Цудоўныя галасы пад старадаўнімі сводамі

У нядзелю ў касцёле Божага Цела ў Нясвіжы адбыўся канцэрт камернага хору “Салютарыс”, які працуе пры Саюзе музычных дзеячоў Рэспублікі Беларусь.
Як патлумачыла мастацкі кіраўнік і заснавальнік калектыву Вольга Янум, гэта аматарскі калектыў, патрапіць у які можа любы жадаючы, што прайшоў праслухоўванне. Сама спадарыня Вольга таксама з’ўляецца рэгентам хора прыхода абраза Божай Маці “Усіх Смуткуючых Радасць”, галоўным дырыжорам Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Рыгора Шырмы, выкладчыкам Беларускай акадэміі музыкі і лічыць музыку і спевы галоўнай справай свайго жыцця.




Прызнацца, падчас гучання крыштальна чыстых галасоў “Салютарыса” ледзьве верыцца, што ў яго склад уваходзіць зусім невялікая колькасць прафесійных музыкантаў — настолькі зладжана і адпрацавана вядуць свае партыі спевакі.
— У нашым хоры — 30 з лішкам удзельнікаў, — расказала Вольга Янум для чытачоў “НН”. — Галоўнае, што нас трымае, гэта чысты энтузіязм, любоў да спеваў і малады запал. Неяк так само сталася, што да нас прыцягваецца моладзь — усім нашым спевакам не больш за 40 гадоў. Магчыма, у больш салідным узросце ўжо не так шмат сіл для пастаянных рэпетыцый і паездак, магчыма яшчэ нешта ўплывае, але маладзёжная атмасфера, якая пануе ў нашым хоры, жаданне пастаянна асвойваць і спасцігаць нешта новае — гэта наша адметнасць, якой мы сапраўды ганарымся.
Мы стараемся выконваць творы, якія не спявае больш ніхто. Шукаем эксклюзіўныя ноты, просім беларускіх кампазітараў ствараць музыку спецыяльна для нас. Вельмі шмат для нас зрабілі такія аўтары, як Андрэй Саўрыцкі, Вольга Вараб’ёва — стваральнік славутага калектыву “Камерата”, а таксама — адна з удзельніц нашага хора Анастасія Бяндэрская. Яе творы ўжо з задавальненнем выконваюць і калектывы з іншых краін блізкага замежжа. У рэпертуары хора ёсць творы і амерыканскіх, і латвійскіх, і літоўскіх кампазітараў, але прыярытэт аддаецца нашым, беларускім творцам.
Кіраўнік хору таксама адзначыла, што калектыў стараецца вырашаць двайную задачу: падчас замежных гастроляў як мага больш уражваюча прадстаўляць музычную культуру Беларусі, а на канцэртах па рэспубліцы знаёміць нашых людзей з творамі кампазітараў з іншых краін, якія часта становяцца сапраўдным адкрыццём для нашага слухача. Так, напрыклад, на канцэрце ў Нясвіжы гучалі песні ўжо названых беларускіх аўтараў, ірландскага кампазітара Майкла МакГліна, якога Вольга Янум ведае асабіста, а таксама старадаўняя баскская калядка ў сучаснай аранжыроўцы Андрэя Саўрыцкага. Несвіжане змаглі пачуць і чароўную кельтскую арфу, і скрыпку, якія падкрэслівалі сваімі непаўторнымі галасамі прыгажосць галасоў людзей.
У “дакавідныя”, больш спрыяльныя для паездак часы, “Салютарыс” пабываў з канцэртамі ў 14 краінах свету, большасць з якіх — еўрапейскія, дзе праходзяць вядомыя харавыя фестывалі. Там нашы суайчыннікі годна прадстаўлялі Беларусь і набывалі найкаштоўнейшы вопыт у творчым спаборніцтве з іншымі моцнымі калектывамі. У хуткім часе яны накіруюцца з вялікім сольным канцэртам у расійскі Санкт-Пецярбург, дзе будуць выступаць ў адным з лепшых канцэртных залаў горада — зале Капэлы, а затым прымуць удзел у фінальным канцэрце ў Марыінскім тэатры.
У маі калектыў плануе наладзіць юбілейнае выступленне ў Мінску з нагоды свайго 15-годдзя, і, мяркуючы па ўсім, гэта стане вельмі яскравай падзеяй у культурным жыцці нашай сталіцы. Таму — не лянуемся, сочым у інтэрнэце за навінамі хора “Салютарыс” і прыязджаем на канцэрт!

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!