Служба выратавання штодзённа знаходзіцца на варце бяспекі грамадзян. Акрамя аказання дапамогі ў выпадку ўзнікнення надзвычайных сітуацый, прадстаўнікі МНС праводзяць маштабную прафілактычную работу, каб іх папярэдзіць.
У выхадныя дні мінулага тыдня ратавальнікі Нясвіжскага раёна арганізавалі рэйды па праверцы бяспечных умоў пражывання сваіх землякоў. Месцам “дыслакацыі” прадстаўнікоў аддзела па надзвычайных сітуацыях сталі населеныя пункты Сноўскага і Казлоўскага сельскіх Саветаў.
На кантролі — выкананне грамадзянамі правіл карыстання пячным абсталяваннем, а менавіта належны стан пячэй і іх правільная эксплуатацыя, стан электраправодкі, наяўнасць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў і іншае. У рамках візітаў прадстаўнікі МНС нагадалі жыхарам пра небяспеку курэння ў памяшканях, асабліва ў стане алкагольнага ап’янення, прыводзілі прыклады ўзнікнення пажараў менавіта па гэтай прычыне, тлумачылі правілы карыстання электрапрыборамі, заклікалі ўтрымліваць у парадку гарышчы дамоў.
Другім вектарам прафілактыкі нясвіжскіх ратавальнікаў стаў маніторынг вадаёмаў. Прадстаўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях сумесна з прадстаўнікамі таварыства выратавання на водах заклікалі аматараў зімовай рыбалкі памятаць аб тым, што лёд нават пры значных маразах прадстаўляе сабой небяспеку, калі ж ён тонкі, з жаўтаватым ці шэрым адценнем — тым больш. Спецыялісты падрабязна тлумачылі грамадзянам правілы паводзін у выпадку правальвання пад лёд, аказання дапамогі ў такіх сітуацыях, уручалі памяткі і лістоўкі па прафілактычнай тэматыцы.
Алена ЖУРКО.