з імі, і яны мяне як бы натхняюць, дапамагаюць змагацца з цяжкасцямі, — распавядае мая суразмоўца.
…Калі наступае кожны новы дзень, Марыя Мікалаеўна зноў некага турбуе. Бо камусьці іншаму патрэбна дапамога.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,
заслужаны журналіст
Беларускага саюза журналістаў.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!