Лёс, у якім змясцілася эпоха

Ёсць людзі, у жыцці якіх змяшчаецца цэлая эпоха. І справа не ў мностве пражытых гадоў, а ў колькасці падзеяў, усведамленняў і азарэнняў, якія гэта жыццё напоўнілі. Яскравы прыклад правільнасці гэтага тэзісу — Аляксандр Максімовіч, заслужаны работнік прамысловасці Беларусі, Ганаровы жыхар горада Нясвіжа, былы дырэктар Гарадзейскага цукровага камбіната.




Аляксандр Георгіевіч адзначыў ужо свой 88-ы год нараджэння, але яго бадзёрасці, яснасці мыслення і жыццястойкасці можна толькі пазайздросціць. Прайшоўшы жыццёвыя выпрабаванні, якія маглі б проста зламіць усякую волю да жыцця ў менш моцнай духам асобы, ён застаўся патрыётам сваёй радзімы і чалавекам, для якога галоўным былі і застаюцца чыстае сумленне і ўпэўненасць у тым, што любая работа, якую пасылае лёс, павінна быць зроблена на вышэйшым узроўні.

А пачыналася ўсё на Віцебшчыне, дзе герой гэтага аповеду нара- дзіўся ў простай рабочай сям’і. Хлопчыку ішоў усяго чацвёрты гадок, калі яго бацьку Георгія Захаравіча, удзельніка грамадзянскай вайны, які ваяваў на яе франтах з 1918 па 1920 год, у 1938-м нечакана арыштавалі і праз некаторы час расстралялі. Як і многія яго браты па няшчасці, у пэўны час Г.З. Максімовіч быў пасмяротна рэабілітаваны, але, пакуль гэта адбылося, сям’я “ворага народа” хапанула гора спаўна. Пасля высялення са службовай кватэры ледзь-ледзь знайшлі прытулак у напаўразваленай хацінцы з земляной падлогай у вёсцы Доўганы Межанскага сельсавета. Там ратавала ад голаду дробная рыбка, якую лавіў старэйшы брат, а маці саліла яе і мяняла ў вяскоўцаў на бульбу і іншую гародніну. Лепш стала перад самай вайной, калі Максімовічам выдзелілі аднапакаёвую кватэру ў пасёлку Межа, а маці двух хлопчыкаў стала працаваць у мясцовай сталовай. Аднак палёгка была нядоўгай — пачалася Вялікая Айчынная, і ў адзін са студзеньскіх дзён 1942-га года падчас карнай аперацыі немцы і паліцаі знішчылі ўсе пабудовы паселішча, узарвалі і ільнозавод, дзе калісьці працаваў дырэктарам бацька.

— Я і цяпер адчуваю на сваім твары цяпло ад агню, у якім палаў наш дом, — узгадвае Аляксандр Георгіевіч. — Мы не ведалі, застанёмся жывымі, ці не.
Акупацыю перажылі ў вёсцы Шарыпы, дзе і падчас прысутнасці фашыстаў, і пасля вызвалення ад іх была свая гісторыя выжывання, але ў 1945-м, яшчэ да Перамогі, сям’я перабралася на радзіму маці, Марыі Сяргееўны, у вёску Дубно Скідзельскага раёна. Там прабылі нядоўга і ўладкаваліся ў вёсцы Тупічаны Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці, дзе і дажылі да Перамогі. А да яе, дарэчы, непасрэдна спрычыніўся і старэйшы брат Аляксандра — Антон, які ў 16 гадоў перайшоў з партызанамі лінію фронту і ваяваў у Чырвонай Арміі да канца вайны. Браў Берлін, вызваляў Прагу.
У пераможным 1945-м годзе наш герой пайшоў у першы клас, але, нядоўга правучыўшыся там, быў пераведзены ў другі. Затым настаўнікі параілі яму ісці адразу ў чацвёрты клас Баброўскай школы, куды трэба было хадзіць за 4 кіламетры. Але здольнага да навук хлопчыка гэта не палохала. Далей ён вучыўся ў Валпянскай сямігадовай школе, якая знаходзілася ўжо за шэсць кіламетраў. Што такое бесклапотна гуляць з сябрамі на вуліцы, Саша не ведаў. На канікулах трэба было дапамагаць за яду мясцовым гаспадарам, пасвіць жывёлу, вадзіць у начное коней і гэдак далей. Работы хапала, і ён з дзяцінства прывык яе не баяцца.

Пасля здачы экзаменаў за шосты клас паступіў у Гродзенскае двухгадовае рамеснае вучылішча №14 на спецыяльнасць “Слесар па рамонце прамысловага абсталявання”. Так жыццё будучага дырэктара завода прымала новы віток, на якім чакалі новыя выпрабаванні, аднак нездарма сталь загартоўваецца ў агні — усе прыступкі да жыццёвага поспеху былі пройдзены з той жа цвёрдай заўзятасцю, якая не магла не перадацца сыну героя грама- дзянскай вайны.
— Вучыцца было нялёгка, — узгадвае той час Аляксандр Георгіевіч. — “На паперы” ў мяне было шэсць класаў, якія я прайшоў за чатыры гады, а вучылішча было разлічана на выпускнікоў сямігадовай школы. Але выбару не было — трэба было спраўляцца.
І ён спраўляўся. Дзень вучоба — дзень практыка, і ўсё гэта — так, каб было не сорамна перад самім сабой. Як вынік — яго перавялі на працяг вучобы ў чыгуначнае вучылішча ў Лідзе. Там адначасова ў вячэрняй школе ўдалося нарэшце скончыць сямігодку. Затым была практыка на Мінскім аўтамабільным заводзе, дзе юнак нават атрымаў траўмы, але, на шчасце, абышлося без сур’ёзных наступстваў.

Пасля заканчэння Лідскага вучылішча прыйшоў на Гродзенскі вела-зборачны завод як слесар-зборшчык. Адтуль у 1953-м быў прызваны ў Савецкую армію. Тры гады адслужыў у Туркменіі, у Ашхабадзе, у зянітным палку. Пасля дэмабілізацыі пачаў унікаць у цукраварную вытворчасць — на Скідзельскім цукровым камбінаце працаваў слесарам механічнай майстэрні, адначасова будучы абраным сакратаром завадскога камітэта камсамола, затым стаў вызваленым сакратаром, інжынерам па тэхніцы бяспекі, інспектарам па кадрах, старшынёй прафсаюзнага камітэта. Аднак тут Аляксандр прабыў нядоўга — у тым жа 1966-м годзе яго перавялі на Слуцкі цукрова-рафінадны камбінат, дзе даверылі пасады інжынера лабараторыі навуковай арганізацыі працы і затым начальніка лабараторыі. У гэты час Аляксандр Георгіевіч ужо вучыўся завочна ў Маскоўскім інстытуце харчовай прамысловасці, таму што разумеў, што сярэдняй спецыяльнай адукацыі не хопіць, каб раскрыць увесь яго чалавечы і разумовы патэнцыял, каб адчуць сябе сапраўдным знаўцам сваёй справы.
— Сказаць, што вучыцца і працаваць было цяжка, — значыць нічога не сказаць, — так характарызуе той час мой суразмоўца. — Мне і цяпер, бывае, сняцца сны, што я здаю экзамены. І я вельмі ўдзячны ўсім людзям, якія тады падтрымлівалі мяне, і сваёй сям’і за дапамогу і разуменне (трэба заўважыць, што сучаснай практыкі “заказаць” недзе кантрольную, рэферат, курсавую ці тым больш дыпломную работу тады не было і ў паміне. Усё трэба было рабіць самому. — прым. аўт.).

У час вучобы ў інстытуце мой суразмоўца атрымаў і першую кіраўнічую пасаду — яго прызначылі дырэктарам Слуцкай макароннай фабрыкі. Аднак гэта быў толькі часовы адыход ад справы, якая больш за ўсё захапляла яго — вытворчасці цукру. У 1971-м годзе ён стаў дырэктарам Гарадзейскага цукровага камбіната, якім кіраваў 26 з лішкам гадоў — да 1997-га.

Дарэчы, яшчэ падчас службы ў Савецкай арміі Аляксандр Георгіевіч быў прыняты ў Камуністычную партыю, і заўсёды быў нераўнадушны да ўсяго, што адбываецца навокал. Ён імкнуўся не толькі заклікаць людзей да лепшага, але і самому падаваць ім добры прыклад. І яго першая ўзнагарода — грамата Вярхоўнага Савета БССР — была яму ўручана менавіта за грамадскую работу на камсамольскай ніве.

Менавіта гады працы ў Гарадзеі сталі часам сапраўднага росквіту яго таленту як кіраўніка і вытворцы. Прайшоўшы жорсткую школу жыцця, ён добра разумеў праблемы людзей (дзверы яго кабінета штодзень былі адчыненыя для любога работніка камбіната з дзевяці гадзін раніцы да пяці вечара) і ў той жа час умела патрабаваў ад падначаленых той жа адданасці справе, якую выпраменьваў сам. Ён хацеў, каб людзі цанілі сваё месца працы, ганарыліся і даражылі ім. А для гэтага трэба было падняць вытворчасць і сацыяльную сферу камбіната на абсалютна новы ўзровень. Як яму гэта ўдалося, сведчаць факты: магутнасць камбіната павялічылася на 70 %. Работы па рэканструкцыі дазволілі перапрацоўваць 3,5 тоны сыравіны ў суткі. Была рэканструявана ЦЭЦ, пабудавана новае вапнавае аддзяленне з устаноўкай вапнава-абпальнай печы аб’ёмам 200 м куб., закупленай у Польшчы, і мантажом казловага крана, пабудаваны новы жмыхасушыльны цэх з расфасоўкай і бястарным захоўваннем цукру ў колькасці 20 тысяч тон. Камбінат заключыў кантракты з фірмамі з Германіі, Швецыі і Даніі, закупіў насенне цукровых буракоў самых лепшых сартоў, забяспечыў імі сельгаспрадпрыемствы.

А каб работнікам камбіната не хацелася пакідаць сваю малую радзіму ў пошуках лепшага жыцця, пры ім з’явіліся сталовая, кафэ, магазін, пункт аховы здароўя, быткамбінат, дзіцячы яслі-сад, аздараўленчы лагер, дом культуры, падсобная гаспадарка, было завершана будаўніцтва плавальнага басейна. Усё гэта патрабавала ад дырэктара ўвагі, зацікаўленасці і ўмення ўвасабляць свае планы ў жыццё, нягледзячы ні на якія складанасці.
Нядзіўна, што менавіта падчас працы на Гарадзейскім цукровым камбінаце Аляксандр Георгіевіч быў удастоены ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга і Леніна, звання “Заслужаны работнік прамысловасці Беларусі”. У скарбонцы яго ўзнагарод — таксама Ганаровыя граматы Вярхоўнага Савета БССР, занясенне на Дошку Гонару на ВДНГ СССР, чатыры медалі. Ён выбіраўся і дэпутатам Мінскага абласнога Савета дэпутатаў, узначальваў у ім Пастаянную камісію па прамысловасці, энергетыцы і транспарце.

У час станаўлення незалежнай Беларусі пасля распаду СССР, заўважаючы праблемы ў цукровай вытворчасці, герой гэтага аповеда, вядома, не змог заставацца раўнадушным: накіраваў Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку ліст, які разам з ім падпісалі кіраўнікі трох астатніх цукровых прадпрыемстваў нашай краіны. У ім прасіў адмяніць падатак на дабаўлены кошт на ўвоз трысняговага цукру і падатак на пакупку валюты для набыцця цукру-сыр- цу цукровымі заводамі, увесці пошліну на ўвоз белага цукру ў памеры 35 % для ўсіх краін, акрамя краін адзінай мытнай прасторы, і адмяніць пошліну і ПДК на ўвоз дапаможных матэрыялаў для вытворчасці цукру і насення цукровых буракоў як з краін СНД, так і з дальняга замежжа.

Прэзідэнт падтрымаў гэтыя прапановы, і цяпер наша краіна забяспечана ўласнай сыравінай, як і ўласным цукрам.

Пасля выхаду на заслужаны адпачынак Аляксандр Георгіевіч яшчэ доўга не мог заставацца ўдалечыні ад справы, у якую ўклаў і розум, і душу — яшчэ восем гадоў працаваў на камбінаце першым намеснікам дырэктара, затым — кансультантам тэхнічнага аддзела. І хаця зараз мой суразмоўца сапраўды мае поўнае права адпачыць, але за камбінат перажывае, як і раней — радуецца яго поспехам, спадзяецца, што і яго спадкаемцы будуць трывала трымаць курс на ўдасканальванне і развіццё, які ён некалі праклаў. І хочацца верыць, што гэта заўсёды будзе так.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!