Меню
Курс $  3.28 | €  3.56 | ₽100  3.37 |
Погода 10 °C

Лячыць і радаваць людзей

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 1

Пост опубликован: 28.12.2022

Калі ў алімпійскім 1980-м годзе перад залатой медалісткай СШ №3 г. Нясвіжа Ірынай Санько паўстаў выбар далейшага жыццёвага шляху, яна разважала нядоўга. На той час дзяўчаты-выдатніцы выбіралі ў асноўным паміж трыма накірункамі — медыцынай, педагогікай і юрыспрудэнцыяй, дапускаючы яшчэ ў гэты паважаны спіс і эканоміку. Але бацькі выпускніцы, якія ўсё жыццё адпрацавалі ў гандлі, апошні варыянт зусім не віталі. Ірына адразу пагадзілася з імі і, прыслухаўшыся да сябе, выбрала медыцыну. І менавіта тую яе галіну, якая дорыць людзям не толькі здароўе, але і прыгажосць, — стаматалогію.



Прабіўны характар і воля да перамогі гераіні гэтага аповеду праявілі сябе ўжо тады. У той год, каб студэнтам было не так лёгка паступіць на медыцынскія факультэты, медалісты павінны былі, як і заўсёды, здаваць адзін экзамен. Толькі не хімію ці біялогію, што больш зразумела для будучага ўрача, а… фізіку.
—Я, мякка кажучы, моцна не любіла гэты прадмет, — з усмешкай узгадвае цяпер Ірына Рычардаўна, — але каб паступіць, вымушана была з ім справіцца.
І справілася. І з фізікай, і з многім другім, з чым трэба было справіцца ў жыцці. Паспяхова закончыўшы Мінскі медыцынскі інстутут (зараз — універсітэт), мая суразмоўца вярнулася на радзіму, якая заўсёды была ёй даражэйшая і мілейшая за ўсе сталічныя спакусы. Два гады адпрацавала ў Клецку, атрымаўшы там каштоўны практычны вопыт, стварыла сям’ю і, стаўшы Ірынай Янчэўскай, нарэшце прыступіла да працы ў сваім любімым Нясвіжы. На пытанне, калі яе душой стала авалодваць тэатральнае мастацтва, Ірына Рычардаўна адказала проста:
— Дакладна, не ў гады вучобы. Там я ўся была ў асваенні прафесіі — медыцынская навука ніколі не была лёгкай. І на першым месцы для мяне адназначна была вучоба. Таму толькі асеўшы ў родным Нясвіжы са сваёй сям’ёй, я пачала хадзіць на спектаклі нашага аматарскага тэатра. І чым больш бачыла спектаклей, тым больш яны вабілі і захаплялі.
У адзін цудоўны момант маю суразмоўцу наведала думка, што, калі другія людзі, у тым ліку знаёмыя медыкі, могуць ператварацца ў іншых асоб, то чаму яна не зможа? Лёс нібы пачуў гэты ўнутраны маналог, і да Ірыны Рычардаўны дайшла вестка, што рэжысёр Яўген Валабоеў шукае новых акцёраў. Яна прапанавала сваю кандыдатуру, нават не вельмі спадзеючыся на поспех. Але праз некаторы час пачуўся тэлефонны званок і яе запрасілі паўдзельнічаць у спектаклі. Гэта было ў 2010 годзе, і з таго часу нясвіжскі тэатр набыў новую акторку пры тым, што нясвіжская медыцына ні на грам не страціла высокапрафесійнага ўрача.
Больш таго — менавіта акцёрскі талент дапамог Ірыне Рычардаўне прад’явіць свету нашых медыкаў як вельмі рознабаковых і таленавітых людзей. Напачатку лістапада па прапанове прафсаюзнага камітэта ЦРБ яна паўдзельнічала ў абласным конкурсе самадзейнай творчасці медыцынскіх работнікаў “Шматколернасць талентаў”, дзе прадставіла арыгінальны жанр — інсцэніраваны верш Арона Вяргеліса “Колыбельная для Адама”.
— Я абсалютна не разлічвала ні на якія высокія месцы, — узгадвае гэту падзею мая суразмоўца. — Я ведала, якое маштабнае выступленне падрыхтаваў наш народны ансамбль песні “Ліра”, як цудоўна гучыць песня “Дзясяты наш дэсантны бальён” у выкананні маёй калегі, урача Дар’і Сяргейчык пад уласны акампанемент на гітары, і думала, што я проста дапамагу аддыхнуць гледачам і журы і зраблю на некалькі хвілін іх жыццё крышку весялейшым. І калі пачула, што ў мяне першае месца, некалькі хвілін не магла ў гэта паверыць, а потым адразу адчула асаблівую адказнасць: наперадзе — рэспубліканскі конкурс, і трэба падрыхтавацца вельмі сур’ёзна!
Як карэнная несвіжанка ў шостым пакаленні, Ірына Рычардаўна глыбока закаханая ў свой горад. І ідэю для выступлення доўга шукаць не прыйшлося — яна прыйшла сама. Год гістарычнай памяці, надыходзячае 800-годдзе Нясвіжа — усё гэта маланкава падтштурхнула яе да стварэння нумара, прысвечанага роднаму гораду. Раённы цэнтр культуры дапамог з дыхтоўным касцюмам радзівілаўскай эпохі, відовішчны фотарад з гукавым аздабленнем на другім плане і, вядома, спецыяльна падабраны верш-маналог пра Нясвіж і род Радзівілаў нікога не пакінулі раўнадушным. І хаця наша зямлячка тут не заваявала першага месца, але, на яе думку, ёй удалося дамагчыся галоўнага — падзяліцца з усімі, хто пабачыў гэты нумар (яго можна знайсці і ў ютубе — прым. аўт.) сваёй любоўю да роднай зямлі, да сваіх каранёў і вытокаў, дзякуючы якім мы сёння існуем на гэтым свеце.
— Мне хацелася, — расказвае мая суразмоўца, — каб усім, хто пачуў мяне з той сцэны, захацелася прыехаць у Нясвіж, пакланіцца яго прыгажосці і адчуць сваю сувязь з тым, што называецца беларускай зямлёй.
І, мяркуючы па ўсім, гэта ёй удалося: нумар у яе выкананні, яшчэ дадаткова ўпрыгожаны выступленнем славутага харэаграфічнага калектыву “Харошкі” адкрываў гала-канцэрт рэспубліканскага конкурсу, які таксама можна паба- чыць у ютубе.
Пра захапленне Ірыны Рычардаўны тэатрам, пра шматгадзінныя рэпетыцыі і спектаклі, у якіх яна ўдзельнічала ў самых розных ролях — ад прывіда, які не прамаўляе ніводнага слова, да галоўных гераінь, можна распавядаць вельмі шмат, як і шмат можна расказаць пра асаблівасці яе непасрэднай працы як урача. На жаль, абмежаваныя рамкі газетнага артыкула не дазволяць гэтага зрабіць, аднак з упэўненасцю можна сказаць адно: кожны чалавек таленавіты па-свойму, і трэба не баяцца даваць свайму таленту выхад у свет, да людзей, для якіх ён, уласна, і існуе.
— Мой поспех — гэта не мой асабісты поспех, — сказала ў завяршэнне нашай гутаркі І.Р. Янчэўская. — Гэта поспех нашага тэатра, які больш за 10 гадоў шліфаваў мяне як чалавека сцэны. І я вельмі ўдзячна ўсім, хто дапамагаў мне, перажываў і падтрымліваў — і нашаму прафкаму, і адміністрацыі бальніцы, і калектыву РЦК. Адзін у полі — не воін, а разам мы — сіла!
І з гэтым нельга не пагадзіцца. Віншуем Вас, Ірына Рычардаўна, з цудоўным выступленнем, а нашу бальніцу — з тым, што ў ёй працуюць такія таленавітыя людзі. І няхай іх будзе яшчэ больш!
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!