Меню
Курс $  3.27 | €  3.5 | ₽100  3.48 |
Погода 7 °C

Продкаў славутых імёны

Нясвіжскія навіны 1 год назад 0 0

Пост опубликован: 09.12.2022

3 снежня ў Барысаве адбыўся галоўны фестываль Мінскай вобласці “Напеў зямлі маёй”. 55 лепшых артыстаў Нясвіжчыны прадставілі наш раён з песняй “Продкаў славутых імёны”, аўтарам якой з’яўляецца заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, кіраўнік арт-групы “Беларусы”, спявак і кампазітар Валерый Шмат. Больш за два месяцы актыўнай падрыхтоўкі прынеслі нашым артыстам дастойнае трэцяе месца.



У фестывалі, які, дарэчы, ахоплівае ўсю жанравую палітру народнай творчасці, Нясвіж удзельнічае ўжо 18 гадоў. І штогод атрымлівае словы захаплення і высокую ацэнку ў свой адрас. З чым паехаць сёлета, вострага пытання не было. У дзень Незалежнасці на галоўнай сцэне горада гучала песня “Кожнаму дому шчасця” Валерыя Шмата. На яе-та і выпаў выбар. Аднак, звярнуўшыся да аўтара па дазвол яе выканаць на фестывалі, была атрымана сустрэчная прапанова: падрыхтаваць іншую кампазіцыю Валерыя — «Продкаў славутых імёны», якая гучала толькі на сцэне «Славянскага базару».

У Нясвіжы з радасцю падхапілі гэтую ідэю.

— Твор вельмі складаны вакальна. Ключавыя выканаўцы — нашы народныя вакальныя ансамблі “Забава” і “Млечны шлях”, а таксама 10 чалавек хору, які складаецца з асобных вакалістаў раёна, — распавядае дырэктар Нясвіжскага раённага цэнтра культуры Ганна Віннічак. — Для таго, каб адрэпеціраваць толькі гэтую частку, мы, вядома ж, шмат працавалі. У асноўным вакал і партытуру курыравала Таццяна Казлова, а таксама нам дапамагаў сам Валерый. На “Славянскім базары” кампазіцыя гучала ў выкананні оперных спевакоў. У нас жа — іншы жанр. Таму мы адаптавалі песню пад свае магчымасці.

Ідэя нумара заключалася ў тым, каб паказаць гісторыю нашай спадчыны — расказаць пра магнацкі род Радзівілаў, іх веліч і значнасць у гісторыі беларускіх зямель, пра той здабытак, які нам дастаўся. Каб увасобіць усё гэта на сцэне і данесці да гледача, у нумары былі задзейнічаны яшчэ і танцоры, і музыканты. Харэаграфію прадставілі ўзорны танцавальны калектыў “Онікс” Нясвіжскай дзіцячай школы мастацтваў і ансамбль народнага танца “Аксаміт” філіяла «Нясвіжскае УМГ ААТ “Газпром трансгаз Беларусь”, а таксама “Нясвіжскія лыжкары”. Усе — пад кіраўніцтвам Кацярыны Лабазы. Сярод музычных інструментаў на сцэне вялі свае партыі нават ліра і жалейка. Над рэжысёрскім складнікам працавалі разам, сумесна. Падчас нумара на экране з’яўляліся кадры славутасцей Нясвіжскага краю.

— У цэлым нумар атрымаўся вельмі прыгожы, уражваючы. Спалучэнне касцюмаў князёў Радзівілаў і народных касцюмаў глядзелася вельмі відовішчна, — дадае Ганна Дзмітрыеўна. — Напярэдадні конкурсу наш вынік ацаніў старшыня райвыканкама Аляксандр Зіноўевіч Ломскі. Пахвальныя водгукі мы атрымалі і ад іншых канкурсантаў. Аднак нашы ўдзельнікі лічаць, што гэта нашмат больш каштоўна, чым галоўны прыз (заўв. аўт. — па ўмовах конкурсу пераможца выйграе мікрааўтобус). Сам Валерый Шмат адзначыў вынік праведзенай работы на высокім узроўні. Мы спрабавалі раскрыць увесь патэнцыял раёна. І, мяркую, у нас гэта атрымалася.

Дар’я ПІВАВАРСКАЯ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!