Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 14 °C

Шчыра любіць тое, чаму адданая

Нясвіжскія навіны 1 год назад 0 0

Добразычлівасць і гасціннасць Людмілы Купрык — аператара машыннага даення МТФ “Дольны Сноў” СВК “Агракамбінат Сноў” адчуваецца з парога.
Размова з гераіняй аповеду — лепшай у сваёй справе сярод іншых — адбылася ў яе дома, у перапынку паміж дойкамі.

Людміла Мікалаеўна працуе на прадпрыемстве юбілейны — 35-ы год. Сваю гісторыю расказвае проста: па нацыянальнасці — беларуска, аднак нара- дзілася ў Расіі, а затым ужо замужняй жанчынай з бацькамі прыехала сюды, у Сноў, па прапанове родных.



— Яны запрашалі пераехаць, казалі, што тут калгас добры, можна хораша ўладкавацца і будаваць дастойнае жыццё. Маўляў, тут не пакрыўдзяць. Так і сталася, — каментуе Людміла Мікалаеўна.

Спачатку маладой дзяўчыне прапанавалі пайсці даяркай, але яна адмовілася — не пусціў страх перад такімі магутнымі жывёламі. Тады Людмілу Мікалаеўну ўзялі на свінакомплекс, працы на якім яна аддала больш за дзесяць гадоў: спачатку аператарам на дарошчванні, а потым перавялі на апарос. І трэба адзначыць, там ёй вельмі падабалася.
— Усё ж вельмі адказна і трапятліва працаваць са свінаматкамі, — успамінае гераіня. — Як-ніяк, а разумееш, што дапамагаеш з’явіцца на свет новаму жыццю. І з малымі парасяткамі важдаешся, як з сапраўднымі немаўляткамі.

У 2000-х Людміла Мікалаеўна перайшла на МТФ “Дольны Сноў” — і таксама са шчырасцю расказвае аб працы там.

— Мы з маёй напарніцай — Жаннай Мікалаеўнай Гаргун — аднаго ўзросту, таму ў нас адны і тыя ж погляды, інтарэсы, думкі. Нам з ёю працаваць проста і ніколі не сумна. Мы разумеем адна другую і на рабоце, і па-за яе межамі. Ходзім па зменах. У абароце ў нас на цяперашні час 445 галоў. У сярэднім працэс дойкі займае ад 3-х да 4-х гадзін. Атрымліваем прыблізна 30 літраў у дзень на карову. Спраўляемся і тэмпаў зніжаць не збіраемся, — усміхаецца мая суразмоўца.

Цікава, але па адукацыі Людміла Мікалаеўна — швачка. Гаворыць, што справы той і да гэтага моманту не кідае, пастаянна практыкуецца: то з дамашняга тэкстылю нешта трэба абнавіць, то ўнукам што-небудзь пашыць ці падлатаць. Але і на гэтым рукадзелле не заканчваецца. Сцены пакоя, у якім гаспадыня мяне прымала, аздобленыя ўласна вышытымі бісерам іконамі. Людміла Мікалаеўна тлумачыць такі запал да бісерапляцення дзіцячымі захапленнямі. Некалі малую Людмілку бабуля навучыла вышываць крыжыкам, а затым, праз шмат гадоў, ужо дарослая жанчына прымяніла падобную тэхніку з бісерам.

На мае віншаванні з тым, што трапіла ў лік лепшых, Людміла Мікалаеўна кажа наступнае:

— Тое, што мяне выдзяляюць — прыемна, зразумела. Але ж мы ўсе роўныя. Мы робім адну і тую ж работу. І працуем на агульны вынік. Тут нельга сказаць, што нехта ўкладваецца больш, а нехта менш. Абсалютна кожная з нашых аператараў — добрасумленны працаўнік і стараецца як мага якасней зрабіць тое, што ад яго патрабуюць. І я думаю, па выніках нашай фермы і прадпрыемства ў цэлым гэта відавочна.

Дар’я ПІВАВАРСКАЯ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!