Меню
Курс $  3.27 | €  3.5 | ₽100  3.48 |
Погода 7 °C

Пра свой горад з вялікай любоўю

Нясвіжскія навіны 1 год назад 0 2

Пост опубликован: 16.01.2023

У летапісе кожнага горада, тым больш такога прыгожага і знакамітага, як наш Нясвіж, акрамя знамянальных па- дзей і помнікаў архітэктуры сусветнага значэння, якія захаваліся да сённяшніх дзён, ёсць абавязкова людзі, якія твораць яго гісторыю, прымушаюць па-новаму гучаць музыку каменю, упрыгожваюць кожны кавалак зямлі, робяць многае для таго, каб было не проста прыгожа, але яшчэ і ўтульна, камфортна не толькі яго жыхарам, але і турыстам, што часта наведваюць нашы мясціны.



Сярод людзей, якія пра гэта клапоцяцца ў першую чаргу — намеснік старшыні Нясвіжскага райвыканкама па пытаннях будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Міхаіл Афанасік. Не так даўно Міхаіл Вікенцьевіч стаў удзельнікам партрэтнага інтэрв’ю “Лёс чалавека” ў рамках праекта “Лёсам з Нясвіжчынай” Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы. Юным і сталым чытачам, а таксама гасцям бібліятэкі было вельмі цікава пачуць ад гэтага неардынарнага чалавека гісторыю яго жыцця, што пачалася ў тагачасным пасёлку рыбгаса Альба. Месца нараджэння нашага суразмоўцы цяпер ужо ўвайшло ў межы горада і стала працягам вуліцы Карла Лібкнехта. Сваё дзяцінства Міхаіл Вікенцьевіч лічыць самай найшчаслівейшай парой, калі з вакольных вадаёмаў яго і яго сяброў-аднагодак можна было дастаць толькі з дапамогай такога “педагагічнага” прыстасавання, як дубец. Арэхі з альбянскага лесу тады цягалі мяхамі, а на футбольным полі можна было ганяць амаль да змяркання.

Тата — Вікенцій Андрэевіч — сорак два гады адпрацаваў шафёрам. З васямнаццаці год у палутарцы вазіў па вёсках кіно ра- зам з механікам, пасля працаваў ў райсельгастэхніцы. Мама Марыя Канстанцінаўна ўсё жыццё працавала ў рыбгасе, там былі вялікія фермы, дзе гадавалі качак.

У дзядулі і бабулі па татавай лініі было васьмёра дзяцей. Яны — карэнныя несвіжане. Жылі па вуліцы Лясной. Цяпер у Міхаіла Вікенцьевіча шмат стрыечных братоў і сясцёр па ўсёй тэрыторыі былога Савецкага Саюза.

Мамін тата, Канстанцін Антонавіч Макаўчык, у той час быў настаўнікам пачатковых класаў у Лані. Бацькам жа вучыцца не давялося. Сказалася ваеннае дзяцінства, галодны пасляваенны час. Мама скончыла толькі чатыры класы пачатковай школы, але гэта не замінала ёй раніцай частаваць свайго сына не толькі смачным печывам, але і немалымі ўрыўкамі з паэмы Коласа “Новая зямля”.

— Мяне гэта вельмі здзіўляла. Калі самому патрэбна было штосьці вучыць з вершаў, я павінен быў напружана зубрыць, а ёй гэта давалася лёгка. Гэта былі людзі няхай сабе не вельмі адукаваныя, але багатыя мудрасцю жыццёвай, — успамінае ўдзячны сын.

Маці заўсёды заклікала сваіх дзяцей вучыцца. Казала:

— Вучыся, бо ты павінен стаць чалавекам.

Міхаіл скончыў СШ № 1 г. Нясвіжа, якую па сёння лічыць самай лепшай у горадзе і з вялікай удзячнасцю ўспамінае сваіх настаўнікаў: Вікторыю Іосіфаўну Рымашэўскую, Зою Уладзіміраўну Жалнаркевіч, Ефрасінню Іосіфаўну Рабочую, першага настаўніка Аляксандра Васільевіча Шынгеля.
Калі прыйшоў час выбіраць прафесію, у госці прыехаў стрыечны брат таты, які скончыў Севастопальскае ваенна-марское вучылішча і быў на той момант ужо падвод- нікам, капітанам-лейтэнантам.

Міхаіл спачатку загарэўся пайсці па шляху дзядзькі, але маці была катэгарычна супраць:
— Што хочаш рабі, толькі не ў падводнікі.

Сын пашкадаваў маці і падаў дакументы ў вышэйшае ваенна-марское вучылішча імя Фрунзэ ў Ленінградзе. Прайшоў камісію, але на экзамены запрашэння не атрымаў. Дзядзька пасля жартаваў:

— Не разумны ты, Мішка. У кожнага адмірала ёсць свой сын. Трэба было ў Севастопальскае падводнае паступаць.
Міхаіл падаў дакументы ў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі, зараз Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт, і неўзабаве стаў студэнтам.

Першае месца працы маладога інжынера — Нясвіжская ордэна Леніна райсельгастэхніка. Гэта прадпрыемства было на той момант лепшым не толькі ў нашай краіне. Па-першае, яна адзіная ў Савецкім саюзе мела ордэн Леніна. Кіраваў прадпрыемствам вялікі чалавек таго часу — Георгій Міхайлавіч Лазар, які прайшоў шлях ад простага камбайнёра да кіраўніка высокага ўзроўню. Дысцыпліна на прадпрыемстве была ўзорнай, як і якасць выконваемай працы. Існаваў такі жарт, што, калі б там захацелі, маглі б нават самалёты выпускаць. І атрымалася б.

А па-другое, у райсельгастэхніцы працавалі добрыя кіраўнікі, якія маглі навучыць чаму-небудзь у жыцці. І яны давалі магчымасць самастойна прымаць рашэнні.

Адпрацаваўшы патрэбныя тры гады пасля інстытута, Міхаіл Вікенцьевіч павінен быў выбраць далейшы жыццёвы шлях. На той момант ён ужо меў сям’ю, разам з жонкай Ліліяй Канстанцінаўнай гадаваў дачку. Сям’я жыла ў доме цешчы у вёсцы Малева. Каб займець на скорым часе свой куток, прыйшлося галаве малодой сям’і падацца ў будаўнікі, а менавіта стаць тэхнікам у (на той момант) МПМК-95.

У маі 1991 года герой гэтага аповеду перайшоў на работу ва ўпраўленне капітальнага будаўніцтва, затым працаваў галоўным інжынерам Нясвіжскай ЖКГ, а ў лютым 2006 года быў прызначаны намеснікам старшыні Нясвіжскага райвыканкама па пытаннях будаўніцтва і ЖКГ, летась стаў першым намеснікам кіраўніка раёна.

Пастаянны вядучы праекта Аляксей Абражэй спытаў госця пра тыя складанасці, якія чакалі яго на новым месцы працы.

— Мне дасталіся два самыя няпростыя напрамкі: жыллёва-камунальная гаспадарка і будаўніцтва, — сказаў Міхаіл Вікенцьевіч. — Сем- дзесят працэнтаў усіх скаргаў насельніцтва і па сённяшні дзень тычацца гэтай сферы, таму што гэта надзённыя патрэбы людзей.

Першае, з чым прыйшлося сутыкнуцца, — гэта тое, што кацельні, якія былі на балансе калгасаў, перадалі ў ЖКГ у нездавальняючым стане. І першае, што патрэбна было зрабіць, гэта прывесці іх у парадак, каб людзі не пакутавалі з-за адсутнасці цяпла і іншых праблем. На гэта пайшло шмат часу, вельмі многа фінансавых сродкаў патрэбна было ўкласці. Але я лічу, што за гэтыя амаль два дзесяцігоддзі мы разам са спецыялістамі Нясвіжскай ЖКГ здзейснілі ў раёне рэвалюцыю ў цеплавой гаспадарцы, замянілі катлы, пабудавалі новыя кацельні.

Другая праблема тычылася сферы ЖКГ. Плоскія дахі дамоў цяклі. Мы спяшаліся накрыць іх хаця б адным слоем руберойду. Пасля ўжо сістэмна рабілі рамонты ці двухскатныя дахі на некаторых дамах. А трэцяй праблемай стала асфальтаванне вуліц. Тут таксама была праведзена вялікая работа. І сёння я магу па пальцах пералічыць тыя вуліцы, на якіх няма асфальту — гэта Лермантава, Лясная, Піянерская, Розы Люксембург, Талстога. З часам асфальт прыходзіць у нягоднасць, яго патрэбна аднаўляць. І калі штосьці не паспяваем, то гэта з-за адсутнасці дастатковага фінансавання.

Яшчэ ў часы забудовы каменнага горада італьянцам Бернардоні ў Нясвіжы была створана квартальная сістэма вуліц. Таму любое развіццё горада павінна пачынацца з генеральнага плана.

— У 2006 годзе мы прынялі новы генеральны план горада, затым Гарадзеі, Снова і план рэгенерацыі цэнтральнай часткі Нясвіжа, — распавядаў далей Міхаіл Вікенцьевіч. — У 2019 годзе з’явіўся — другі генеральны план развіцця г. Нясвіжа. Гэта тая аснова, па якой ідзе будаўніцтва. На аснове гэтых дакументаў мы сёння і будуем горад. Нясвіж — адметнасць Беларусі, гістарычны цэнтр. Без прыгожага афармлення, інжынернай інфраструктуры ён не можа існаваць. Многія праблемы вельмі значныя, і хоць не адразу, але мы стараемся іх вырашаць, — расказаў Міхаіл Вікенцьевіч.

Спытаў вядучы і пра рэканструкцыю ці будаўніцтва, якія плануюцца ў Нясвіжы ў бліжэйшы час.

— Прэзідэнт пастанавіў у кожным раёне у абавязковым парадку будаваць прадпрыемствы, якія б давалі магчымасць людзям працаваць і развіваць гэты рэгіён, — расказаў Міхаіл Вікенцьевіч. — Што датычыцца сельскагаспадарчай вытворчасці, то з 2006 года пабудавана і ўведзена ў эксплуатацыю больш за трыццаць малочна-таварных ферм. Мы пачалі будаваць новыя сучасныя фермы ў ААТ “НОВАЕ ЖЫЦЦЁ” ў Жанкавічах на 800 галоў статку, у ААТ “Лань-Нясвіж” і “17 Верасня”, праекціруюцца такія аб’екты ў ААТ “Нясвіжскі райаграсэрвіс” і ЭБ “Свеклавічная”. У снежні мінулага года ўведзены ў эксплуатацыю фермы ў ААТ “17 Верасня” (дзе яшчэ адна будуецца) і “Нясвіжскія Астроўкі”, пачата будаўніцтва дадатковага будынка ў Юшавічах. Што датычыцца прамысловых прадпрыемстваў, то сёння пачата рэалізацыя новага праекта медыцынскага прадпрыемства ЗВУП “Медінтэрпласт”. На яго рэалізацыю выдзелена каля 7 мільенаў рублёў інвестыцый. Будаўніцтва распачата на тэрыторыі былой швейнай фабрыкі. За кошт суседніх тэрыторый сёння пашыраецца і СП ТАА “Фармлэнд”.

Што датычыцца прыватнага будаўніцтва, то значная частка горада ўжо аддадзена пад гэтую забудову. Горад развіваецца. На сённяшні момант у нас зямлі практычна няма. Чарга на атрыманне зямельных надзелаў пад будаўніцтва індывідуальных дамоў складае 65 чалавек. Мы не можам лю- дзям даць участкі, бо іх пакуль што няма. З пачатку дзеяння Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 667 з другой паловы 2009 года толькі ў Нясвіжы выдалі пад індывідуальную забудову 743 участкі. Узніклі вялікія новыя мікрараёны. Прычым мы даём зямельныя участкі пад індывідуальную забудову толькі пры наяўнасці інжынерных сетак. У абавязковым парадку вада, электраэнергія, дарогі, хаця б у першапачатковым гравійным выкананні.

Што датычыцца далейшага развіцця індывідуальнай забудовы, то мы пісалі абгрунтаванне на імя Прэзідэнта аб неабходнасці ўключэння ў межы горада 55,4 га зямель сельгаспрызначэння ад Рудаўкі да Заазер’я пад індывідуальнае будаўніцтва. У 2021 годзе Прэзідэнт падпісаў распараджэнне аб гэтым.
Сёння Беларускі НДІ горадабудаўніцтва займаецца распрацоўкай плана дэтальнай планіроўкі, і я думаю, што з наступнага года мы прыступім да засваення інжынерных сетак (распрацоўкі іх праектнай дакументацыі).

Што да шматкватэрнага будаўніцтва, то ў лістападзе 2022 года мы ўвялі ў эксплуатацыю 48-кватэрны дом, у маі — 60-кватэрны. Мы запрашалі да будаўніцтва сем’і, якія сталі на чаргу ў 2022 годзе. Зараз запрашаем моладзь прыняць удзел у будаўніцтве 32-кватэрнага дома. Той, хто стаў на чаргу нават цяпер, можа далучацца. Зараз на кожную кватэру прадугледжваецца асобнае машынамесца.
Госць праекта паведаміў і пра будаўніцтва сацыяльных аб’ектаў. У гэтым годзе павінна адкрыцца новая паліклініка. За магазінам “Санта” па вуліцы 1 Мая плануецца будаўніцтва ФАКа. М.В. Афанасік засяродзіў увагу і на тым, што калі тэатр пачынаецца з вешалкі, то горад — з уяздной групы.

— Той дарожны знак, які стаіць у нас на кальцы, даўно перажыў сябе. Горад будзе пачынацца з малой архітэктурнай формы. Вы пабачыце цудоўны ансамбль у выглядзе чатырох уязных шасцімятровых варотаў, якія калісьці існавалі ў старым горадзе. Укругавую будуць пракладзены тратуар і падсветка. Да 800-годдзя Нясвіжа таксама чакаецца  вялікая работа.   Будзем старацца прывесці ў парадак фасады нашых будынкаў, многія жылыя дамы будуць капітальна адрамантаваныя. Хочам заасфальтаваць частку вуліцы Слуцкай, Сыракомлі, Новую,  Лермантава,         К. Лібкнехта.

Ёсць задумка пасадзіць дрэвы ў раёне Ратушнай плошчы з боку вуліцы Савецкай, зрабіць частку вуліцы Чапаева ад Доміка на рынку да ўнівермага пешаходнай,                         добраўпарадкаваць сквер…

Міхаіл Вікенцьевіч шмат распавядаў пра свае задумкі ў галіне будаўніцтва і добраўпарадкавання горада. Ён спадзяецца, што ўсе яны ўвасобяцца ў жыццё. Усё залежыць ад фінансавання. І няхай сабе не адразу, але абавязкова несвіжане прычакаюць іх завяршэння.

Міхаіл Вікенцьевіч прапанаваў маладым людзям не стаяць убаку, а ўносіць свае прапановы, самыя лепшыя з якіх будуць абавязкова прыняты.

Падчас правядзення бліц- апытання высветлілася, што ў людзях Міхаіл Вікенцьевіч найперш цэніць прыстойнасць і ўменне любіць. На яго думку, чалавек, які ўмее любіць, можа натхняць на добрыя ўчынкі сябе і тых, хто побач. Ён высока цэніць сяброўства. Асабліва калі сябар патрэбен так, як паветра. Такім сябрам наш герой лічыць сваю жонку. Пры звышнапружанай прафесійнай занятасці самым лепшым адпачынкам для яго з’яўляюцца паездкі да цешчы ў вёску Малева, дзе за паўсядзённымі справамі знаходзіцца месца для добрых шчырых размоў. У тым ліку і пра Нясвіжчыну, яе мінулае і, зразумела, будучыню.

Міхаілу Вікенцьевічу неаднойчы прыходзілася аглядаць наш горад з кабіны верталёта. І тут ён зноў пацвярджае знаёмую многім ісціну, што Нясвіж — горад найпрыгажэйшы. Наш зямляк ніколі б не змяніў яго нават на сталічныя далягляды. Бо тут чалавек знайшоў сябе, прымяніў талент, без сумнення, падараваны Богам, здзейсніў многія мары па добраўпарадкаванні горада.

Для гэтага нашаму суразмоўцу часта прыходзілася назіраць за жыццём Нясвіжа з вышыні птушынага палёту. Часцей надаралася магчымасць закасваць рукавы, прачынацца значна раней, чым прачынаецца сам горад.

Самым вялікім дасягненнем свайго жыцця Міхаіл Вікенцьевіч лічыць пабудаваны пры яго непасрэдным удзеле храм Узнясення Гасподня ў нашым горадзе:

— Тут найбольшая заслуга айца Аляксандра Данчанкі. Але і для мяне вялікае шчасце разумець, што нават мой тата Вікенцій Андрэевіч на пачатку будаўніцтва святыні разам з іншымі вернікамі збіраў грошы для здзяйснення гэтай задумы.

Пройдзе час, і людзі могуць забыцца на многае. Але прафесія будаўніка каштоўная тым, што зробленае яго рукамі разлічана на стагоддзі. Госць праекта ўзгадаў, што ў Нясвіжы ёсць месцы, напрыклад, вуліца Нясвіжская, з вышэйшай кропкі якой наш горад бачны як на далоні: храмы, касцёл, замак Радзівілаў, сучасныя збудаванні. Як прыемна агля-     даць гэту прыгажосць любому несвіжаніну, і тым больш таму чалавеку, які па памяці ведае кожную вуліцу, дом, выбоіну на тратуары. Вядучы пажадаў Міхаілу Вікенцьевічу здзяйснення ўсіх задумак і мараў, якія, я ўпэўнена, вельмі спадабаюцца несвіжанам і не толькі.

Валянціна ШЧАРБАКОВА,

супрацоўнік

ДУК «Нясвіжская цэнтральная раённая бібліятэка

імя П. Пранузы».

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!