Меню
Курс $  3.25 | €  3.5 | ₽100  3.56 |
Погода 3 °C

Святарскае служэнне падобна ваеннай службе

Нясвіжскія навіны 1 год назад 0 1

Пост опубликован: 12.12.2022

Што не робіцца, то да лепшага. У большасці выпадкаў гэтае народнае назіранне аказваецца абсалютна справядлівым. Многае становіцца зразумелым толькі з цягам часу, і мы, так апантана жадаючы таго ці іншага ў сваім жыцці, потым радуемся, што склалася не так, як нам хацелася, але ўсё роўна найлепшым для нас чынам.
Аляксандра Уладзіміраўна Еўшаль ніколі храм не пакідала: ні ў юнацтве, калі ўсе вакол упэўнівалі, што Бога няма, ні ў сталыя гады, калі, здавалася, можна было пахіснуцца, адвярнуцца ад храма. У Аляксандры загінула дачка. Маладая, прыгожая. Не склалася штосьці ў яе з першым мужам. Развяліся. А калі выйшла замуж у другі раз, былы муж здзейсніў непапраўнае. Малодшая дачка Валянціна маці не разумела: “Як яна можа хадзіць у храм, верыць у Бога, калі ён забраў маю сястру?”.



Жанчына не толькі хадзіла ў храм, але і марыла, каб хтосьці з сыноў яе дачкі ці сына абавязкова стаў святаром. Пра гэта яна не аднойчы гаварыла сваім тром унукам. Андрэй быў малодшым. Сказанае бабуляй яго бясконца хвалявала. Больш таго, у такі час ён вельмі злаваўся. Але, як сказаў сёння ўжо бакалаўр бага-слоўя, благачынны Капыльскага благачыння, настаяцель храма Узнясення Гасподня горада Капыля іерэй Андрэй Еўшаль удзельнікам сумеснага праекта “Парады з вуснаў несвіжан”, — ніколі не гавары “ніколі”, бо не зведаны шляхі Гасподні. Як калісьці бабуля, айцец Андрэй цяпер упэўнены, што “ўсе мы пад Богам хо- дзім і любыя выпадкі, якія адбываюцца ў нашым жыцці, выпадковымі не бываюць”.

Юныя журналісты неаднойчы мелі магчымасць размаўляць з айцом Андрэем пра галоўныя ісціны нашага жыцця, даведаліся і пра тыя пуцявіны, якія вывялі яго на святарскі шлях.

Будучы святар нарадзіўся 5 сакавіка 1985 года. І мог стаць другім сынам у сям’і Міхаіла Аркадзьевіча і Соф’і Іосіфаўны Еўшаль, але аказаўся адзіным: старэйшы брат памёр яшчэ да яго нараджэння зусім маленькім. Мама ўсё жыццё выкладала беларускую мову і літаратуру ў Сноўскай сярэдняй школе. Тата доўгі час працаваў вадзіцелем у агракамбінаце “Сноў”.

Калі Андрэй быў яшчэ школьнікам, многія прарочылі яму кар’еру артыста — вельмі ж добрыя выступленні ў яго атрымліваліся. Але ўжо ў 11-м класе юнак падумаў, што жадае не весяліць людзей, а маліцца за іх, дапамагаць набыць душэўную раўнавагу. Чаму так усё ў жыцці перамянілася, можна толькі здагадвацца. Магчыма, малітва бабулі дайшла да Бога якраз у час жыццёвага выбару ўнука. Самой Аляксандры Уладзіміраўны ўжо не было на гэтым свеце.

Уладыка Філарэт дабраславіў юнака пачакаць з семінарыяй, але паступіць у Мінскае духоўнае вучылішча.

Андрэй Еўшаль вучыўся на чацвёркі і пяцёркі па пяцібальнай тады яшчэ сістэме. Праз год дырэктар вучылішча Аляксандр Іванавіч Тураў даў вельмі добрую характарыстыку. Падчас вучобы будучы святар нёс яшчэ і паслушанне панамара ў дамавым храме мітрапаліта. Неўзабаве доўгачаканае дабраславенне на паступленне ў семінарыю было атрымана. Праз пяць гадоў айцец Андрэй меў дыплом аб заканчэнні семінарыі і званне бакалаўра багаслоўя. І зноў жа быў накіраваны мітрапалітам Філарэтам несці паслушанне ў выдавецтве Беларускага Экзархата. Праз тры гады, у 2010-м, калі стаў чалавекам сямейным, у дзень памяці святой раўнаапостальнай Марыі Магдаліны, быў рукапаложаны ў святары і накіраваны на першае месца служэння — у Свята-Георгіеўскі храм у Нясвіжы, дзе стаў клірыкам. Неўзабаве па благаславенні епіскапа Антонія трапіў у Клецкае благачынне, дзе нёс паслушанне намесніка благачыннага. Як упэўніліся юныя журналісты, святарскае служэнне падобна ваеннай службе. Куды благаславяць — туды і рушыш, спрачацца не прыходзіцца. У 2018 годзе па благаславенні мітрапаліта Веніяміна айцец Андрэй становіцца намеснікам благачыннага Любаньскага благачыння і настаяцелем храма Казанскай Божай Маці. Затым зноў быў Нясвіж і служэнне ў храме Узнясення Гасподня. Зараз наш зямляк узносіць свае малітвы ўжо на капыльскай зямлі.

Яшчэ будучы клірыкам Свята- Георгіеўскага храма айцец Андрэй выступіў ініцыятарам свайго аўтарскага праекта “Жыццёвы крыж”, вынікам якога сталі некалькі фільмаў аб жыхарах Нясвіжчыны, іх складаных лёсах і промысле Божым у жыцці, знятых ім самім і іншымі несвіжанамі. У Клецку і Любані намаганнямі святара былі арганізаваны сястрычаствы, вялася актыўная работа з моладдзю. І на пачатку служэння ў Нясвіжы, і з моманту вяртання праз шмат гадоў айцец Андрэй быў частым госцем на пасяджэннях клуба духоўна-маральнага выхавання падлеткаў і моладзі “Ноеў каўчэг”, а пазней і актыўным удзельнікам сумеснага праекта “Духоўнае слова” аддзела па рабоце з дзецьмі Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы, СШ № 4 г. Нясвіжа і Нясвіжскага благачыння. І для ўдзельнікаў сумеснага праекта “Парады з вуснаў несвіжан” святар ніколі не шкадаваў часу. Юнакоў і дзяўчат цікавіла ўсё, пачынаючы ад настаўленняў яго бацькоў і заканчваючы жыццёвымі вывадамі, зробленымі ўжо з цягам часу.

Аказваецца, нашаму суразмоўцу вельмі дапамагла ў жыцці зноў жа народная мудрасць, якую часта любіў прамаўляць тата: “Думай добра і будзе добра”. Цяпер павучанні роднага чалавека святар успрымае ў новым ракурсе — праз евангельскія радкі “Па веры вашай ды будзе вам”.

— Гэта самая галоўная навука аб тым, у што ў жыцці мы верым, тым мы і жывём. Таму верце ў дабро і верце Богу і ўсё ў сваім жыцці ўскладвайце на промысел Божы і памятайце, што тое, што немагчыма нам з вамі, магчыма Богу, і Бог нам у гэтым дапаможа, — упэўнены святар.
На пытанне, на каго патрэбна спадзявацца ў гэтым жыцці, святар адказаў так:

— Ёсць добрая прыказка: “На Бога спадзявайся, а сам не зявай”. Гэта значыць, што найперш мы павінны спадзявацца на Бога, на сілу Яго ласкі. А другая частка народнага выказвання тлумачыцца тым, што Гасподзь дае нам свабоду пры нараджэнні, гэта значыць кожны з вас мае гэту свабоду ад Бога: хочаш — жыві так, хочаш — па-іншаму. Хочаш — грашы, хочаш — не грашы. Хочаш — вер, хочаш — не вер. Хочаш — дабраслаўляй, хочаш — праклінай. Але мы павінны памятаць: перад Богам давядзецца трымаць адказ за гэту свабоду.

Святар лічыць, што самым галоўным у жыцці кожнага чалавека і асаб-ліва моладзі, з’яўляецца пошук шляхоў да храма:
— Толькі для гэтага патрэбны намаганні і з боку чалавека. Седзячы на канапе, да Бога не прыйдзеш. Мне б хацелася, каб наша моладзь зразумела, што над намі ёсць Бог. І чаго сёння не хапае нашай моладзі, дык гэта страху Божага. І дарослым таксама. Каб людзі разумелі, што за кожны ўчынак, за кожнае слова будзем даваць адказ перад Богам, мы б, магчыма, гэта жыццё будавалі па-іншаму. І паводзілі сябе па-іншаму. Гасподзь бачыць нашы думкі, жаданні, наша сэрца і ведае пра нас усё наперад. І таму дрэнныя паводзіны прыпыняе тым, што рана забірае чалавека з гэтага жыцця. Некаторыя шукаюць дарогу не да храма, а ў пекла. Трэба мець сваю галаву на плячах. Гэта вельмі важна. Галоўнае — разважлівасць, пра якую гавораць святыя айцы. Разважлівасць — гэта адна з самых важных дабрадзецелей. І памятаць пра тое, што Гасподзь стварыў нас для сатворчасці, што мы павінны паспець нешта зрабіць за гэта жыццё. Не проста пражыць добра, смачна паесці, апрануцца ў прыгожае адзенне, на дарагой машыне праехаць. Мы павінны штосьці пакінуць пасля сябе. Так, каб мы маглі жыць сярод людзей і нават пасля сваёй смерці. У нас ёсць цудоўны прыклад — мітрафорны протаіерэй Дзімітрый Хмель. Яго ужо няма сярод нас больш за дзесяць гадоў, але я памятаю, як, будучы клірыкам Свята-Георгіеўскага храма ў час асвячэння дамоў бачыў у людзей яго партрэт. Вы ўяўляеце, як трэба жыць, каб і пасля смерці чалавек жывым застаўся. Ёсць людзі, якія пражылі маленькае жыццё, а паспелі болей, чым той, хто пражыў шмат. І Бог глядзіць не на колькасць пражытых гадоў, а на іх якасць.

У сямейным выхаванні айцец Андрэй вялікае значэнне надае асабістаму прыкладу:
— Маленькае дрэва, як гаворыць Ціхан Задонскі, куды нахіліш, туды яно і расце. І калі дрэва вялікае, мы можам падрэзаць галінкі, але яно як расло ў адзін бок, так і будзе расці. Бацькі для дзяцей — гэта фундамент, на якім пасля будзе будавацца дом пад назвай жыццё. Таму які прыклад бацькі дадуць сваім дзецям, што яны ўкладуць у іх, тое пасля з іх і атрымаецца. Маладым сем’ям, якія прыхо- дзяць на хрышчэнне, гавару, што душу людскую можна параўнаць з полем. І што пасеем, тое і жаць будзем. Многія чакаюць, пакуль дзеці вырастуць і самі вызначацца ў пытаннях веры. Калі зробіце так, тое самае будзе, што і з незасеянным полем. Там такі бур’ян узыдзе, што апрацаваць будзе немагчыма. І я нагадваю, што ёсць час сяўбы, ёсць час збору ўраджаю. Ніхто не сее, калі патрэбна збіраць ураджай.

Святар параіў рабятам часцей браць у рукі Евангелле — кнігу, дзе ёсць падказка Божая аб тым, як патрэбна пражыць жыццё.

Сярод пажаданняў і перасцярог з вуснаў святара прагучалі і наступныя словы:
— Перасцерагчы хочацца ад неабдуманых учынкаў у вашым жыцці. Сёння свет вар’яцкі, як напісана ў Бібліі, свет у зле ляжыць. Гэта таксама патрэбна памятаць. І трэба старацца шукаць сабе такіх сяброў, з якімі вы будзеце развівацца, а не дэградаваць. Бо ад таго, хто знаходзіцца побач з вамі, будзе залежаць шмат. Зноў успамінаецца Евангелле: “з праведным праведен будзеш, са страпцівым разбэсцішся”. І хочацца перасцерагчы вас ад граху, таму што ён будзе ўплываць не толькі на ваша жыццё, але і на тое, як будуць жыць вашы ўнукі і праўнукі.

Гэтыя слушныя парады рабяты пачулі падчас сустрэчы ў прыхадскім доме храма Узнясення Гасподня ў Нясвіжы. А калі айца Андрэя перавялі ў Капыль, па промыслу Божаму зноў жа — у храм Узнясення Гасподня, юныя журналісты, да якіх далучыліся яшчэ і ўдзельнікі клуба “Ноеў каўчэг”, сталыя прадстаўнікі духоўна-асветніцкага цэнтра “Існасць”, прыхаджане храмаў Нясвіжскага благачыння, не прамінулі наведаць святара і на новым месцы служэння.

Айцец Андрэй звярнуўся да гасцей з прывітальным словам і запрасіў усіх на сумесную малітву аб здароўі кожнага асабіста і сваіх блізкіх. Ён паразважаў аб ролі храма ў жыцці чалавека, правёў экскурсію, расказаў гісторыю пабудовы і далейшым лёсе даверанай яму святыні. Пасля, за кубачкам гарбаты, юныя і сталыя паломнікі размаўлялі са святаром на тэмы духоўныя.

На развітанне айцец Андрэй благаславіў несвіжан і падараваў ікону Узнясення Гасподня, а таксама запрасіў, калі надарыцца магчымасць, адправіцца ў паломніцтва па храмах Капыльскага благачыння.

Дарэчы, у Капылі нашага земляка чакае яшчэ і будоўля нядзельнай школы.
Пажадаем яму поспехаў у новай справе і яшчэ раз падзівімся таму, колькі прафесій павінны асвойваць нашы святары, каб адпавядаць часу, нашым чаканням, але найперш — задуме Бога ў іх жыцці.

Валянціна ШЧАРБАКОВА,
кіраўнік праекта
“Парады з вуснаў несвіжан”.
Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!