Расказваючы ў нашым праекце “Мой горад — мая любоў” пра нясвіжскія паркі, мы ўзгадвалі таполю, якая на момант пасадкі зялёных насаджэнняў расла там адна з 1875 года. Пазней яна стала цэнтрам Выставачнай паляны. З дыяметрам ствала больш за 2 метры, з акружнасцю больш за 7 м, вышынёй 32 метры, дрэва дамінавала над усім пейзажам.
У гады Вялікай Айчыннай вайны, у кастрычніку 1941 г., таполя стала сведкай страшэннага злачынства фашыстаў: яны расстралялі тут 1500 мірных жыхароў Нясвіжа. У 1960-х гадах іх астанкі перапахавалі на гарадскіх могілках. А на таполі на- заўсёды засталіся шрамы-сляды ад куль, знаходзіліся і самі кулі. Параненае дрэва позна распускалася вясной. А мы да яго хадзілі і хадзілі, праведаць, быццам чакаючы, што нешта раскажа аб пражытым за доўгія гады. У паэткі Любы Тарасюк нарадзіўся верш “Даруй нам, дрэва, за сваю пакуту”.
Старое, знявечанае дрэва знемаглося ў векавым процістаянні бурам і навальніцам, людской жорсткасці і бесчалавечнасці. Яно скончыла свой зямны шлях у 2004 годзе. А мы па-ранейшаму ходзім да таго месца. Чытаем надпісы на памятных знаках. Стаім моўчкі. Бо якія словы патрэбны, каб выказаць жаль па загубленых катамі мірных людзях, выказаць скруху па памёршай таполі, дрэве сапраўды гістарычным?!
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,
г. Нясвіж.