Малавядомая старонка Калядаў. Што вы не ведалi пра гэтае свята

25 снежня хрысціяне святкуюць Раство Хрыстова па грыгарыянскім календары. У гэты самы дзень, але ўжо па юліянскім календары, успамінаюць святога Спірыдона Трыміфунцкага (па грыгарыянскім — 14 снежня).

Раство — гэта адно з асноўных святаў у хрысціянстве, таму пра святога, які нарадзіўся ў 270 годзе на поўначы Кіпра, згадваюць менш. Пры гэтым даволі складана пераацаніць значнасць яго ўдзелу ў Першым Нікейскім саборы 325 года ў якасці епіскапа горада Трыміфунта. На гэтым саборы быў ухвалены Сімвал веры. Імя ў яго гонар насіў беларускі асветнік Спірыдон Собаль, які заснаваў у 1630 годзе Куцеінскую друкарню пад Оршай, дзе ў 1631 годзе выдаў першы «Буквар». У нашы дні храмы Свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага дзейнічаюць у Калодзішчах пад Мінскам і ў Брэсце. Яшчэ адзін пачалі ўзводзіць у 2021 годзе ў Фрунзенскім раёне сталіцы.




Спірыдон Собаль

Спірыдон Трыміфунцкі быў прыхільнікам дакладнага цытавання Дабравесця без адступлення ад тэксту, чым прыцягнуў шырокае кола людзей да хрысціянскай веры. У ходзе свайго пастырства епіскап уратаваў без віны асуджанага на смерць і вярнуў да жыцця грудное немаўля язычніцы ў Антыёхіі (цяпер — Антак’я ў Турцыі).

Таму свяціцеля Спірыдона шануюць за цудатворцу разам са святым Мікалаем, які быў яго аднагодкам і таксама епіскапам. Пасля 649 года мошчы святога Спірыдона перавезлі ў Канстанцінопаль. Ад 1456 года іх захоўваюць на грэчаскім востраве Керкіра ў Іанічным моры, дзе ў 1589 годзе пабудавалі сабор Святога Спірыдона.

У народным календары дзень 25 снежня таксама называюць Спірыдон-Сонцаварот, бо пасля зімовага сонцастаяння пачынае расці светлавы дзень. Адсюль даўнейшае значэнне гэтай даты ў якасці аднаго з дзён Навагоддзя. Таму прапануем павіншаваць у гэты дзень сяброў з Раством Хрыстовым па грыгарыянскім календары, з днём памяці святога Спірыдона Трыміфунцкага — па юліянскім, і нават з днём Навагоддзя — з нагоды больш шчодрага сонейка, якое прырастае з дня на дзень.

 

Источник: Млын

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!