Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 11 °C

Іх імёнамі названы вуліцы Нясвіжа: Герой Савецкага Саюза Мікалай Лешчанка

Нясвіжскія навіны 1 год назад 0 7

Іх імёнамі названы вуліцы Нясвіжа: Герой Савецкага Саюза Мікалай Лешчанка.

23 лютага споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння Ганаровага жыхара Нясвіжа Мікалая Паўлавіча Лешчанкі, чыё імя ўпрыгожвае адну з вуліц нашага квітнеючага гораду.

Герой Савецкага Саюза палкоўнік Мікалай Паўлавіч Лешчанка пасля Вялікай Айчыннай вайны прыязджаў у Нясвіж. Сустракаўся з кіраўніцтвам раёна, з грамадскасцю, са школьнікамі, расказваў пра свае ваенныя будні, у тым ліку і пра бой пад Нясвіжам. На памяць захаваліся фатаграфіі 1975-га, 1984 гадоў: высокі госць з нашымі ветэранамі вайны, у акружэнні навучэнцаў Нясвіжскай СШ №2 (членаў клуба “Пошук”). І яго аповед.Зорка Героя — за бой пад Нясвіжам



Лета 1944 года выдалася надзвычай спякотным. Але савецкія воіны не звярталі ўвагі на гарачыню. Яны імкліва рухаліся на захад, выганяючы ворага са сваёй зямлі.
Пасля вызвалення Слуцка артылерысты 1318-га знішчальнага процітанкавага палка даганялі савецкія часці, якія наступалі. На ўскраіне Нясвіжа фашысцкія танкі з засады падбілі машыну, у якой знаходзіўся з разлікам камандзір батарэі капітан Патапаў. Адначасова была разбіта гармата. Камандзір узвода лейтэнант Лешчанка, які ехаў за 300 метраў ад Патапава, загадаў сваім байцам падрыхтавацца да бою, а сам з радавым Зімаўцом пабег да машыны.

Яе пярэдняя частка была ахоплена полымем, а ў кузаве — параненыя байцы. Яны сцякалі крывёю. Трэба было спяшацца. Вось-вось могуць выбухнуць боепрыпасы. А вораг не спыняў абстрэлу дарогі з гармат і кулямётаў. Пад прыкрыццём пылу і дыму Лешчанка і Зімавец пачалі здымаць з машыны таварышаў. За два разы яны вынеслі ў бяспечнае месца чацвярых. Калі паўзлі да машыны ў трэці раз, цяжка параніла Зімаўца. Цяпер Лешчанка адзін выносіў параненых. Толькі б паспець… I ён зноў і зноў вяртаўся да машыны. Пасля таго, як вынес апошнім свайго камандзіра батарэі, пачалі рвацца боепрыпасы.

Зорка Героя — за бой пад Нясвіжам

Мікалай Паўлавіч Лешчанка нарадзіўся 23.2.1923 г. у Харкаве. Герой Савецкага Саюза (25.9.1944 г.). Скончыў Сумскае артылерыйскае вучылішча імя Фрунзе (1943). 3 мая 1943 г. ваяваў на Цэнтральным, Бранскім, 1-м і 2-м Беларускіх франтах: камандзір агнявога ўзвода 1318-га знішчальнага процітанкавага артылерыйскага палка. Вызначыўся ў час Беларускай аперацыі: 1.7.1944 г. пры вызваленні Слуцка агнём з гарматы знішчыў 2 станкавыя кулямёты і мінамётную батарэю. 3.7.1944 г. на ўскраіне Нясвіжа ў баі падбіў 5 танкаў, астатнія прымусіў адступіць. 3 разлікам гарматы суткі ўтрымліваў рубеж, не даў гітлераўцам прарвацца на фланг савецкіх войск.
Пасля вайны да 1972 г. служыў у Савецкай Арміі, палкоўнік. Жыў у Харкаве.
Ганаровы грамадзянін Нясвіжа (1975 г.). Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Айчыннай вайны 1-й ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі.
Памёр у 1990 годзе.

Раненых на другой машыне адправілі ў напрамку Слуцка. 3 лейтэнантам засталіся шэсць байцоў і гармата. Уперадзе — вораг. Hi злева, ні справа нашых войск не было відаць. Батарэя апынулася адзін на адзін з непрыяцелем. Адступаць немагчыма — без машыны гармату з боепрыпасамі далёка не закоціш.

Размеркаваўшы паміж артылерыстамі абавязкі, лейтэнант Лешчанка пачаў назіраць за ворагам. 3 горада даносіўся гул матораў, а над шашой Нясвіж — Стоўбцы вісела пылавая заслона. Па ёй ішлі танкі. Чые яны? Каб высветліць гэта, афіцэр паўзком па жыце дабраўся да дарогі. 3-за пылу нельга было распазнаць машын. Тады Лешчанка стаў на ўвесь рост і прыклаў да вачэй бінокль. У гэты час адчыніўся вежавы люк аднаго з танкаў і таксама праз бінокль на яго глянуў чалавек. Не паспеў лейтэнант добра разгледзець танкіста, як у яго бок павярнулася вежа і доўгая кулямётная чарга прарэзала збажыну…

— На шашы гітлераўскія танкі. Хутка яны могуць з’явіцца тут. Што будзем рабіць? — спытаў, прыйшоўшы да артылерыстаў, камандзір узвода.
Усе разумелі, што з адной гарматай нялёгка ваяваць з танкамі, але адказ быў адзін:

— Будзем прымаць бой і змагацца з ворагам так, як на Курскай дузе.

Артылерысты ўдала паставілі сваю гармату: з-за будынка, што знаходзіўся ля самай дарогі на ўскраіне горада, выглядаў толькі яе ствол. Злева гармата прыкрывалася тоўстай каменнай сцяной. На даху суседняга дома быў пастаўлены кулямёт. Астатнія байцы з аўтаматамі і гранатамі заляглі ў невялікай прыдарожнай яме.
Час ішоў марудна. У чаканні чагосьці невядомага, якое не абяцала нічога суцяшальнага, байцы моўчкі ляжалі на зямлі. А вакол прырода, не зважаючы на вайну, выхвалялася сваёй прыгажосцю. Лешчанка вельмі любіў летнюю пару года. Раней ён гадзінамі бываў у полі. Цяпер было не да гэтага: разумеў, што ад яго залежыць лёс падначаленых, і прадумваў да дробязей, як лепш правесці бой.

Праз некалькі гадзін у напрамку, дзе ляжалі артылерысты, з горада рушылі восем варожых танкаў.

— Страляць па маёй камандзе. Гранаты кідаць пры набліжэнні машыны на 25 — 30 метраў! — распарадзіўся лейтэнант і сам стаў ля панарамы гарматы. Побач з ім заняў сваё месца зараджаючы Грышаеў.

Ляскаючы гусеніцамі і ўздымаючы клубы пылу, бранірованыя машыны падыходзілі ўсё бліжэй і бліжэй. I вось нашы артылерысты зрабілі першы выстрал. Снарад трапіў у вежу, але не прабіў яе. З танка ў бок гарматы выпусцілі доўгую кулямётную чаргу. Ад другога выстралу нашых байцоў ён ахутаўся чорным дымам. Цяпер Лешчанка наводзіў гармату на другую варожую машыну. Выстрал — і яна запалала, нібы факел. Астатнія 6 танкаў развярнуліся ў лінію, памчаліся на пазіцыю артылерыстаў. На асобных машынах сядзелі аўтаматчыкі.

— Па дэсантніках агонь! — крыкнуў афіцэр і прыпаў да панарамы.

Адлегласць паміж гарматай і танкамі хутка скарачалася. Свісталі кулі, рваліся снарады. Глуха стукалі аб шчыт гарматы асколкі. Не зважаючы на гэта, радавы Грышаеў пасылаў у ствол снарад за снарадам. Лейтэнант Лешчанка ва ўпор расстрэльваў бранірованых пачвар. Старшы сяржант Ваўчок з астатнімі байцамі з кулямёта, аўтаматаў і гранатамі знішчалі дэсантнікаў. Ужо тры танкі палалі паблізу. Два снарады спатрэбіліся лейтэнанту Лешчанку, каб яшчэ дзве жалезныя варожыя пачвары застылі на месцы. Тры, што засталіся, адстрэльваючыся, заднім ходам пачалі адыходзіць да Нясвіжа…

Пяць варожых танкаў за адзін бой знішчыў лейтэнант Лешчанка з таварышамі. Стойкасць, бяспрыкладную мужнасць і бясстрашнасць паказалі ў гэтым баі артылерысты. Усе яны адзначаны ўрадавымі ўзнагародамі. За выратаванне параненых байцоў, баявое майстэрства і ініцыятыву ў баі Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 25 верасня 1944 года лейтэнанту Лешчанку прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. А ён з аднапалчанамі працягваў свой вызваленчы паход.

У 1975 годзе Мікалаю Паўлавічу Лешчанку было прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін горада Нясвіжа” — першаму з усёй плеяды знакамітых людзей, што маюць гэтае званне. Адпаведны дыплом быў уручаны госцю 9 Мая, падчас святкавання ў раёне 30-годдзя Вялікай Перамогі. Яго імя носіць адна з вуліц нашага райцэнтра.

На ўскрайку горада, у канцы вуліцы Шымко, на месцы таго бою (развілка дарог на Стоўбцы і Сейлавічы) устаноўлены памятны знак і гармата.
У 2017 г. супрацоўнікі Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея зрабілі запыт у Харкаўскі гістарычны музей. І калегі даслалі ў Нясвіж копіі некаторых дакументаў, якія датычаць лёсу нашага героя.

Сярод іх — пісьмо Маршала Савецкага Саюза Г.К. Жукава ад 17 верасня 1944 г. камандзіру ўзвода 1318 знішчальнага процітанкавага артылерыйскага палка лейтэнанту М.П. Лешчанку. Намеснік Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Чырвонай Арміі і Ваенна-Марскога Флоту паведамляў, што пасылае ад Камітэта Абароны падарунак — гадзіннік “Ланжын” — за праяўленыя мужнасць і гераізм у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і за дасягнутыя пры гэтым поспехі.

28-м верасня 1944 г. датуецца паведамленне Лешчанку аб прысваенні яму высокага звання:
“Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета Саюза ССР ад 25 верасня 1944 г. за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым адвагу і геройства Вам прысвоена званне “Герой Савецкага Саюза” з уручэннем ордэна Леніна і медаля “Залатая Зорка”.
Віншую Вас з высокай урадавай узнагародай і жадаю далейшых поспехаў у барацьбе з нямецкімі захопнікамі.

Член Ваеннага Савета камандуючы артылерыяй І Беларускага фронту генерал-палкоўнік артылерыі Казакоў”.

2 кастрычніка 1944 г. камандзір вайсковай часці п/п 32060 маёр Гаўрыкаў і яго намеснік маёр Ячменаў накіравалі пісьмо маме Героя Савецкага Саюза Мікалая Лешчанкі Наталлі Фёдараўне. У ім — пра няроўны бой пад Нясвіжам савецкіх артылерыстаў пад камандаваннем яе сына з нямецкімі танкамі, пра яго самаадданы ўчынак. І падзяка за выхаванне такога мужнага, умелага і дастойнага сына нашай Радзімы.

Гэтыя копіі дакументаў, а таксама некалькі нясвіжскіх фотаздымкаў — вось тая каштоўнасць, якой мы зараз валодаем. І яшчэ ёсць наша памяць. І вялікая, бязмерная ўдзяч- насць. За Перамогу.

Падрыхтавала Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,
заслужаны журналіст
Беларускага саюза журналістаў.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!