Меню
Курс $  3.25 | €  3.5 | ₽100  3.56 |
Погода 2 °C

Для добрасуседства і паразумення

Нясвіжскія навіны 1 год назад 0 0

Пост опубликован: 28.12.2022

Як нам усім вядома, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прадаўжэнне на год
бязвізавага рэжыму ўезду ў рэспубліку грамадзян Польшчы, Латвіі і Літвы.
Бязвіз 15 красавіка бягучага года быў уведзены для літоўцаў і латышоў, з 1 ліпеня — для палякаў. Як чакалася, ён мусіў дзейнічаць да канца 2022-га. “У пацвярджэнне адкрытасці нашай краіны, нацэленасці на добрасуседства і ўмацаванне міжнацыянальных сувязей было прынята рашэнне аб прадаўжэнні бязвізавага рэжыму”,



— гаворыцца ў паведамленні Прэс-службы кіраўніка дзяржавы. Там таксама адзначаецца,
што грамадзяне Латвіі, Літвы і Польшчы і надалей змогуць свабодна наведваць Беларусь.
Паводле апошніх звестак Дзяржпагранкамітэта, з пачатку дзеяння бязвізавага рэжыму для жыхароў суседніх краін з ЕС у Беларусь прыбылі амаль 370 тысяч іншаземцаў: 239 тысяч грамадзян Літвы,
25 тысяч неграмадзян і 83 тысячы грамадзян Латвіі, а таксама 20 тысяч грамадзян Польшчы.
Як адзначалі ў ДПК, у сярэднім за выхадныя па бязвізу заязджаюць 3,7 тысячы замежных гасцей з Польшчы, Літвы і Латвіі. Тым, што думаюць аб рашэнні па падаўжэнні бязвізавага рэжыму для краін-суседак
нашы суайчыннікі, праца якіх звязана з турызмам і гасціннасцю, мы пацікавіліся ў іх саміх.

Дырэктар
ДУ “Нацыянальны
гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”
Дзмітрый ЯШЧАНКА:
— Я лічу, што працяг бязвізу — гэта самы сапраўдны жэст добрай волі з боку нашай краіны. Мы ўсе памятаем, як да пандэміі кавіда наш аб’ект наведвалі цэлыя групы арганізаваных турыстаў з Польшчы і Прыбалтыкі. Вельмі хочацца верыць, што абстаноўка ў свеце нармалізуецца і ўсё вернецца на кругі свая. А пакуль што практыка бязвізавага наведвання служыць наглядным пацвярджэннем імкнення нашай краіны да захавання добрасуседскіх адносін з суседнімі дзяржавамі, садзейнічае далейшаму развіццю асабістых кантактаў паміж звычайнымі людзьмі.
З чалавечага пункту гледжання проста неацэнна тое, што пасля працяглага кавіднага перапынку нашы суседзі атрымалі магчымасць сустрэцца са сваякамі, аддаць даніну памяці загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны, наведаць гістарычныя мемарыялы нашай Беларусі, дзе і зараз ушаноўваюць герояў і памятаюць урокі Другой сусветнай вайны.
Упэўнены, што бязвізавы рэжым дапаможа грамадзянам суседніх дзяржаў скласці ўласнае аб’ектыўнае ўяўленне аб нашай краіне, яе палітыцы і эканоміцы, бліжэй пазнаёміцца з культурай нашага народа, у чым наша ўстанова кроўна зацікаўлена.

Гаспадар
аграсядзібы “Нясвіжская”
Генадзь АКСЁНІК:
— Навіна аб падаўжэнні бязвізавага рэжыму для жыхароў Польшчы, Латвіі і Літвы пры наведванні нашай краіны наўрад ці можа выклікаць нешта, акрамя радасці. Гэта вельмі патрэбнае і правільнае рашэнне — бо людзям заўсёды трэба перамяшчацца па свеце з самымі рознымі мэтамі — камусьці ўбачыць родных і сяброў, камусьці — паглядзець славутасці іншай краіны, а камусьці — падлячыцца і адпачыць. Да таго ж і для эканомікі рэгіёна, дзе ёсць што паглядзець замежнікам, гэта толькі ў плюс. У адыходзячым годзе ў нашай аграсядзібе, напрыклад, спыняліся палякі, і хацелася б, каб такіх гасцей было больш — мы, як гаспадары, рады ўсім. Чым больш людзей з-за мяжы наведаюць наш горад, тым больш яны змогуць расказаць пра нас сваім суайчыннікам ад першай асобы. Бо народную дыпламатыю ніхто не адмяняў.
Загадчык
гатэльнага комплексу
“Сноўскі маёнтак”
Кацярына СЕржан:
— Па абавязку службы я адказваю за кафэ і гасцініцу з васьмі нумароў на 12 чалавек. Наш аб’ект не вельмі буйны, але вельмі камфартабельны, і я лічу, што ў любым выпадку бязвізавы рэжым станоўча адаб’ецца на вядзенні гасцінічнага бізнесу, бо замежныя грамадзяне любяць падарожнічаць па нашай краіне, наведваючы гістарычныя мясціны і гарады. Адмена віз дасць і ўжо дае ім больш стымулу для наведвання нашай рэспублікі і далучэння да нашай культуры. А нам гэта дасць больш магчымасцей у вядзенні бізнесу. Таму карысць тут адназначна ўзаемная.

Гаспадар
аграсядзібы
“Нясвіжскія вытокі”
Іван Данкевіч:
— Рашэнне па падаўжэнні бязвізавага рэжыму для бліжэйшых краін безумоўна разумнае і правільнае, але толькі хацелася б, каб палітыка адчыненых дзвярэй і добрасуседства была ўзаемнай, каб і нам можна было патрапіць да суседзяў гэтак жа лёгка, як і ім да нас. Наглядны прыклад неяк меў месца і ў нашай сядзібе — у нас сустракалася сям’я з Польшчы з бабуляй з Расіі, вось проста на паўдарозе паміж імі. Грамадзяне Польшчы прыехалі якраз дзякуючы бязвізу. І расіянцы шаноўнага ўзросту было да нас бліжэй і прасцей ехаць. Гэта яскравы прыклад таго, што Беларусь знаходзіцца на скрыжаванні дарог на Захад і Усход, і яе задача — аб’ядноўваць свет, што і імкнецца рабіць наша кіраўніцтва.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!