Іх імёнамі названы вуліцы Нясвіжа: краязнаўца Клаўдзія Шышыгіна-Патоцкая

Клаўдзія Шышыгіна-Патоцкая шмат гадоў выкладала ў школах Нясвіжчыны, вяла музыку і нават замежную мову. Але галоўнай справай жыцця Клаўдзіі Якаўлеўны было вывучэнне гісторыі роднага краю, у тым ліку і яго ўладальнікаў князёў Радзівілаў. Краязнаўца стала гэтым займацца з пачатку 1980-х гадоў. У выніку — выпусціла некалькі кніг, дзясяткі артыкулаў.




Мясцовыя жыхары і госці горада мелі магчымасць асабіста пагаварыць з даследчыцай, бо недалёка ад уваходу ў замак у яе была свая гандлёвая кропка, дзе Клаўдзія Якаўлеўна прадавала кнігі, у тым ліку і свае.
Магчыма, у Беларусі ёсць навукоўцы, якія яшчэ больш глыбока разбіраюцца ва ўсіх гістарычных хітраспляценнях, дасканала ведаюць гісторыю знакамітага магнацкага роду Радзівілаў, але наўрад ці хто з іх любіў Нясвіж і яго герояў гэтак жа моцна, як мясцовая краязнаўца.
Калі казаць пра вынікі яе даследчай дзейнасці, то першае буйное выданне пад назвай “Скарбы Нясвіжа” выйшла ў 1993 годзе і хутка стала бібліяграфічнай рэдкасцю. Кніга ўтрымоўвала падборку найбольш цікавых легенд Нясвіжчыны, выкладзеных у лёгкім і зразумелым як для школьніка, так і для дарослага стылі.
У 1997 годзе выйшлі адразу дзве кнігі К.Я. Шышыгінай-Патоцкай. Менавіта тады з’явіўся краязнаўчы нарыс “Легенды Нясвіжа” — адзін з самых папулярных выданняў сярод усіх кніг пра гісторыю Нясвіжскага краю. Тады ж было надрукавана і “Каханне стагоддзя”.
А вынікам даследчага шляху Клаўдзіі Якаўлеўны даследчыкі называюць кнігу “Нясвіж і Радзівілы”. Гэта перапрацаванае і дапоўненае выданне “Скарбаў Нясвіжа”, якое выйшла ў 2002 годзе. Кніга вытрымала два выданні, другое — апошняе прыжыццёвае. Чытаецца яна лёгка і захапляльна, таму ідэальна падыходзіць для знаёмства з Нясвіжам.
Клаўдзія Якаўлеўна Шышыгіна-Патоцкая ўсё жыццё прысвяціла Нясвіжу. І яе работы вельмі пасадзейнічалі папулярызацыі яго славутасцей.

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!