Сацыяльны работнік — той, хто заўсёды “пад рукой”

На Нясвіжчыне яна абаснавалася не так даўно.
Пару гадоў таму купіла ў Лявонавічах дом.
Спачатку ездзіла як дачніца, на пэўны перыяд.
А потым, з часам, перабралася “на зусім”, раззнаёмілася з тутэйшымі людзьмі, завяла сяброў. Летам гэтага года адзін з іх прапанаваў пайсці




сацыяльным работнікам у Нясвіжскі раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
І яна пайшла і ні хвілінкі не пашкадавала.
Першы выпуск нашага тэматычнага праекта прысвечаны сацыяльнаму работніку
Нясвіжскага РТЦСАН Людміле Хімародзе.
Прыйшоўшы на сваю пасаду ў чэрвені, Людміла Антонаўна хутка ўцягнулася, зразумела, якім чынам трэба працаваць. Зараз на яе абслугоўванні 10 чалавек — жыхары горада і аграгарадка Заазер’е. Яе рабочы дзень афіцыйна вызначаны з 8.30 да 17.30, але па раскладзе людзям дапамагаць немагчыма.
— Я ўжо адпрацавала сваю схему. Ведаю, калі, што і каму будзе патрэбна. З якой мэтай да кожнага іду, чым буду дапамагаць, — тлумачыць мая суразмоўца. — Некаму з раніцы трэба падмагчы, некаму — наадварот пасля абеду зручней. Да кагосьці бяжыш на паўгадзінкі — толькі лекі аднесці ці прадукты якія, а некаму патрэбна больш часу, увагі, маіх рук ці навін, якія я прыношу.
Увогуле, гаворыць Людміла Антонаўна, сацыяльны работнік — гэта той, хто заўсёды “пад рукой”:
— Людзі тэлефануюць, расказваюць нешта, дзеляцца сваімі думкамі, на некага скардзяцца, могуць нават і расчуліцца. Тут ты ўжо не проста чалавек, які прыходзіць і выконвае абавязкі, тут ты ўжо і псіхолаг, і сябар. Тады і сам адчуваеш, што прывыкаеш да сваіх падапечных, што паміж вамі ўжо своеасаблівая сувязь наладжваецца. Я адчуваю гэта, і вось вам прыклад. Не зусім даўно адзін з маіх пажылых падапечных пайшоў з жыцця, дык для мяне гэта таксама моцны ўдар быў… доўга перажывала…
Калі слухаеш Людмілу Антонаўну, адчуваеш гэты пасыл, энэргетыку чалавека, і адразу наспявае пытанне:
— Вам не складана? Гэта ўсё ж асаблівая катэгорыя людзей — патрабуецца шмат сіл, уласных рэсурсаў… — цікаўлюся я.
— Можа каму і складана, пагаджуся. Але канкрэтна за сябе скажу — не. Проста трэба ўмець знаходзіць агульную мову, трэба старацца чуць і выслухоўваць чалавека, старацца зразумець яго, на хвілінку ўявіўшы сябе ў яго сітуацыі. Трэба будаваць давер у зносінах і шчырасць. Гэта асноўнае.
Адназначна, такіх працаўнікоў, як Людміла Антонаўна, вельмі цэняць і не выпускаюць з-пад увагі: 18 лістапада ў Стоўбцах адбыўся адзін з адборачных тураў абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства “Лепшы сацыяльны работнік”. Людміла Хімарода са сваёй невялікай камандай з пяці чалавек паспяхова справілася з усімі этапамі, выдатна прадставіўшы свой праект — мабільны дадатак “Апора” для падапечных саццэнтра, які павышае зручнасць камунікацыі паміж імі і работнікамі РТЦСАН.
Як вынік — удзел у наступным этапе, які адбудзецца ўжо ў Барысаве 6 студзеня.
— Людміла Антонаўна, якім трэба быць чалавекам, каб па-сапраўднаму палюбіць такую працу, не хадзіць на работу, проста таму што трэба, а вось так, як Вы — укладваючы ў яе часцінку душы?
— Ды я заўсёды такой была — неабыякавай. Не магу глядзець на тое, калі чалавек не спраўляецца з нечым, у яго не атрымліваецца, а я разумею, што дакладна магу дапамагчы. Хутчэй, “не магу не дапамагчы” — вось так.
Гэта такая справа, што тут месца людзям некарыслівым, дабрадушным, здольным спачуваць і быць чалавечнымі.
Я так лічу, таму так і жыву.
Дар’я ПІВАВАРСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!