Паэт жыве ў сваіх вершах

З жывой крыніцы
У вершах праўда, як паветра,
Бальзам на сэрца і душу.
Пра вас, мае нашчадкі светлыя,
Я думаю, для вас — пішу.
Міхась Сазончык.

Кожны чалавек імкнецца зрабіць на гэтай зямлі штосьці такое, каб памяць пра яго не сышла з першым снегам. Нехта пасадзіць дрэва. Хтосьці — цэлы сад, выгадуе дзяцей і ўжо яны, у сваю чаргу, услед за бацькамі, будуць памнажаць усё самае светлае і чыстае на гэтай зямлі. А вось Міхась Яфрэмавіч Сазончык, сябра раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі”, а затым Ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі пасля сябе пакінуў яшчэ і слова, якое вучыць жыццю, сагравае душу, натхняе на новыя добрыя ўчынкі. Усё гэта — у яго кнігах, падараваных дарослым і дзецям. 5 ліпеня паэту споўнілася б 90. Але мінула ўжо сем гадоў, як Міхась Яфрэмавіч пайшоў у вечнасць. І ўжо без самога паэта сабраліся ў канферэнц-зале Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы прыхільнікі яго творчасці — сябры раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі”, удзельнікі сумесных праектаў “Духоўнае слова” і “Парады з вуснаў несвіжан” бібліятэкі, раённай газеты і радыё, СШ № 4 г. Нясвіжа, а таксама Нясвіжскага благачыння, юныя і сталыя чытачы нашай установы, неабыякавыя да кнігі, паэтычнага слова нашага земляка, які большую частку жыцця правёў на Нясвіжчыне. Ганаровымі гасцямі гадзіны памяці сталі родныя Міхася Сазончыка, прычым з’явіліся яны ў трох пакаленнях: дзеці, унукі і праўнукі Міхася Яфрэмавіча зляцеліся ў Нясвіж з розных куткоў Беларусі, каб расказаць пра свайго таленавітага родзіча, прачытаць творы, для іх, у першую чаргу, напісаныя.




Вершы М. Сазончыка ўвайшлі ў калектыўныя зборнікі нясвіжскіх аўтараў “Пяром і сэрцам з Нясвіжам”, “Нясвіжскія вытокі” (укладальнік М. Сазончык), “Званы памяці”, “З адценнем любові”, “Букет валошак”. У выданні калектыўнага зборніка вершаў сяброў раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі” “Букет валошак” Міхась Яфрэмавіч прымаў непасрэдны ўдзел.
Шмат намаганняў ён прыклаў для развіцця і станаўлення раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі”. У прыватнасці, ім былі арганізаваны сустрэчы з прафесійнымі аўтарамі, членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімірам Саламахам, Казімірам Камейшам, Яўгенам Хвалеем, Паўлам Саковічам, якія не толькі сустрэліся з чытачамі Нясвіжскай цэнтральнай бібліятэкі, але і правялі майстар-класы для сяброў аб’яднання, прааналізавалі творчасць кожнага аўтара і далі рэкамендацыі. Па просьбе Міхася Яфрэмавіча гэтыя пісьменнікі дапамаглі ў рэдагаванні зборніка “Букет валошак”.
У кастрычніку 2018 года і ў чэрвені 2021 года ў Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы прайшлі вечары памяці паэта, якія сабралі шмат прыхільнікаў яго творчасці.
Сёлетнюю гадзіну памяці адкрылі сябры раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі”. З іх вуснаў прагучалі вершы “Нясвіжскія вытокі”, “Гавораць людзі”, “Адшукай сваю крыніцу”, “Галава ад селядца”, “Любімы край”. Сваё слова пра паэта выказала намеснік галоўнага рэдактара газеты “Нясвіжскія навіны” Соф’я Любанец.
Свае любімыя вершы юбіляра чыталі прадстаўнікі Нясвіжскага РТЦСАН.
Шмат гадоў назад несвіжанцы Ганне Іосіфаўне Ярмалінскай пашчасціла асабліва. Яна мела гонар сустракацца з паэтам падчас прэзентацыі адной з яго шматлікіх кніг. Ганна Іосіфаўна не толькі чытала вершы Міхася Сазончыка, але і зрабіла іх глыбокі аналіз. Па яе словах, многія творы паэта настолькі сугучны з яе настроем і станам душы, быццам радкі некаторых з іх звернуты да яе асабіста. Яе думку падтрымалі многія ўдзельнікі гадзіны памяці.
Чалавек можа здзейсніць у гэтым жыцці многія патрэбныя справы, стаць знакамітым, пакінуць пасля сябе добрую памяць. Але самым вялікім дасягненнем для яго ўсё роўна будуць яго дзеці, унукі, праўнукі. Дочкі паэта Наталля, Алена і Ніна на свае вочы мелі магчымасць бачыць, як нараджаюцца вершы з-пад пяра іх бацькі. Пра жыццёвыя шляхі нашага земляка праз знаёмства з яго творамі расказала дачка Ніна Міхайлаўна Няхай. А дзіцячыя вершы прагучалі з вуснаў праўнукаў Дзмітрыя і Ульяны, да іх далучыўся і ўнук паэта Уладзімір.
У 2018 годзе ў бібліятэцы праходзіла гадзіна памяці Міхася Сазончыка. Тады сваімі ўспамінамі пра паэта як спадарожніка жыцця дзялілася яго жонка — Зінаіда Фёдараўна. Разам яны пражылі 55 гадоў. Зінаідзе Фёдараўне прысвечаны самыя лепшыя вершы. Сёння жонка паэта разам з ім славіць Бога ўжо ў нябёсах. І таму вершы, прысвечаныя Зінаідзе Фёдараўне, прагучалі ў выкананні сяброў літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі” Ігара і Алены Шаблоўскіх. Дадалі лірычнага настрою ўсім удзельнікам падзеі аўтарскія і не толькі песні яшчэ аднаго творчага сямейнага дуэта Уладзіміра і Тамары Прыгун. Тамара Міхайлаўна, паэтка, кампазітар, аўтар тэкстаў і музыкі некаторых твораў, якія прагучалі для прысутных, падзякавала родным паэта за павагу да светлай памяці сваіх бацькоў.
Аляксандр і Васіліса Пашкевічы, а таксама многія іншыя ўдзельнікі сумесных праектаў “Духоўнае слова” і “Парады з вуснаў несвіжан” не толькі пазнаёмілі гасцей бібліятэкі з дзіцячымі творамі М. Сазончыка, але і сталі ўдзельнікамі конкурсу ілюстратараў яго твораў “Старайцеся радасць прынесці”. У ім прынялі ўдзел 18 вучняў СШ № 4 нашага горада. Пераможцамі сярод вучняў 2-3 класаў сталі Васіліса Пашкевіч (дыплом І ступені), Лізавета Сцепановіч (дыплом ІІ ступені) і Захар Брэзін (дыплом ІІІ ступені). Сярод вучняў 5-6 класаў лепшымі былі прызнаны работы Вячаслава (І месца) і Веранікі (ІІ месца) Высоцкіх. Аляксандр Пашкевіч стаў уладальнікам дыплома ІІІ ступені. Дыпломы і падарункі пераможцам, а таксама іншым удзельнікам конкурсу ўручылі старшыня журы Алег Пракарына і загадчык аддзела па рабоце з дзецьмі Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы Алёна Чухлей.
Сябры раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі”, землякі Міхася Сазончыка з гарадскога пасёлка Гарадзея выступілі з прапановай прысвоіць Гарадзейскай гарпасялковай бібліятэцы імя Міхася Сазончыка. Прапанову падтрымаў Саюз пісьменнікаў Беларусі, кіраўніцтва Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Дырэктар бібліятэкі Аксана Рыжыкава прапанавала назваць юбілейны год паэта Годам Міхася Сазончыка. З гэтай прычыны ў бібліятэцы адбыліся літаратурна-музычныя кампазіцыі па творчасці нашага земляка: для юных чытачоў — “Старайцеся радасць прынесці”, гасцямі якой сталі наведвальнікі дзіцячага аздараўленчага лагера дзённага знаходжання, што працаваў у СШ №4 нашага горада, і “Роздум аб паэце і паэзіі», праведзены сумесна з супрацоўнікам Нясвіжскага РТЦСАН Галінай Бушмакінай і наведвальнікамі гэтай установы.
Ганаровымі гасцямі гэтых дзвюх сустрэч сталі члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Яцук і Зоя Кулік. Муж Зоі Мікалаеўны Пётр Дзмітрыевіч стаў адным з асноўных фундатараў кнігі Міхася Сазончыка “Крыніца”.
Зараз кіраўніцтва бібліятэкі чакае афіцыйны дакумент аб прысваенні Гарадзейскай гарпасялковай бібліятэцы імя нашага земляка. Паэт вельмі шчыра любіў нашу Радзіму, Беларусь, сваю родную Нясвіжчыну, Гарадзею, у якой жыў і ствараў свае творы. Гэту любоў ён перадаў у спадчыну кожнаму, хто зразумеў і прыняў да сэрца сказанае ім у яго творах. І такіх людзей, як аказалася, вельмі шмат.
Валянціна ШЧАРБАКОВА,
кіраўнік раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі”.
Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!